З 1 кастрычніка ў нашай краіне ўступаюць у сілу новыя правілы аплаты жыллёва-камунальных паслуг, павялічваюцца нормы расходаў на харчаванне дзяцей у школах і дашкольных установах, спрашчаецца працэдура вяртання памылковых плацяжоў праз сістэму АРІП. Расказваем пра галоўныя навацыі, якія чакаюць з пачаткам другога асенняга месяца.
Ільготы на электрычнасць для дачнікаў
Ільготнікі (інваліды вайны, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, інваліды І і ІІ груп і інш.) змогуць прымяняць свае прэферэнцыі па аплаце электраэнергіі не толькі па месцы пастаяннага жыхарства, але і па месцы фактычнага знаходжання — пражываючы летам на дачы, пры ўмове рэгістрацыі ў садаводчым таварыстве ці дачным кааператыве.
Спрашчаюцца пераразлікі і падзел рахункаў
З кастрычніка па афармленне льготы або пераразлік можа звярнуцца не толькі сам ільготнік або той, хто часова з’язджаў з кватэры, але і ўласнік, наймальнік жылля — той, хто фактычна аплачвае «камуналку». Тэрмін звароту па пераразлік (напрыклад, пры працяглым ад’ездзе) павялічваецца з 7 да 30 дзён.
Змяненні закранаюць перыяды, за якія робяцца пераразлікі: пры затрымцы звестак ад выканаўцы паслуг «дабор» платы магчымы максімум за 3 месяцы, вяртанне пераплаты — за 3 гады. Пры выяўленні безуліковага спажывання тэрмін пераразліку скароцяць з 3 гадоў да 1 года.
Падзяліць асабісты рахунак у кватэры, якая знаходзіцца ў долевай уласнасці, стане прасцей: з кастрычніка для гэтага патрабуецца згода толькі ўласнікаў доляў, а не ўсіх паўналетніх, якія пражываюць.
Атрымліваць квітанцыі на аплату можна будзе толькі ў адным фармаце: або папяровым, або электронным. Раней дапускалася адначасовае рассыланне ў двух відах.
Вырастуць нормы расходаў на харчаванне
З пачатку кастрычніка ў нашай краіне павялічацца нормы расходаў на харчаванне дзяцей у школах і дашкольных установах.
Выдаткі для школьнікаў
Ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў з трохразовым харчаваннем вырастуць — да 4,81 рубля (+23 капейкі);
Ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў — да 5,67 рубля (+27 капеек).
Выдаткі для наведвальнікаў дзіцячых садкоў ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў
З 10,5-гадзінным знаходжаннем — 4,95 рубля (+24 капейкі);
З 12-гадзінным знаходжаннем — 6 рублёў (+29 капеек).
Аблягчаецца вяртанне плацяжоў праз АРІП
Спрашчаецца працэдура вяртання памылковых плацяжоў праз сістэму АРІП. З’явіцца магчымасць вярнуць грошы не толькі на рахунак, з якога быў здзейснены плацеж, але і на любы іншы рахунак па выбары плацельшчыка.
Павышаныя тарыфы для незанятых у эканоміцы
З 1 кастрычніка мяняецца парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія з’яўляюцца ўласнікамі жылля. Раней павышаныя тарыфы прымяняліся толькі да долі плошчы, якая прыпадае на аднаго чалавека. Цяпер эканамічна абгрунтаваныя тарыфы будуць налічвацца на ўсю плошчу і на ўсе кватэры, якія знаходзяцца ва ўласнасці незанятага ў эканоміцы, незалежна ад колькасці прапісаных там людзей.
Ацэнка ўрону пры ДТЗ
З 15 кастрычніка пачынаюць дзейнічаць новыя правілы вызначэння памеру шкоды, прычыненай аўтамабілю ў ДТЗ. Беларускае бюро па транспартным страхаванні зацвердзіла новыя крытэрыі ацэнкі пашкоджанняў аўтамабіля, уключаючы стан дэталяў, прабег, знос і кошт рамонту. Таксама рэгламентаваны правілы фотаздымкі і метады ацэнкі кошту пашкоджанага аўто.
Паляванне на рысь і капытных жывёл
Пасля амаль 40-гадовай забароны ў Беларусі з 1 кастрычніка 2025 года да 31 студзеня 2026 года дазволена паляванне на рысь. Гэта звязана з ростам папуляцыі жывёлы ў асобных рэгіёнах. Паляванне будзе дазволена ў абмежаванай колькасці раёнаў Віцебскай (15 раёнаў), Гомельскай (14), Гродзенскай (2) і Мінскай абласцей (8). Акрамя таго, з 1 кастрычніка ў Беларусі стартуе загоннае паляванне на капытных жывёл. Яно працягнецца да 31 снежня гэтага года.
Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА