Top.Mail.Ru

Што мяняецца з 1 лістапада?

З 1 лістапада ў Беларусі павялічваюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Гэта чацвёрты пераразлік сёлета. У сувязі з ростам БПМ павялічваюцца памеры дзярждапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Павысяцца таксама «ўзроставыя» даплаты да пенсій. Узрастуць і субсідыі на сваю справу. Што яшчэ мяняецца з 1 лістапада?


Павялічваецца БПМ

З 1 лістапада ў Беларусі павялічваюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на перыяд з 1 лістапада 2025 года па 31 студзеня 2026 года зацверджаны новыя памеры БПМ у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах.

БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 491,09 рубля. Гэта на 0,7 % вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічае з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2025 года. Памер БПМ для працаздольнага насельніцтва складае 524,97 рубля, для пенсіянераў — 357,28 рубля, для дзяцей да 3 гадоў — 305,86 рубля, для дзяцей ад трох да шасці гадоў — 414,39 рубля, а для дзяцей ад шасці да 18 гадоў — 479,59 рубля.

Гэта чацвёрты пераразлік БПМ сёлета. З пачатку года адпаведны нарматыў павялічыўся на 12,2 %. Пры гэтым узровень інфляцыі за 9 месяцаў 2025 года склаў 5,8 %. Гэта азначае, што пакупніцкая здольнасць людзей, чые даходы прывязаны да БПМ, не проста захавалася, а вырасла.

Вырастуць выплаты на дзяцей

У сувязі з ростам БПМ з 1 лістапада на 0,7 % павялічваюцца памеры дзярждапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 10 БПМ, або 4910,90 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 6875,26 рубля.

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 100 % БПМ, або 491,09 рубля. Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складзе 50 % БПМ, або 245,55 рубля. Акрамя таго, павялічылася штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў. Так, на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), сума дапамогі складзе 50 % БПМ, або 245,55 рубля. На дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, — 70 % БПМ, або 343,76 рубля.

Змяніўся і памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Пры наяўнасці І і ІІ ступеней страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенямі страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў дапамога будзе складаць 100 % БПМ, або 491,09 рубля. З ІІІ і ІV ступенямі страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў — 120 % БПМ, або 589,31 рубля. Памер выплаты на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складзе 70 % БПМ, або 343,76 рубля. Дапамогамі, якія вылічаюцца з БПМ, у краіне ахоплена 159,4 тысячы дзяцей.

Добрыя навіны для пенсіянераў

Павысяцца «ўзроставыя» даплаты да пенсій. Памер гэтых выплат складзе для людзей ва ўзросце 75–79 гадоў 92,08 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці І групы — 214,85 рубля. Для людзей 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 184,16 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці І групы — 245,54 рубля. «Узроставыя» даплаты да пенсій атрымліваюць больш як 556 тысяч чалавек ад 75 гадоў і старэйшых. Чакаецца, што расходы на іх сёлета складуць 870 мільёнаў рублёў.

Капітал на сваю справу

Памер субсідыі ў горадзе да 31 студзеня 2026 года будзе складаць 11 БПМ, або 5401,99 рубля. У малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах яе памер складзе 15 БПМ. Да 31 студзеня 2026 года гэта будзе 7366,35 рубля. Пры арганізацыі беспрацоўнымі прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, памер субсідыі складзе 20 БПМ, або 9821,8 рубля.

Нагадаем, субсідыю могуць атрымаць людзі, старэйшыя за 18 гадоў, зарэгістраваныя як беспрацоўныя ў службе занятасці. Неабходна напісаць заяву ў службу занятасці і прадставіць бізнес-план, у гэтым могуць дапамагчы спецыялісты.

Новыя памеры адраснай сацыяльнай дапамогі

Такая дапамога ўключае чатыры сацвыплаты. Так, штомесячная сацыяльная дапамога для сем’яў прадстаўляецца пры ўмове, калі сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці. З 1 лістапада яго памер складзе 491,09 рубля. Шматдзетным сем’ям такая дапамога назначаецца, калі сярэднедушавы даход не больш як 1,15 велічыні крытэрыю патрэбнасці. З 1 лістапада гэта 564,75 рубля. Яшчэ адна выплата — аднаразовая сацыяльная дапамога. Яна выплачваецца, калі чалавек апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пры ўмове, што сярэднедушавы даход не больш за 1,5 велічыні крытэрыю патрэбнасці. З 1 лістапада гэта 736,64 рубля.

Сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё прадметаў гігіены прадстаўляецца незалежна ад велічыні даходу сям’і дзецям-інвалідам, якія маюць ІV ступень страты здароўя, і інвалідам І групы. Яе даюць на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб патрэбнасці ў прадметах гігіены пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць расходы на іх набыццё.

Акрамя таго, прадугледжана забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця ў сем’ях, дзе даход ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці (491,09 рубля — з 1 лістапада), а таксама пры нараджэнні двайнят і больш дзяцей адначасова — незалежна ад узроўню даходу.

Падатковы «дэдлайн»

Да 17 лістапада грамадзянам Беларусі неабходна заплаціць тры маёмасныя падаткі: транспартны, зямельны і на нерухомасць. Апавяшчэнні з указаннем агульнай сумы падаткаў павінны былі даставіць па пошце да 1 кастрычніка.

Усе ўладальнікі кватэр абавязаны выплачваць падатак на нерухомасць. Яго сума разлічваецца на аснове разліковага кошту квадратнага метра, устаноўленага ў Падатковым кодэксе, плошчы кватэры і падатковай стаўкі. Для фізічных асоб стаўка складае 0,1 %. Ад выплаты падатку на нерухомую маёмасць вызваляюцца пенсіянеры, інваліды І і ІІ груп, а таксама члены шматдзетных сем’яў, але толькі адносна адной кватэры.

У адпаведнасці з заканадаўствам тэрмін выплаты падаткаў устаноўлены не пазней за 15 лістапада. Аднак, паколькі сёлета гэта дата прыпадае на суботу, тэрмін выплаты пераносіцца на першы працоўны дзень, гэта значыць, на 17 лістапада.

Ліміты на зняцце наяўных

З 24 лістапада Беларусбанк уводзіць ліміты на зняцце наяўных грошай бескантактным спосабам. У банкаматах і касах сутачны ліміт зняцця наяўных складзе 600 рублёў для картак «Бархат» і 1000 рублёў для іншых картак банка. Пры гэтым аперацыі па-за тэрыторыяй Беларусі будуць поўнасцю забаронены. Гэта мера накіравана на барацьбу з махлярствам. З 1 лістапада Беларусбанк таксама адмяняе камісію за пераводы паміж картамі.

Новыя правілы крэдытавання

З 1 лістапада ўступяць у сілу новыя нормы Закона «Аб спажывецкім крэдыце і мікрапазыцы». Згодна з імі, крэдытную дамову можна будзе заключыць не раней, чым на наступны дзень пасля падачы заяўкі. Выдача грашовых сродкаў таксама будзе ажыццяўляцца не раней, чым на наступны працоўны дзень пасля падпісання дамовы. Акрамя таго, банкі будуць абавязаны інфармаваць пазычальнікаў аб рызыках махлярства і правяраць актыўнасць крэдытных запытаў кліентаў за апошні тыдзень.

Разлічыцца карткай у маршрутцы

З 1 лістапада ва ўсіх гарадскіх маршрутках стане даступна аплата праезду банкаўскай карткай. Абавязак выкарыстання тэрміналаў для безнаяўных разлікаў устаноўлены адпаведнай пастановай урада і Нацбанка для юрыдычных асоб. Пры гэтым захаваецца магчымасць аплаты праезду наяўнымі.

Пачым агародніна і яблыкі?

З 15 лістапада МАРГ уводзіць гранічныя рознічныя цэны на агародніну і яблыкі па дзяржзаказу. Кілаграм бульбы не павінен каштаваць даражэй за 1,07 рубля, капусты — 1,62 рубля, морквы — 1,35 рубля, буракоў — 1,17 рубля, рэпчатай цыбулі — 1,68 рубля, а кілаграм яблыкаў — 4,8 рубля.

Вялікія выхадныя і канікулы

У лістападзе беларусаў парадуюць доўгія выхадныя. Адпачываць будзем з 7 да 9 лістапада ўключна, з пятніцы да нядзелі. Прычына — дзяржаўнае свята, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое прыпадае на пятніцу, што забяспечвае павялічаны перыяд адпачынку. Пераносаў не прадугледжана, таму і адпрацоўваць не спатрэбіцца. Беларускіх школьнікаў таксама чакаюць восеньскія канікулы, якія прадоўжацца 8 дзён, з 2 да 9 лістапада ўключна.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: «Узроставыя» даплаты да пенсій павялічацца з 1 лістапада ў Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю