З 1 мая ў Беларусі ўступаюць у сілу змяненні, якія закранаюць бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ), «узроставыя» даплаты да пенсій, шэраг дапамог для сем’яў з дзецьмі, дапамогі па доглядзе інвалідаў 1 групы і асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі. Новыя памеры выплат будуць дзейнічаць да 31 ліпеня 2026 года. Акрамя таго, сярод добрых навін — «дачныя» скідкі на электрычкі для пенсіянераў, выплаты ветэранам да Дня Перамогі і вялікія выхадныя — для ўсіх працуючых.
Новыя памеры БПМ
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва павялічыцца на 2,5 % у параўнанні з паказчыкам, устаноўленым з 1 лютага 2026 года, і складзе 509,62 рубля. Гэта другі яго пераразлік у бягучым годзе. Па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах зацверджаны наступныя памеры БПМ (у беларускіх рублях): працаздольнае насельніцтва — 554,40 (раней — 534,91); пенсіянеры — 366,59 (раней — 360,75); дзеці ва ўзросце да трох гадоў — 314,10 (раней — 308,10); дзеці ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 422,66 (раней — 414,55); дзеці ва ўзросце ад шасці да васемнаццаці гадоў — 497,66 (раней — 489,90).
Павялічваюцца «ўзроставыя» даплаты да пенсій

Выплаты атрымаюць больш за 563 тысячы чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэйшых — іх памер таксама вырасце на 2,5 %. Новыя сумы для асоб 75-79 гадоў — 95,56 рубля, пры наяўнасці інваліднасці I групы — 222,97 рубля; для асоб 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 191,12 рубля, пры наяўнасці інваліднасці I групы — 254,82 рубля. Чакаецца, што выдаткі на «ўзроставыя даплаты» ў 2026 годзе складуць каля 980 млн рублёў.
Павысяцца дапамогі сем’ям з дзецьмі
Яны таксама вырастуць на 2,5 %. Дапамогі у сувязі з нараджэннем дзіцяці пры нараджэнні першынца складуць 10 БПМ, або 5 096,20 рубля; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 7 134,68 рубля. Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, — 100 % БПМ, або 509,62 рубля.

Павялічацца і штомесячныя выплаты. Дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3 гадоў складзе 50 % БПМ, або 254,81 рубля. Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў будзе наступнай: на дзяцей, старэйшых за 3 гады (акрамя дзіцяці-інваліда) — 50 % БПМ, або 254,81 рубля; на дзіця-інваліда старэйшага за 3 гады — 70 % БПМ, або 356,73 рубля. Дапамога па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў з I і II ступенню страты здароўя да 18 гадоў і з III і IV ступенню да 3 гадоў — 100 % БПМ, або 509,62 рубля; з III і IV ступенню страты здароўя пасля 3 гадоў — 120 % БПМ, або 611,54 рубля. Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складзе 70 % БПМ, або 356,73 рубля.
Усяго дапамогамі, якія вылічаюцца з БПМ, у краіне ахоплена больш за 154 тысячы дзяцей.
Вялікія выхадныя
Сёлета 1 мая (Дзень працы) выпадае на пятніцу, а значыць у беларусаў будуць яшчэ адны доўгія выхадныя. Для большасці грамадзян непрацоўнымі будуць 1 мая (пятніца), 2 мая (субота) і 3 мая (нядзеля).
Змены ў рабоце рыэлтараў
З 16 мая ў Беларусі набудзе моц закон «Аб рыэлтарскай дзейнасці», які, акрамя іншага, прадугледжвае скасаванне пасады агента па нерухомасці ў нашай краіне. Каб працягнуць займацца рыэлтарскай дзейнасцю, яны абавязаны прайсці адмысловую атэстацыю, у адваротным выпадку іх чакае звальненне. Акрамя гэтага, пастановай урада, якая таксама пачне дзейнічаць з 16 мая, зменены гранічныя максімальныя тарыфы на рыэлтарскія паслугі. Для аб’ектаў коштам да 4,2 тысячы базавых адзіны тарыфны паталок у 3 % замянілі на шматступеньчатую сістэму, дзе памер тарыфу (ад 3 % да 6 %) залежыць ад кошту нерухомасці. Для аб’ектаў з ацэнкай звыш 12,4 тысячы базавых велічынь ранейшую шматступеньчатую сетку (ад 1,5 % да 1 %) адмянілі, увёўшы замест яе адзіны тарыф у памеры 1,5 %.
Ветэраны атрымаюць матдапамогу
Кожны год да 9 Мая ўрад вызначае памер выплат для ветэранаў. Сёлета 5 тысяч рублёў атрымаюць інваліды і ўдзельнікі ВАВ, а таксама тыя, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года; 2,5 тысячы рублёў — грамадзяне, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за працу ў тыле, якія працавалі на аб’ектах СПА, будавалі абаронныя збудаванні, працавалі ў блакадным Ленінградзе і ўзнагароджаныя адпаведнымі знакамі; 1,5 тысячы рублёў — члены сем’яў загінулых ваеннаслужачых і партызан, былыя вязні канцлагераў, інваліды з дзяцінства, пацярпелыя ад ваенных дзеянняў. Матэрыяльную дапамогу можна будзе атрымаць з 4 па 8 мая.
Маркіроўка сокаў і газіроўкі
Да 1 мая ў Беларусі дзейнічае адтэрміноўка для маркіроўкі безалкагольных напіткаў і сокаў сродкамі ідэнтыфікацыі. Пасля гэтай даты яна стане абавязковай: на ўсіх бутэльках і ўпакоўках павінны будуць з’явіцца спецыяльныя коды. Пры гэтым вырашана адмяніць абавязак па маркіроўцы астаткаў такой прадукцыі, каб прадухіліць магчымыя збоі ў задавальненні спажывецкага попыту.
Барацьба з затрымкамі заробкаў
У сярэдзіне мая ў Беларусі набудуць моц палажэнні ўказа № 45 «Аб забеспячэнні выплаты заработнай платы і ўзнагароджанняў», які быў падпісаны яшчэ ў лютым. Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы атрымае права выносіць абавязковыя для выканання патрабаванні аб устараненні парушэнняў пры нявыплаце або няпоўнай выплаты ў тэрмін не толькі зарплаты, але і ўзнагароджанняў па грамадзянска-прававых дагаворах. Дакумент таксама прадугледжвае павелічэнне памеру пазачарговых плацяжоў, якія ўтрымліваюцца з наймальнікаў у лік пагашэння запазычанасці па выплаце зарплаты, з 1,5 да 3 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
«Дачныя» скідкі на электрычкі

З 1 мая ў краіне ўступіць у сілу традыцыйная льгота на праезд у прыгарадных электрычках на перыяд сельскагаспадарчых работ. Скарыстацца скідкамі змогуць пенсіянеры (мужчыны з 63 гадоў, жанчыны з 58 гадоў). Яны змогуць набываць білеты на электрычкі рэгіянальных ліній эканомкласа са скідкай 50 % — для гэтага ў касе трэба паказаць арыгінал пенсіённага пасведчання.
Новаўвядзенні ў сталічным транспарце
З 1 мая ў гарадскім грамадскім транспарце Мінска стануць актыўнымі кнопкі адраснага адкрыцця дзвярэй — сістэма запрацуе ў тэставым рэжыме. Пасажыры змогуць самастойна адчыняць дзверы для ўваходу ў салон або выхаду з яго, а падчас руху сістэма будзе блакіравацца. Мінсктранс заявіў, што новаўвядзенне дазволіць дадаткова захоўваць цяпло ў салоне зімой і прахалоду ўлетку.
Алена КРАВЕЦ