Top.Mail.Ru

Што мяняецца з 1 сакавіка

З першага дня вясны ў Беларусі ўступае ў сілу цэлы шэраг змяненняў, якія закрануць практычна ўсе сферы жыцця: ад плацяжоў за камуналку да новых правіл рэгістрацыі маёмасці. Расказваем, што мяняецца з 1 сакавіка.


Тарыфы на ЖКП

Звычайна тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі пераглядаюць з 1 студзеня, але сёлета, дзякуючы рашэнню Прэзідэнта краіны, павышэнне перанесена на 1 сакавіка. Гэта звязана з марозным надвор’ем, якое ставіла мінусавыя рэкорды ў студзені. Паводле папярэдніх ацэнак, у студзені гэтага года людзі выдаткавалі прыкладна на 45 % больш цяпла, электрычнасці і газу, чым у снежні 2025-га. Таму і плацежкі за камуналку ў гэтыя месяцы пацяжэлі б істотна.

Нагадаем: плацяжы за ЖКП павінны вырасці ў межах 0,5 базавай велічыні — на 22,5 рубля ў разліку на сям’ю з трох чалавек, якія пражываюць у двухпакаёвай кватэры плошчай 48 квадратных метраў пры нарматыўным спажыванні паслуг. Павышэнне плануецца ў два этапы: з сакавіка — на ўсе паслугі, акрамя ацяплення і гарачай вады (на 19,37 рубля), з чэрвеня — на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне (яшчэ на 3,13 рубля).

Узносы ў ФСАН і падаходны падатак

Да 31 сакавіка ІП трэба заплаціць узносы ў бюджэт ФСАН за мінулы год. Суму да выплаты можна даведацца ў асабістым кабінеце плацельшчыка або праз АРІП. Плацельшчыкі падатку на прафесійны даход могуць добраахвотна даплаціць узносы за 2025 год, каб сфарміраваць пенсіённы стаж. ФСАН разлічвае неабходную суму — 29 % ад 12 мінімальных зарплат мінус ужо выплачаныя ўзносы.

Зрабіць справаздачу перад падатковай, падаўшы дэкларацыю да 31 сакавіка, давядзецца, калі вы атрымалі даход за мяжой або з-за мяжы; прадалі кватэру, машыну ці іншую маёмасць на працягу года; атрымалі буйныя падарункі не ад блізкіх сваякоў; з’яўляецеся ІП за мяжой і атрымліваеце там даход ад бізнесу. Падаць дэкларацыю можна некалькімі спосабамі: анлайн праз асабісты кабінет на сайце Міністэрства па падатках і зборах, па пошце ці асабіста ў любой падатковай. Яшчэ адзін варыянт — праз упаўнаважанага прадстаўніка або падатковага кансультанта.

Змены ў рэгістрацыі маёмасці

З 1 сакавіка ў Беларусі змяняецца механізм рэгістрацыі маёмасці: па ўсёй краіне, а не толькі ў Мінскай вобласці, як гэта было раней, уводзіцца экстэрытарыяльны прынцып. Цяпер падаць заяву і дакументы беларусы змогуць у любой тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржрэгістрацыі, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца сам аб’ект нерухомасці.

Тавараў, якія адсочваюць, стане больш

Бізнесу трэба быць гатовым да таго, што з 1 сакавіка ў Беларусі ўзмоцняць кантроль за абарачэннем шэрагу тавараў. Калі раней сістэма нагляду датычылася толькі халадзільнікаў і шын, цяпер у спіс дадаюць папулярную бытавую тэхніку: пральныя і пасудамыечныя машыны, мультываркі, мікрахвалеўкі, тэлевізары, пыласосы, прасы, электрачайнікі, дрэлі, фены.

Групы для дзяцей да двух гадоў

Ужо ў першы вясновы дзень па ўсёй Беларусі ў кожным раёне ў дзіцячых садках з’явяцца групы для малых ва ўзросце да 2 гадоў. У Міністэрстве адукацыі правялі аналіз, які і паказаў, што попыт на такія групы ў бацькоў ёсць. Для дзяцей да двух гадоў могуць стварацца і адпаведныя групы. Апроч гэтага, яны могуць быць накіраваны і ў групы з рознаўзроставым саставам.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю