Top.Mail.Ru

Што наша жыццё? — Прафесія! У тым ліку

Паказ балета «Ганна Карэніна» 5 лютага чакаецца святочным, нават урачыстым: гэта першы вечар-прысвячэнне з трох запланаваных у рамках праекта ў бягучым сезоне. Выбар гераіні, якая распачынае цыкл бенефісаў, — сімвалічны.


Народная артыстка Беларусі прыма-балерына Ірына Яромкіна здолела зрабіць неверагоднае — вярнулася на сцэну пасля цяжкай траўмы. Гледачы перажывалі: ці пабачаць яшчэ артыстку, якая аддала гэтаму тэатру больш за 20 гадоў, паступіўшы на працу ў 1997 годзе, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа.

Яна стала сапраўды народнай любіміцай дзякуючы стараннасці і імкненню да дасканаласці. Калі казаць пра якасць у балеце, то яна дасягаецца шмат у чым дзякуючы артыстам, бо спектакль можа быць пастаўлены таленавіта, але падкрэсліць гэта могуць салісты і выканаўцы, такія як Ірына. Нездарма ў 2019 годзе яна атрымала высокае званне «Народная артыстка Беларусі», якое замацавала пашану да яе таленту і працавітасці.

Яна працягвала танцаваць, абвяргаючы ці не ўсе звыклыя ўяўленні пра сваю прафесію. Хто вырашыў, што век балерыны нядоўгі? Калі можаш танцаваць і адпавядаеш усім патрабаванням, то чаму б не танцаваць?! Адкуль меркаванне, што балерыне даводзіцца выбіраць паміж сцэнай і магчымасцю стаць маці? Гэта даўні стэрэатып, які паставілі пад сумненне шмат якія зоркі сусветнага балета. Але наша Ірына Яромкіна і тут аказалася больш паспяховай за іншых: яна стала мамай трох дзетак! Прычым не затрымлівалася ў «дэкрэце», а хутка вярталася да працы, бо былі спектаклі і партыі, дзе патрабавалася яе вытанчанасць і здольнасць стварыць глыбокі вобраз.

І гэта здольнасць у многім выпакутаваная жанчынай, якая — ну як жа інакш? — проста павінна быць шчаслівай у жыцці, на думку многіх. І хто ведае гісторыю Ірыны, няхай паспрабуе сказаць, што гэта не так, бо шчасце — мець такі чалавечы стрыжань і моцны характар, як у яе.

Варта паглядзець на яе на сцэне, каб зразумець, наколькі шматаблічным бывае шчасце. Кожная з яе гераінь марыла пра яго і мела свой вобраз шчаслівага жыцця. А ў рэпертуары Ірыны Яромкінай — больш як 40 партый. За вобраз Ганны Карэнінай у балеце, які паставіла на музыку Пятра Чайкоўскага Вольга Кастэль, артыстка была адзначана Нацыянальнай тэатральнай прэміяй Беларусі. Відаць, не ў малой ступені таму менавіта гэты балет быў выбраны для яе бенефісу.

Пра іншыя ролі Ірыны Яромкінай распавядзе фотавыстаўка ў фае тэатра, і нехта можа быць захоча паглядзець на яе ў іншых партыях. Але наведвальнікі бенефісу пасля балета «Ганна Карэніна» маюць цудоўную магчымасць атрымаць аўтограф зоркі беларускага балета, творчае жыццё якой працягваецца.

Таксама ў лютым праект «Жыццё ў прафесіі» прадставіць Людмілу Хітрову — у балеце «Рамэа і Джульета» Сяргея Пракоф’ева ў пастаноўцы народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева, і Марыну Вежнавец — у спектаклі «Ілюзіі кахання» галоўнага харэографа Вялікага тэатра Беларусі Ігара Колба, які ўзяў для пастаноўкі музыку Дзмітрыя Шастаковіча, Фрэдэрыка Шапэна і Леаніда Шырына. Беларускі балет — цікавая з’ява, якую робяць асобы, што працуюць у розных кірунках. Але адметнасць працы многіх падкрэсліваюць салісты. Прынамсі, прыгожыя, таленавітыя, а часам і самаахвярныя салісткі.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю