Конныя паходы і сплавы па рэках
Ліпень у нашай краіне прысвечаны актыўнаму турызму. Само надвор’е спрыяе пешым і велапрагулкам, конным паходам, водным падарожжам і экатурызму. Варыянты актыўнасцяў прапануюць шэраг арганізацый: ад пракату абсталявання да поўнага суправаджэння, а маршруты (усяго ў нашай краіне іх распрацавана каля 300) вам падкажуць і пакажуць у кожным заказніку ці запаведніку. Цікавасць да актыўных відаў адпачынку ў апошнія гады значна ўзрасла, у тым ліку запатрабавана ў іншаземцаў. Госці з-за мяжы, якія прыязджаюць у Беларусь, часта плануюць падарожжа, уключаючы велапрагулкі, сплавы на байдарках, прагулкі па экасцежках. У беларусаў жа гэта адзін з самых папулярных сёння відаў падарожжаў, у прыватнасці, многія адкрываюць для сябе сплавы па рэках, дзе прыцягвае не толькі навізна маршруту, але і лёгкі экстрым.
Пешы, веласіпедны ці водны?
У ліпені ў Беларусі пройдуць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя актыўнаму турызму: семінары, трэнінгі, акцыі, конкурсы. На інфармацыйным партале belarus.travel, на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме можна знайсці арганізацыі, якія прапаноўваюць пракат спортінвентару, рэалізоўваюць пешаходныя прагулкі па экасцежках, сплавы, водныя, конныя, веласіпедныя прагулкі па маршрутах, вяровачныя паркі, зіплайны, трасы для квадрацыклаў і багі і інш.
Пры гэтым кожны тыдзень ліпеня прысвечаны асобнай актыўнасці, у прыватнасці, з 7 да 13 ліпеня — пешаму турызму, з 14 да 20 ліпеня — велатурызму, з 21 да 27 ліпеня — воднаму. У рэгіёнах арганізоўваюць паходы, велапрабегі, велафестывалі, экскурсіі на веласіпедах, а таксама конкурсы і акцыі для аматараў двухколавага транспарту. Беларускія рэкі і азёры стануць пляцоўкай для байдарачных сплаваў, водных прагулак, рыбалоўных турніраў і іншых водных прыгод.
Адной з самых прыкметных падзей стане велапрабег, прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 900-годдзю Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Яго арганізуюць у Беларусі з 14 да 19 ліпеня, расказаў начальнік аддзела фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Іван МОКШЫН. Велапрабег пройдзе ў два этапы: з 14 да 17 ліпеня — па тэрыторыі Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай абласцей, з 18 да 19 ліпеня — па Мінскай вобласці і Мінску. Старт мерапрыемству будзе дадзены ў Брэсцкай крэпасці-героі, а завершыцца ў сталіцы каля храма-помніка Усіх Святых. Арганізатарамі велапрабегу выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Беларуская праваслаўная царква, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, аблвыканкамы і райвыканкамы. Велапрабег праводзіцца сярод аматараў веласіпеднага спорту ва ўзросце ад 18 гадоў
Зрэшты, з кожным годам велапрабегаў у Беларусі праводзіцца ўсё больш. У іх бяруць удзел людзі самых розных узростаў. Сёлета ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях адбудзецца па 23, у Магілёўскай і Мінску — па 21, у Брэсцкай, Гродзенскай абласцях — па 19. Удзельнікі наведваюць знакавыя для беларусаў месцы, помнікі Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ладзяцца аўтапрабегі.
Вядучы рэферэнт аддзела маркетынгу і якасці турысцкіх паслуг Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Аляксей ЗАСЦЕНЧЫК звярнуў увагу, што актыўны турызм па міжнароднай класіфікацыі можна аднесці да прыгодніцкага турызму. Сёлета Беларусь упершыню прыняла ўдзел у прэстыжным міжнародным конкурсе Best Tourіsm Vіllages — 2025, арганізаваным «ААН Турызм». Конкурс накіраваны на падтрымку і прызнанне ўнікальных сельскіх тэрыторый, якія дэманструюць прыхільнасць устойліваму развіццю турызму, захаванню культурнай спадчыны і традыцый. Беларускім удзельнікам стала вёска Пагост Жыткавіцкага раёна, дзе адрадзілі абрад «Юр’еўскі карагод», а таксама праводзяцца сплавы на байдарках.
124 паслугі ў адным месцы
Безліч варыянтаў актыўнага адпачынку прапануюць турыстам у Бярэзінскім біясферным запаведніку. Як расказаў намеснік дырэктара па турызме прыродаахоўнай установы Аляксандр ВОЛЧАК, у запаведніку прадстаўлены 124 віды турыстычных паслуг, уключаючы шэсць пешаходных маршрутаў, маршрут якіх складае ад 3 да 12 км і займае ад 2 да 6 гадзін. Можна пагуляць па запаведніку ў суправаджэнні гіда і даведацца шмат цікавага. Ёсць і папулярны экстрэмальны варыянт — 12 км па балоце.
Для аматараў велапрагулак даступны пяць маршрутаў (ад 2 гадзін да 2 дзён), сярод якіх «Сцежкамі Перамогі», створаны да 80-годдзя Перамогі. Ён праходзіць праз партызанскія месцы, у тым ліку тыя, дзе дзейнічаў шпіталь. Адноўлена адна з зямлянак. Акрамя таго, тут распрацаваны чатыры конныя маршруты (паездкі займаюць ад адной гадзіны да тыдня), а таксама сплавы на байдарках (ад аднаго да сямі дзён). Ёсць і камбінаваны маршрут, які ўключае веласіпеднае падарожжа, а затым сплаў на байдарках. Акрамя актыўнага адпачынку госці могуць наведаць лясны заапарк, музеі прыроды, міфалогіі і мёду, а таксама спыніцца ў кемпінгу, гасцінічных комплексах ці гасцявых доміках
Асаблівую ўвагу запаведнік аддае культурным падзеям. Цэнтральнае месца сярод іх займае фестываль славянскай міфалогіі «Шлях Цмока», які сёлета будзе праходзіць шосты раз 9-10 жніўня. Яго хэдлайнерам стане знакаміты гурт «Князь», а галоўная фішка — начная імерсіўная сцежка з персанажамі славянскіх міфаў. Для гасцей — палатачны лагер, пад яго адведзена значная тэрыторыя. Квіткі ўжо ў продажы.
— Бярэзінскі запаведнік сёння — не толькі ахоўная тэрыторыя, але і прастора для экалагічна ўсвядомленага, культурнага і актыўнага адпачынку, — рэзюмаваў Аляксандр Волчак.
Каляндар спаборніцтваў
І навічкі ў турысцкай справе, і тыя, для каго актыўны адпачынак крыху больш, чым проста хобі, могуць паўдзельнічаць у спаборніцтвах. Як расказала выконваючы абавязкі старшыні грамадскага аб’яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Галіна ВАШКЕВІЧ, у календары арганізацыі больш за 20 спаборніцтваў. Адно з найбольш значных — Усебеларускія турысцкія гульні, якія пройдуць сёлета ў верасні. Яшчэ адзін паспяховы праект — спартыўныя старты «Бабруйскія звязкі», якія прыцягваюць усё больш удзельнікаў. Развіваецца і такі кірунак, як спаборніцтвы па пошукава-ратавальных работах, дзе трэба прадэманстраваць веды па метадах і прыёмах выжывання, адгадаць сляды жывёл, распаліць вогнішча і інш.
Для гэтых мэт у краіне будуюцца вучэбна-трэніровачныя турыстычныя палігоны. Пакуль такіх аб’ектаў няшмат. У асноўным мерапрыемствы арганізоўваюцца на прыродзе — у лесе ці каля рэк, азёр. Нядаўна пры цэнтры турызму «Юнацтва» адкрыты турыстычны палігон, працуе турбаза, дзе ўдзельнікі могуць размясціцца. Таксама будуецца палігон у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў Мінску. Развіваецца актыўны турызм і на Аўгустоўскім канале — у Нямнове.