З першых дзён вясны ў садаводаў і дачнікаў пачынаецца гарачая пара. Неабходна падрыхтаваць участак да сяўбы: прыбраць леташнія смецце і лісце, апрацаваць глебу. Але галоўная работа пакуль у садзе, якому трэба дапамагчы выйсці з зімоўкі.
Апрацоўка дрэў
У сакавіку неабходна правесці санітарнае абразанне галінак. Да работ прыступаюць пасля стабілізацыі сярэднясутачнай тэмпературы — яна не павінна апускацца ніжэй +5 °С. Падчас абрэзкі садоўнік не толькі прыбірае хворыя і засохлыя галінкі, але і ўважліва аглядае зрэзы жывых сцёблаў: занадта цёмны колер драўніны гаворыць аб глыбокім прамярзанні расліны. Свежыя зрэзы абавязкова пакрываюць садовым варам. Такім жа чынам апрацоўваюць зламаныя галінкі, раны, дуплы і іншыя парушэнні драўняных тканін.
Пажадана таксама правесці дэзынфекцыю пашкоджанай паверхні растворам жалезнага або меднага купарвасу з канцэнтрацыяй 5 % з наступнай абкітоўкай глыбокіх адтулін і ран сумессю з цэменту, пяску і вапны (суадносіны 1:3:1). Раствор замешваюць чыстай вадой да пластычнай кансістэнцыі — гатовы матэрыял павінен добра прыліпаць да паверхні. Глыбокае дупло можна папярэдне запоўніць друзам.
Лячэнне ран на кары
Важна памятаць, што вясновую апрацоўку дрэў трэба праводзіць да пачатку руху соку. Гэта важна для абароны глыбокіх тканін ствала ад гніласных бактэрый. Раны на кары дрэва апрацоўваюць фарбай, варам на аснове пакосту або спецыяльнай пастай. Алейны састаў бяспечны для раслін і фарміруе на паверхні ўстойлівую гідрафобную плёнку. Раны менш за 2 см можна пакідаць без абкітоўкі.
Барацьба са шкоднікамі
У тоўшчы кары дрэва зімуе мноства насякомых і іх лічынак. Для знішчэння шкоднікаў дрэвы апырскваюць канцэнтраваным растворам мачавіны. Яго састаў не прычыняе шкоды раслінам, але пагібельны для насякомых. Каб прадухіліць паўторнае засяленне кары лічынкамі, можна апырскаць дрэвы растворам нітрафену. Працэдуру лепш праводзіць ранняй вясной, пакуль пупышкі закрытыя.
Яшчэ адна непрыемная з’ява на кары — гэта лішайнікі. Пазбавіцца ад іх хімічнымі сродкамі немагчыма. Неабходна спачатку ачысціць кару ад лішайніку, імкнучыся не пашкодзіць ствол. Далей апрацаваны ўчастак пакрываюць жалезным купарвасам. Зразумела, што рабіць гэта трэба да пачатку руху соку, каб не абпаліць кару растворам солі.
Апрацоўка кустоў
Падчас гэтых работ у першую чаргу выдаляюць старыя галінкі і падразаюць самі расліны. Так, кусты чорнай парэчкі неабходна падрэзаць праз 5 гадоў пасля высаджвання, а агрэст, белую і чырвоную парэчку — праз 6-8 гадоў. Такая апрацоўка спрыяе амаладжэнню галін, а куст дае больш высокі ўраджай.
Пасадкі чорнай парэчкі дадаткова правяраюць на пупышкавых кляшчоў. З галінак выдаляюць тоўстыя, уздутыя пупышкі. Калі на адной галінцы адразу некалькі кляшчоў, яе абразаюць цалкам — усе праблемныя галінкі спальваюць. Змагацца з насякомымі на агрэсце і парэчках таксама дапамагае «гарачая ванна». У першыя цёплыя дні да набракання пупышак кусты паліваюць вадой з тэмпературай 70–80 °С. Можна дадаць у ваду крыху соды — з разліку адна сталовая лыжка на 10 літраў.
У доглядзе мае патрэбу і бружмель. Густыя кусты прарэджваюць, сухія галінкі выдаляюць. Для бружмелю характэрна ранняя вегетацыя, таму работы праводзяць раней, чым з іншымі раслінамі.