Жыццё не стаіць на месцы, наадварот, — ляціць, як хуткі цягнік. І пра гэта нам з упартым занудствам нагадвае каляндар. Яшчэ ў галаве звініць лета, а ў школьнікаў на носе зноў канікулы, няхай і не такія доўгія, але ўсё ж. Спяшаецца сарваць з дрэў апошнюю вопратку лістапад. І, як водзіцца, новы месяц абавязкова прыносіць з сабой нейкія змены. А каб яны не засталі знянацку, лепш даведацца пра іх загадзя.
Павышаюцца памеры БМП
У ліку важных змяненняў — павышэнне памераў бюджэту пражытачнага мінімуму. Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 19 кастрычніка 2026 года № 88 зацверджаны памеры БПМ у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах на перыяд з 1 лістапада 2026 года па 31 студзеня 2027 года ўключна.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 535,70 рубля. Для працаздольнага насельніцтва ён складае 574,47 рубля, для пенсіянераў — 381,27 рубля, для дзяцей да 3 гадоў — 332,62 рубля, для дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 444,34 рубля, а для дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 525,44 рубля.
Прапарцыянальна росту БПМ аўтаматычна павялічваюцца асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічваюцца ад яго памеру: памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пенсій, дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, а таксама сацыяльныя пенсіі.
Гэта ўжо чацвёрты пераразлік бюджэту пражытачнага мінімуму ў 2026 годзе. З пачатку года гэты нарматыў павялічыўся на 9,1 %, пры гэтым узровень інфляцыі за 9 месяцаў склаў 3,6 %. Гэта азначае, што пакупная здольнасць людзей, чые даходы прывязаны да БПМ, не проста захавалася, а вырасла, канстатавалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Штомесячная дапамога:
- сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — 267,85 рубля (50 % БПМ);
- для асобных катэгорый сем’яў на дзяцей старэйшых за 3 гады (акрамя дзіцяці-інваліда) — 267,85 рубля (50 % БПМ);
- на дзіця-інваліда старэйшага за 3 гады — 374,99 рубля (70 % БПМ);
- па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў пры І і ІІ ступенях страты здароўя да дасягнення дзіцем 18 гадоў і пры ІІІ і ІV ступені страты здароўя да дасягнення дзіцем 3 гадоў — 535,7 рубля (100 % БПМ), а пасля дасягнення ім 3 гадоў — 642,84 рубля (120 % БПМ);
- на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, — 374,99 рубля (70 % БПМ).
Дапамогамі, якія вылічаюцца з БПМ, у Беларусі ахоплена 152,4 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Іх новыя памеры будуць дзейнічаць па 31 студзеня 2027 года ўключна.

75 плюс
У сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму непрацуючым пенсіянерам, якія перайшлі 75-гадовую рысу, павысяць «узроставыя» даплаты, якія ўваходзяць у агульную суму пенсіі.
Для людзей ва ўзросце 75–79 гадоў даплата складзе 100,45 рубля, пры наяўнасці інваліднасці І групы — 234,38 рубля. Для тых, каму 80 і больш гадоў, — 200,90 рубля з улікам надбаўкі на догляд, пры наяўнасці інваліднасці І групы — 267,86 рубля.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны падкрэслілі, што названыя сумы — памер даплат пасля пераразліку, а не сума прыбаўкі з 1 лістапада.
«Узроставыя» даплаты ў Беларусі атрымліваюць 576 тысяч чалавек, расходы на іх у 2026 годзе перавысяць 980 мільёнаў рублёў.
Клопат пра тых, хто клапоціцца
З 1 лістапада дапамога па доглядзе за пажылым чалавекам старэйшым за 80 гадоў або інвалідам І групы складзе 535,7 рубля (100 % БПМ). Калі падапечных два і больш — 642,84 рубля (120 % БПМ).
За назначэннем грашовай дапамогі можна звярнуцца ў службу «Адно акно» мясцовага органа ўлады або ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства асобы, якая патрабуе догляду.
Старт з падтрымкай
Разам з БПМ з 1 лістапада вырастуць і субсідыі ад дзяржавы на арганізацыю сваёй справы.
У горадзе памер субсідыі складзе 5892,7 рубля (11 БПМ), у малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах — 8035,5 рубля (15 БПМ).
Пры арганізацыі беспрацоўнымі прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, субсідыя складзе 10 714 рублёў (20 БПМ). Усе памеры субсідый актуальны па 31 студзеня 2027 года.
Каб прэтэндаваць на атрыманне субсідыі на арганізацыю сваёй справы, неабходна: быць зарэгістраваным як беспрацоўны ў службе занятасці насельніцтва; быць старэйшым за 18 гадоў; напісаць заяву ў службу занятасці і прадставіць бізнес-план (спецыялісты могуць дапамагчы або накіраваць на навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці).
Гранічныя цэны
З лістапада пачынаюць дзейнічаць гранічныя цэны на агародніну і яблыкі са стабілізацыйных фондаў.
Кілаграм памідораў не павінен каштаваць даражэй за 10,36 рубля, агуркоў — 9,16, яблыкаў — 4,80. Абмежаванні датычацца таксама бульбы — да 1,11 рубля, буракоў — да 1,23, морквы — да 1,41, капусты — да 1,70 і цыбулі — да 1,77. Цэны ўказаны з ПДВ, гандлёвая надбаўка не павінна перавышаць 30 %. Для агуркоў і памідораў абмежаванні ўводзяцца з 1 лістапада, для астатняй агародніны і яблыкаў — з 15 лістапада. Дзейнічаць яны будуць да канца сакавіка, красавіка або мая 2027 года ў залежнасці ад прадукту.
Не пакінуць у спакоі
З 13 лістапада пачне дзейнічаць указ, згодна з якім за кінутыя аўтамабілі будуць адказваць не толькі іх уласнікі, але і іншыя грамадзяне, якія мелі дачыненне да транспартнага сродку. У прыватнасці, гэта датычыцца тых, хто ў апошнія два гады страхаваў «закінутую» машыну, а таксама асоб, якія за год учынілі правапарушэнне супраць бяспекі руху на гэтым аўто.
Тэхагляд без паўтору
З 16 лістапада пакупнікам аўтамабіляў не давядзецца зноў праходзіць тэхагляд, калі дзеючы дазвол на допуск яшчэ не скончыўся. Гэта замацавана пастановай Савета Міністраў ад 13 мая 2026 года № 244. Галоўная ўмова — дазвол павінен заставацца дзеючым. Калі ж машына набываецца з пратэрмінаваным тэхаглядам, стандартную працэдуру дыягностыкі прайсці давядзецца.
Ягор ЧУРЫК