Top.Mail.Ru

Што новага чакае нас у кастрычніку

Восень — час, калі мяняецца не толькі надвор’е. Разам з першымі халадамі прыходзяць і новыя правілы: адны звычкі давядзецца пакінуць у мінулым, другія — уплесці ў звыклы паўсядзённы рытм. Кастрычнік падрыхтаваў некалькі такіх змен. Каб яны не засталі знянацку, варта даведацца пра іх загадзя.


Электронная чарга на граніцы: бронь будзе дзейнічаць 30 дзён

З 1 кастрычніка мяняюцца правілы работы сістэмы электроннай чаргі (СЭЧ) на мяжы. Як паведамілі ў РУП «Белмытсэрвіс», галоўная навінка — абмежаванне тэрміну дзеяння дагавора. Аплачаная бронь будзе дзейнічаць роўна 30 каляндарных дзён з моманту ўнясення плацяжу. За гэты час заказчык абавязаны альбо прадаставіць указаны пры аплаце транспартны сродак у зону чакання, альбо завяршыць анлайн-рэгістрацыю праз асабісты кабінет, альбо падаць заяву аб вяртанні грошай.

«Заяву аб вяртанні можна накіраваць на працягу 30 каляндарных дзён з моманту аплаты. Алгарытм рэгламентаваны пунктам 18 парадку рэгістрацыі», — растлумачылі на прадпрыемстве.

У шэрагу выпадкаў паслуга лічыцца аказанай, а грошы не вяртаюцца: пры заканчэнні 30-дзённага тэрміну, калі аўтамабіль прыбыў са спазненнем або не ўехаў у зону чакання своечасова, пры адмове ад паслугі пасля рэгістрацыі транспарту ў сістэме, а таксама пры яе ануляванні з-за парушэння графіка выезду. Новаўвядзенні накіраваны на барацьбу з фіктыўнымі браніраваннямі і прастоямі інфраструктуры.


З камерай напагатове 

З 5 кастрычніка ў Беларусі пачынаюць дзейнічаць новыя правілы выкарыстання відэарэгістратараў работнікамі кантрольна-рэвізорскіх службаў. Інструкцыя зацверджана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый № 43 ад 25 жніўня 2026 года. 

Галоўнае новаўвядзенне — абавязковае інфармаванне пасажыраў пра вядзенне відэа- і аўдыязапісу. Кантралёр павінен папярэдзіць аб гэтым да пачатку праверкі, а сам запіс праверкі праязных дакументаў не павінен перарывацца. 

Як гэта будзе выглядаць на практыцы? Відэакамера мацуецца на форменнай вопратцы, там жа размяшчаецца шаўрон «Вядзецца відэа- і аўдыязапіс». Пры ўваходзе ў транспарт запіс уключаецца, праверка білетаў праводзіцца толькі пры ўключаным рэжыме.

Доступ да відэа- і аўдыязапісаў дазволены толькі абмежаванаму колу ўпаўнаважаных супрацоўнікаў. Дакументам таксама ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны захоўвання такой інфармацыі і правілы яе выкарыстання — усё дзеля абароны персанальных даных пасажыраў.

Дровы можна будзе заказаць анлайн 

З 1 кастрычніка беларусы змогуць заказваць дровы праз інтэрнэт, не выязджаючы ў лясніцтва. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» паведаміў міністр лясной гаспадаркі Сяргей УЛЬДЗІНОВІЧ. 

Па яго словах, попыт на дровы прыкметна вырас: унутры краіны ўжо рэалізавана больш за 3,1 млн кубаметраў — на 200 тысяч больш, чым годам раней. «Людзі актыўна рыхтуюцца да ацяпляльнага сезона. Я думаю, гэта не мяжа», — адзначыў міністр. Праблем з набыццём дроў няма, а задача ведамства — зрабіць працэс зручнейшым. Цяпер заяўку можна аформіць анлайн. Для кантролю своечасовасці выканання будуць фарміравацца журналы, у тым ліку па пратэрмінаваных заяўках. 


Асобную ўвагу міністр удзяліў росту попыту на колатыя дровы. Каб яго задаволіць, ведамства плануе павялічыць выпуск гэтай прадукцыі, а пры неабходнасці — закупіць дадатковае абсталяванне.

Частка выдаткаў па інтэрнатах ляжа на іх жыхароў 

З 1 кастрычніка мяняецца парадак кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяржаўных інтэрнатаў. Змены прадугледжаны пастановай Савета Міністраў № 440 
ад 31 жніўня 2026 года. 

Галоўнае: крыніца аплаты цяпер залежыць ад статусу жыхара і даты засялення. Калі работнік бюджэтнай арганізацыі засяліўся да 1 кастрычніка альбо яго прафесія ўваходзіць у пералік, зацверджаны выканкамам, выдаткі пакрываюцца з мясцовага бюджэту. Для тых, хто заселіцца пазней і не патрапіць у гэты пералік, крыніцай становяцца ўласныя сродкі. Наймальнік можа дапамагчы, але толькі добраахвотна — абавязковых адлічэнняў не ўводзіцца. 

Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне (інваліды, ветэраны, сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, сіроты), выдаткі на пражыванне па-ранейшаму цалкам пакрываюцца з мясцовых бюджэтаў. 

Кампенсацыі падлягаюць уборка калідораў, кухняў і холаў, электраэнергія для асвятлення месцаў агульнага карыстання і ліфтаў, аплата працы работнікаў інтэрнатаў, абслугоўванне пажарнай і ахоўнай сігналізацыі, відэаназірання і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Стартуе масавая вакцынацыя супраць грыпу 

І хоць уздым захворвання чакаецца ў канцы студзеня — пачатку лютага, аднак не выключана, што гэта можа адбыцца раней, таму што сёлета будуць цыркуляваць новыя штамы вірусаў грыпу. Яны ўключаны ў склад вакцын, якімі будуць прышчэплівацца жыхары Беларусі, паведаміла начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН. 

Дарэчы, у сезоне 2026–2027 года штамавы склад вакцын супраць грыпу абноўлены поўнасцю — па ўсіх трох кампанентах, у адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ. 

На дадзены момант для масавай бясплатнай вакцынацыі мінчан выкарыстоўваецца расійскі прэпарат «Грыпол Плюс». Акрамя таго, ёсць магчымасць абараніць сябе і ад каранавіруснай інфекцыі — для гэтага прымяняецца «Конвасэл» (Расія). Для вакцынацыі ад грыпу прапануюцца таксама і платныя аналагі — «Ваксігрып Тэтра» (Францыя) і «Інфлювак Тэтра» (Нідэрланды). 

Па словах Іны Карабан, прайсці вакцынацыю ў першую чаргу трэба дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзецям ад 3 гадоў і дарослым з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі і людзям ва ўзросце 65 гадоў і больш — менавіта гэтыя катэгорыі часцей за ўсё трапляюць у стацыянар з постгрыпознымі пнеўманіямі. 


Рэкамендавана вакцынавацца таксама цяжарным і прадстаўнікам пэўных прафесійных груп — медыцынскім, фармацэўтычным работнікам, работнікам устаноў з кругласутачным рэжымам знаходжання і тым, хто знаходзіцца там, работнікам органаў дзяржкіравання, якія гарантуюць бяспеку і жыццядзейнасць
краіны. 

«Вакцынацыя — спецыфічны сродак прафілактыкі, накіраваны на прадухіленне ўскладненняў супраць грыпу. Яна прафілактуе не само захворванне, а менавіта ўскладненне пасля перанесенага захворвання, — падкрэсліла Іна Карабан. — Даныя штогадовага маніторынгу паказваюць, што ў стацыянары з ускладненнямі трапляюць менавіта тыя, хто не быў прышчэплены супраць грыпу».

«Белавія» пашырае маршрутную сетку

 З 21 кастрычніка аднаўляюцца рэйсы на Пхукет, з 25 кастрычніка пачынаюцца палёты ў Бангкок, а з 27-га — на Шры-Ланку (Хамбантота). Рэйсы на Пхукет будуць выконвацца па чацвяргах і нядзелях, у Бангкок — па нядзелях, на Шры-Ланку — па аўторках.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю