Top.Mail.Ru

Што новага прапануюць турыстам у Беларусі?

Якія з'явіліся новыя экскурсіі па Беларусі, расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў, паведамляе БелТА.


«Бачым рост зацікаўленасці беларусаў у падарожжах па Беларусі. Запатрабаваны практычна ўсе віды турызму, — расказаў Дзмітрый Марозаў. —Кожны год з’яўляюцца цікавыя, яркія навінкі — ад цвіцення цюльпанаў да падарожжа на бязлюдны востраў Ду, вячэрняй экскурсіі ў Навагрудку „Начная містэрыя“. Палітра абнаўляецца».

Ён нагадаў, што ў краіне кожны месяц прысвечаны аднаму з відаў турызму. У маі акцэнт — на аграэкатурызм, у чэрвені — на гісторыка-культурны турызм.

«Кожны з абласных цэнтраў становіцца моцным магнітам для турыстаў, паколькі ўсюды вядуцца вельмі сур’ёзныя работы і па рэстаўрацыі гістарычных цэнтраў, і па адкрыцці новых музеяў, экспазіцый у тых музеях, якія ўжо існуюць», — сказаў Дзмітрый Марозаў.

У прыклад ён прывёў Брэсцкую крэпасць, Стары замак у Гродне. Развіваецца інфраструктура вакол турыстычных аб’ектаў — становіцца больш кафэ, рэстаранаў, сувенірных крам.

Перспектыўны напрамак — экалагічны турызм. Брэндам Беларусі сталі прамысловы турызм, санаторна-курортнае лячэнне.

Дзмітрый Марозаў адзначыў, што ў мінулым годзе паказчыкі ў індустрыі турызму па аб’ёмах перасягнулі ўзровень дапандэмійнага 2019 года. На адпачынак прыязджаюць госці з розных краін. Геаграфія шырокая.

Большасць турыстаў прыбываюць з суседняй Расіі. Узрасла колькасць авіяцыйных рэйсаў з рэгіёнаў РФ, пашыраюцца чыгуначныя зносіны. Карыстаюцца попытам аўтобусныя туры.

Таксама Нацагенцтва па турызме актыўна прасоўвае туры ў Беларусь сярод кітайскіх турыстаў, у краінах СНД, на іншых замежных рынках.

Дзмітрый Марозаў нагадаў, што ў рэспубліцы з 2 па 8 чэрвеня пройдзе маштабная акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», закліканая папулярызаваць унутраны турызм, адкрыць беларусам і гасцям краіны ўсю разнастайнасць турыстычных магчымасцей. У мінулым годзе ў ёй прынялі ўдзел больш за 1,2 тыс. турыстычных аб’ектаў, якія наведалі больш за 60 тыс. чалавек.

Стартаваў прыём заявак на Рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «#ПазнайБеларусь». Будуць вызначаны пераможцы па трох намінацыях: «Слоган», «Плакат» і «Відэаролік».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю