Top.Mail.Ru

Што пачуем і ўбачым на «Славянскім базары ў Віцебску — 2025»?

Паводле добрай традыцыі, чарговы раз з 10 да 13 ліпеня збярэ сваіх гасцей і ўдзельнікаў ХХХІV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Ён даўно стаў сапраўдным культурным брэндам Беларусі, пра які ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Штогод культурны форум, дэвіз якога «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення», дае прастору для ўзмацнення міжнацыянальнага сяброўства, служыць сапраўдным ідэалам духоўнасці і дабра. На яго пляцоўках адкрываюцца новыя імёны ў самых розных кірунках мастацтва. Сёлета на фестывалі ў горадзе над Дзвіной чакаюць больш як 30 краін-удзельніц, рыхтуюцца дзясяткі адметных выставак, канцэртных праграм, каб зноў падарыць гасцям маштабнага мерапрыемства прыгожае свята, яркія эмоцыі і незабыўныя ўражанні. Пра апошнія навіны падрыхтоўкі да форуму, новаўвядзенні і доўгачаканыя сустрэчы распавялі арганізатары і ў.дзельнікі праекта.


Нотка садружнасці

— Гэтае свята чакаюць, каб акунуцца ва ўнікальную атмасферу Віцебска, сустрэцца з любімымі артыстамі, з сябрамі, якіх знаходзяць на фестывалі, і атрымаць яркія эмоцыі. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць з 10 да 13 ліпеня, але Міжнародны дзіцячы музычны конкурс у нас стартуе 8 ліпеня. У ім плануецца ўдзел 14 юных вакалістаў з розных краін свету. Конкурс пройдзе ў фармаце тэатралізаванага шоу, у суправаджэнні яркіх харэаграфічных калектываў Віцебска і вобласці. У першы дзень канкурсанты выканаюць песню-саўндтрэк з папулярнага мультфільма (новаўвядзенне ў праграме творчага спаборніцтва). У другі конкурсны дзень удзельнікі будуць выконваць «Славянскі хіт» у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна Адамовіч. — Адзначу, што ўпершыню ў рамках гэтага конкурсу будзе ўручацца Спецыяльная прэмія ад Выканаўчага камітэта СНД пад назвай «Крыштальная нотка садружнасці».

На ХХІІІ Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2025» Беларусь прадставіць падапечная Прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» Амалія Сухан. А на ХХХІV Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2025» прэзентаваць краіну сёлета даверана артыстцы «Першай медыякампаніі» Валерыі Бернатовіч. Абедзве дзяўчыны ўжо ярка заявілі пра сябе на шэрагу вакальных спаборніцтваў, але да выступленняў на «Славянскім базары» рыхтуюцца асабліва адказна.

254766-21.jpg

— Вельмі актыўна працуем. Прычым вучым дзве абсалютна новыя кампазіцыі на конкурс, што, з аднаго боку, крыху ўскладняе ўсё, але з іншага — мне асабіста дае магчымасць папрацаваць з такім музычным матэрыялам, да якога можа і не звярнулася б у звычайным жыцці, — дзеліцца Амалія Сухан. — Няспынна адточваем усе нюансы, дапрацоўваем нейкія моманты. Але мы ўжо гатовыя годна прадстаўляць нашу краіну і перамагаць.

Саюзная дзяржава запрашае

Вялікай папулярнасцю і ўвагай публікі карыстаюцца таксама шэраг традыцыйных праектаў у рамках фестывалю. Напрыклад, пад эгідай Дзён Саюзнай дзяржавы гучнай падзеяй стане гала-канцэрт «Гэта наша Перамога» ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня (ён пройдзе ў суправаджэнні прэзідэнцкіх аркестраў дзвюх краін). Акрамя гэтага, адбудзецца свята казацкай культуры «Гуляй, Паўночная сталіца» (11 ліпеня на Пушкінскай плошчы Віцебска), рыхтуецца канцэрт «Саюзная дзяржава дзецям» у Віцебскай канцэртнай зале (12 ліпеня). І завершыцца ўсё канцэртам з удзелам хору Срэценскага манастыра і архіерэйскага хору Свята-Духавага кафедральнага сабора пад назвай «Галасы нашых душ».

— Ужо 22 гады праходзяць на фестывалі Дні Саюзнай дзяржавы. І ўвесь час мы з калегамі шукаем новыя падыходы, каб не проста здзівіць гледачоў, але паказаць ім слаўныя старонкі нашай сумеснай гісторыі, — падзялілася намеснік Дзяржаўнага сакратара, член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Алена Богдан. — Летась у нас былі вельмі цікавыя мерапрыемствы, якія мы і сёлета вырашылі працягнуць — напрыклад праект «Саюзная дзяржава дзецям». Гэтым разам наведвальнікаў мерапрыемства чакае паказ сямейнага шоу-мюзікла «Летуценнікі». На яго запрошаны дзеці са шматдзетных сямей, з сацыяльных прытулкаў, а таксама дзеткі з асаблівасцямі развіцця. Мы хочам зрабіць сапраўднае свята для ўсёй сям’і. 

254844-01.jpg

Рэтрадыскатэка, спектаклі і сувеніры

Не абыдзецца сёлета і без новых праектаў. Упершыню пройдзе шэраг мерапрыемстваў на пляцоўцы Цэнтральнага спартыўнага комплексу. Там варта чакаць творчы праект для дзяцей «Зоркі TіkTok’у на Славянскім базары» з удзелам вядомых і папулярных блогераў, маладзёжных выканаўцаў і лепшых харэаграфічных калектываў. А на базе Віцебскага музычнага каледжа імя Салярцінскага будзе ўпершыню рэалізаваны новы праект «СтартАп», які, па задумцы арганізатараў, стане тэрыторыяй для падтрымкі таленавітай моладзі. Працягнуць сваю работу праекты адукацыйнага кірунку: «Тэатральная лабараторыя», «Оперная лабараторыя», а завершыцца ўсё адкрытым паказам тэатральных эцюдаў на сцэне тэатра Якуба Коласа.

Атмасферу душэўнасці, еднасці можна адчуць і наведаўшы рэтрадыскатэку «Танцпляцоўка». Гасцямі на ёй будуць Ірына Нэльсан, Маргарыта Суханкіна, беларускія гурты «Cosa Nostra», рэтра-трыа «Ружовыя ружы» і іншыя. А для аматараў тэатральнага мастацтва ў Віцебску пакажуць свае пастаноўкі як вядомыя беларускія і расійскія калектывы, так і вулічныя тэатры. Ці завітайце на фестываль народных танцаў альбо па непаўторныя сувеніры ў горад майстроў.

Завяршальным штрыхом, які падаруе гасцям сапраўдную палітру эмоцый, стане канцэрт закрыцця фестывалю. У яго рамках пройдзе і другі дзень дарослага конкурсу, дзе артысты выканаюць славянскі хіт у суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.

256078-15.jpg

— Наш фестываль самы жывы, і тое прасочваецца не толькі па эмоцыях, якія мы атрымліваем падчас наведвання выставак, канцэртаў і тэатральных пастановак. Мы ідзём у нагу з часам, але імкнёмся быць не проста моднымі, але і маральна і душэўна напоўненымі, — зазначыў генеральны дырэктар «Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі. — Будзе сёлета ў нас і 14 выставачных праектаў, прычым прысвечаны яны не толькі 80-годдзю Перамогі. Напрыклад у нас праект мастака Цэрэтэлі прэзентуе яго дачка. І гэта таксама важна, каб праз пакаленні мы праносілі памяць пра вялікіх людзей. Шмат запланавана інтэрактыўных выставачных праектаў. У рамках фэсту вулічнага мастацтва пройдзе выстаўка трэш-арт скульптуры... У праграме кожны можа знайсці сваё. Атмасфера «Славянскага базару» сапраўды непаўторная. І мы імкнёмся адпавядаць гэтай высокай планцы.

Алена ДРАПКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю