Top.Mail.Ru

Што пачытаць школьнікам усіх узростаў на канікулах: «Звязда» прапануе цікавае

«Здаюцца забаўкай загадкавыя словы, ды ўсе яны — багацце роднай мовы»

Найлепшы кампаньён у любое надвор’е — гэта, вядома, той, з кім вы на адной хвалі. І незалежна ад таго, ідзе паміж вамі размова ці вы маўчыце, самае галоўнае, каб было жаданне слухаць і чуць. Так адбываецца і з кнігамі. 

Калі мы бяром у рукі чарговую навінку, то варта добра прыгледзецца, таму што не заўсёды вокладка і змест аднолькава адпавядаюць нашым запытам. Каб вы не прапусцілі па-сапраўднаму важны экзэмпляр, знаёмім вас з новай падборкай кніг, якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда».

Непаўторныя інтанацыі

Гучаць у кнізе «Хто — Жартайка, хто — Жартай» Міколы Чарняўскага, якая выйшла ў серыі «Нацыянальная літаратурная прэмія» і сабрала на сваіх старонках прымаўкі-забаўлянкі, загадкі-пазнаванкі, цвялілкі-пацешкі — для душы, для ўсмешкі. «Свет гэтых слоў — загадак свет,\ Ды ёсць ва ўсіх такі сакрэт:\ Іх трэба ўдумліва чытаць,\ За словам слова ўзважыць.

... Здаюцца забаўкай\ Загадкавыя словы,\ Ды ўсе яны —\ Багацце роднай мовы» — такі свайго роду зварот чытач сустракае ў першым раздзеле. Але, думаю, спачатку рука наша цягнецца да кнігі і з-за яе яркай вокладкі, дзе адразу адчуваецца чароўны свет літар і слоў.

Кніга адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, аднак будзе цудоўна, калі яна стане крыніцай і для сямейнага чытання. Прыемна разам даведвацца новае, мець побач людзей, з якімі можна раздзяліць уражанні ад прачытанага. А іх, паверце, будзе шмат у кожнага, таму што нас чакаюць радасць, здзіўленне, захапленне, а дарослых — магчымасць перажыць наноў непаўторныя імгненні дзяцінства.

Вершы з акцэнтам

Для кагосьці стане не менш цікавым варыянтам для сумеснага чытання і кніга Людмілы Кебіч «Котка Вуска — беларуска». Яна таксама пазіцыяніруецца як выданне для дзетак малодшага сярэдняга школьнага ўзросту. Адметнасцю кнігі можна лічыць яшчэ тое, што напісаныя аўтарам творы захоўваюць у сабе не толькі любоў да маленькага чытача, але і маюць забаўляльна-пазнавальны характар, з гумарам і сур’ёзна выхоўваюць яго. Сабраныя ў выданні вершы ахопліваюць вялікую колькасць самых розных тэм (вобраз жанчыны, павага да мінулага, захапленне родным краем і іншае), раскрываючы якія, аўтар вучыць чытача быць уважлівым да людзей, берагчы сваю мову, памяць пра мінулае і свой род, адшукваць уласныя рэцэпты радасці і шчасця, любіць прыроду і жывых істот. «З ёю мы свабодныя,\ дужыя і годныя.\ З ёю — мы народ у свеце.\ Беражыце мову, дзеці!»

Жыццё ў мазаіцы рэалій

Зможа прасачыць уважлівы чытач, звярнуўшыся да раманаў Георгія Марчука «Цёплы дождж» і «Першыя ландышы». Абодва аўтарскія творы даюць прастору для назіранняў за шляхамі герояў, якія належаць да розных сацыяльных колаў прафесійна, адпаведна, у кожнага і ўласны жыццёвы вопыт, а таксама дылемы, праблемы і рэцэпты іх вырашэння. Разам з героямі чытачы могуць разважаць 

пра самарэалізацыю, любоў да свайго, роднага, а яшчэ пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі і тое, дзякуючы чаму ўзрастае верагоднасць не страціць у сабе чалавека. Напрыклад, у рамане «Цёплы дождж» мы знаёмімся з героямі, якія вельмі па-рознаму праяўляюць сваю сутнасць у кантэксце зменлівых жыццёвых рэалій, дзе сёння ты не запатрабаваны альбо наадварот маеш магчымасць выйсці на новы віток дабрабыту, калі важна адчуць мяжу паміж тым, каб захаваць вернасць сапраўдным каштоўнасцям ці паддацца спакусе дзейнічаць як іншыя. І ў пэўны момант галоўны герой рамана Пётр кажа фразу, якая, бадай, і можа быць арыенцірам для ўсіх нас у самыя розныя перыяды, хоць выказваецца мужчына пра творчасць: «Кожны піша тое, што падказвае яму душа і вера».

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю