Якія новыя падручнікі з’явяцца да пачатку вучэбнага года? Якія кнігі павінны прыцягнуць увагу настаўнікаў? На што варта звярнуць увагу бацькам, каб зацікавіць дзетак чытаннем? Адказы на гэтыя пытанні — ад беларускіх выдаўцоў.
— Нягледзячы на розныя крыніцы інфармацыі, вучэбная кніга з’яўляецца асноўнай крыніцай ведаў, — адзначыла Людміла Раманоўская, начальнік метадычнага цэнтра дзяржаўнай установы «Акадэмія адукацыі». — Да 2025/2026 навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтавана 28 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. З іх два новыя, а іншыя — перавыдадзеныя або паўторна выпушчаныя выданні. З 1 верасня 2025 года будуць выкарыстоўвацца два новыя вучэбныя дапаможнікі — па прадмеце «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» для 3 класа і па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 11 класа. Абодва выданні паспяхова прайшлі апрабацыю, перш чым атрымаць дазвол на ўкараненне ў масавую практыку. Пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску ў іх былі ўнесены неабходныя дапаўненні і змяненні. Удасканалена структура навучальных дапаможнікаў: змест асноўнага і дадатковага тэксту, сістэма пытанняў і заданняў. Мы працягваем работу па ўдасканаленні навігацыйнага апарату нашых вучэбных дапаможнікаў і прывядзенні яго да аднастайнасці. Гэта актуальна і для шрыфтавых выдзяленняў, каб вучням, іх бацькам і настаўнікам было зразумела, які матэрыял — асноўны для запамінання, а які — дадатковы.
Акрамя таго, перавыдадзены 6 вучэбных выданняў для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 20 вучэбных выданняў для ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для пачатковай школы падрыхтаваны «Працоўнае навучанне» (1 клас), «Руская мова» (2 клас — для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання); «Беларуская мова» (2 клас — для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання); «Чалавек і свет» (3 клас), «Матэматыка» (2 клас), «Літаратурнае чытанне» (4 клас). Для вучняў ІІ і ІІІ ступеняў падрыхтаваны наступныя выданні для 5 класа: «Руская мова», «Матэматыка», «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца», «Працоўнае навучанне. Праца па абслугоўванні», «Іспанская мова» (для тых вучняў, якія асвойваюць змест вучэбнай праграмы па гэтым прадмеце на павышаным узроўні). Для 6 класа: "Беларуская мова, "Французская мова«(павышаны ўзровень). Для 7 класа: «Нямецкая мова» (павышаны ўзровень), «Іспанская мова». Для 8 класа: «Нямецкая мова», «Руская літаратура». Для 9 класа: «Беларуская мова», «Геаметрыя», «Руская мова», «Французская мова», «Біялогія», «Хімія», «Геаграфія Беларусі». Для 11 класа — вучэбны дапаможнік па кітайскай мове.
Ва ўсе навучальныя дапаможнікі для ІІ і ІІІ ступені агульнай і сярэдняй адукацыі абавязкова ўносіцца структурны элемент, які тлумачыць, як працаваць з навучальным дапаможнікам. Гэта істотна аблягчае дзецям самастойную работу з выданнем. Дапрацавана сістэма пытанняў і заданняў, каб дзеці мелі магчымасць прымяніць атрыманыя веды і ўменні для вырашэння канкрэтных жыццёвых задач.
Пры падрыхтоўцы да перавыдання і пры распрацоўцы новых дапаможнікаў цяпер аддаецца вялікая ўвага выхаваўчаму патэнцыялу вучэбнага прадмета: праз інфармацыю аб дасягненнях Беларусі і яе культурную спадчыну. Напрыклад, ёсць задачы па матэматыцы, дзе фігуруюць назвы нашых рэк ды нават знакавых прадпрыемстваў, а пры вывучэнні хіміі можна пазнаёміцца з дасягненнямі айчыннай навукі і прадпрыемствам «Гродна Азот» і іншымі. Ёсць інфармацыя пра знаных вучоных і выдатных асоб з розных галін — у залежнасці ад профілю... І нават пра першых уладальнікаў «Знака якасці».
Традыцыйна да новага навучальнага года «Акадэмія адукацыі» сумесна з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне» рыхтуюць вучэбны дапаможнік "Беларусь — наша Радзіма". Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі Аляксандра Лукашэнкі першакласніку». Яго атрымаюць дзеці ў межах Дня ведаў.
— Гэта кніга, з якой цікава будзе вучыцца, з якой зручна будзе працаваць настаўніку пачатковых класаў, — падкрэсліла намеснік дырэктара па маркетынгу і камерцыйнай дзейнасці выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Настасся Радзікевіч: — Яна змяшчае шмат інфаграфікі і сучаснай інфармацыі, якую штогод абнаўляюць. Падручнік аздоблены прыгожымі малюнкамі і абазначэннямі. Дадатковая дапоўненая рэальнасць спрашчае працэс разумення матэрыялаў. Ёсць магчымасць нават паслухаць гімн Беларусі. Выданне будзе цікавае і бацькам.
Яшчэ адзін адметны праект выдавецтва — «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Праз праект «Зроблена ў Беларусі» звяртаюць увагу на Пяцігодку якасці, дзеля найлепшага разумення падрыхтавалі адукацыйную гульню. Сёлета шмат выданняў, прысвечаных Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, яны карыстаюцца попытам, адзначаюць у выдавецтве.
- — Цяпер гісторыя, напэўна, — адна з самых важных дысцыплін не толькі ў Беларусі, — адзначыла Анжэла Садоўская, намеснік аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь». — На жаль, на сёння гэтую гісторыю спрабуюць перапісаць. А тэма Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца ў эпіцэнтры інфармацыйнай вайны. Таму важна ўсё, што тычыцца гісторыі краіны. Наша выдавецтва ўжо на працягу многіх гадоў робіць акцэнт на тэме гісторыі для школьнікаў: на сёння выдадзена каля 100 кніг. Яны прысвечаны не толькі Вялікай Айчыннай вайне, але і Першай сусветнай. Таксама гэта кнігі наогул пра гісторыю Беларусі. Каб ведаць яе не павярхоўна, заўсёды трэба звяртацца не толькі да інфармацыі, якая змешчана ў падручніках. Любы педагог спрабуе знайсці дадатковую інфармацыю.
У выдавецтва свае прапановы для дзяцей. Але калі гаворка пра кнігі, якія трэба чытаць, што называецца, па праграме, то тут увага найперш да выдавецтва «Мастацкая літаратура». Намеснік дырэктара Віктар Шніп распавёў:
— Усе кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» — гэта кнігі беларускай літаратуры, — класічнай і сучаснай. У нас ёсць серыя «Бібліятэка пачатковай школы», сёлета ў ёй выйшла пяць кніжак. Гэта зборнікі, у якіх змешчаны вершы, проза сучасных аўтараў і класікаў, якія вывучаюцца ў школе. Ёсць школьная хрэстаматыя, якая складаецца ў адпаведнасці з праграмай па творах беларускіх і замежных пісьменнікаў. Серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» — таксама класіка, якая будзе цікавая і дзецям, і дарослым. Хацеў бы звярнуць увагу на выданне «Як сказаць па-беларуску?» — яно адрасавана тым, хто хоча засвоіць беларускія назвы самых розных прадметаў і з’яў: сутнасць слоў можна зразумець праз творы. Выданне спатрэбіцца многім, не толькі дзецям.
Такіх кніг насамрэч шмат, бо вучыцца ніколі не позна. А кажуць жа, што бацькі школьнікаў атрымліваюць сярэднюю адукацыю другі раз...
Ларыса ЦІМОШЫК