Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» (пройдзе ў Брэсце з 10 да 19 верасня) сёлета адзначае сваё 30-годдзе. І гэтая лічба знайшла сваё адлюстраванне ва ўсёй праграме форуму і ў яго дэвізе, які гучыць так: «Белая вежа — 30 гадоў разам! Залаты фонд фестывалю». Што ў афішы і дзе ўбачыць выбраныя пастаноўкі — разбіраемся разам.
Яркія ўражанні і атмасфера
У асаблівым статусе юбіляра ХХХ Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» ў гэтым годзе збярэ творчыя калектывы, прыхільнікаў тэатральнага мастацтва і, у тым ліку ганаровных гасцей, каб зноў прадэманстраваць разнастайнасць тэм, жанраў і прафесійнае майстэрства тых, хто прысвячае жыццё служэнню Мельпамене. Арганізатарамі маштабнага свята (Міністэрства культуры, Брэсцкі аблвыканкам пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаўудзельніц СНД) праведзена вялікая работа, каб стварыць непаўторную атмасферу і падарыць прысутным яркія ўражанні на працягу ўсіх фестывальных дзён.
За тры дзесяцігоддзі свайго існавання фестываль сабраў артыстаў з больш чым 60 краін і паказаў 770 спектакляў. А ў гэтым годзе ў праграме значыцца 30 пастановак, якія будуць прадстаўлены тэатральнымі трупамі з 10 краін. Калектывы з Арменіі, Азербайджана, Балгарыі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Расіі і Узбекістана парадуюць сваіх гледачоў цэлай палітрай тэатральных пастановак. Нас чакаюць балет, драма, опера, вулічныя прадстаўленні, эксперыментальныя, лялечныя і монаспектаклі, паказы якіх адбудуцца на розных пляцоўках горада над Бугам.
Ад драмы да Оперы Уцзюй
Аснову фестывальнай праграмы ў гэтым годзе складуць спектаклі калектываў, якія сталі лаўрэатамі тэатральнага форуму ў мінулыя гады. Так, сярод удзельнікаў значацца многімі любімыя Брэсцкі тэатр лялек, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і іншыя. Увогуле, з 30 заяўленых у праграме пастановак 10 — беларускія. Напрыклад, адбудуцца паказы спектакляў «12 крэслаў» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, «Чорная панна Нясвіжа» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, «Хутар» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, «Сымон-музыка» Гродзенскага абласнога тэатра лялек і іншых. Што датычыцца замежных калектываў, то сёлета на фестывалі сярод шматлікіх прапаноў гледачы, да прыкладу, знойдуць: драматычныя гісторыі — «Бацька заўсёды мае рацыю» Тэатра «Крэда» (Балгарыя), «Турандот» Тэатра «Школа драматычнага мастацтва» (Расія), «Я была дома і чакала дождж» ад «Родсайд тэатра» (Арменія); спектаклі музычнага і музычна-пластычнага кірунку, дзе заяўлена ў тым ліку і пастаноўка «Тры бітвы з Дэманам белай косці» Опернай трупы «У» (Кітай) ва ўнікальным жанры Оперы Уцзюй, які характэрны для правінцыі Чжэцзян і мае больш за 500-гадовую гісторыю, спалучаючы ў сабе гістарычныя касцюмы, сінтэз розных музычных традыцый, элементы акрабатыкі і баявых мастацтваў.
Прапановы для любога гледача
У праграме значацца і тры монаспектаклі: расійскі «Свой тэатр» з Волагды пакажа спектакль «Кыся», Азербайджанскі дзяржаўны нацыянальны тэатр юнага гледача плануе да паказу пастаноўку «Кантрабас», а Дзяржаўны акадэмічны рускі тэатр драмы імя М. Горкага з Астаны прадставіць спектакль «Адзін на адзін з Пушкіным». А юным гледачам можна звярнуць увагу на пастаноўкі «Дзюймовачка» Варонежскага тэатра, «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех» Беларускага тэатра «Лялька» з Віцебска і «Кентэрвільскі прывід» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача. Мяркуем, наведвальнікі незалежна ад упадабанняў і ўзросту знойдуць сабе цікавыя прапановы ў фестывальнай афішы.
Сёлета лакацыямі тэатральнага форуму стануць шэсць пляцовак, уключаючы вялікую і малую залы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Тэатр лялек, плошчу Леніна, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр і набярэжную Францыска Скарыны. Якраз на ёй і адбудзецца 10 верасня ў 20.30 урачысты старт фестывалю з удзелам ганаровых гасцей, а працягнецца паказам балета «Лебядзінае возера» ад Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра класічнага балета Н. Касаткінай і У. Васільева (Расія). Уваход вольны.
А закрыццё форуму пройдзе 19 верасня ў вялікай зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і набудзе асаблівае гучанне, дзякуючы выступленню Маскоўскага музычна-драматычнага цыганскага тэатра «Рамэн» з яго тэатралізаванай канцэртнай праграмай «Цыгане Расіі».
Алена ДРАПКО