Дацягнуцца да нябёсаў
Бабруйскі аэраклуб ДТСААФ аб’ядноўвае адразу некалькі кірункаў авіяцыйнай дзейнасці. Гэта адна з важных пляцовак у Беларусі, дзе рыхтуюць спартсменаў-планерыстаў і парашутыстаў, а таксама «дораць крылы» курсантам Ваеннай акадэміі. Тут вучацца кіраваць планёрамі, здзяйсняць парашутныя скачкі і паступова ператвараюць захапленне небам у сапраўдны спорт. Сёння аэраклуб развівае матэрыяльную базу, пашырае геаграфію работы і плануе асвойваць новыя кірункі.
Узлёт і пасадка
Для пачаткоўцаў найбольш складаным становіцца першы этап навучання, адзначае намеснік начальніка аэраклуба па лётнай падрыхтоўцы Уладзімір ЕЛІН:
— Самае складанае для курсантаў і спартсменаў, калі яны вучацца палётам, — гэта ўзлёт і пасадка, першапачатковая падрыхтоўка.
Сам Уладзімір Елін вырашыў звязаць сваё жыццё з авіяцыяй яшчэ ў дзяцінстве. Самалёты і верталёты прыцягвалі яго ўвагу з малых гадоў, а пазней выпадковая, здавалася б, аб’ява аб наборы спартсменаў-планерыстаў стала пачаткам прафесійнага шляху. На яго думку, чалавеку, які хоча займацца авіяцыйнымі відамі спорту, перш за ўсё неабходныя смеласць і дысцыпліна. Без адказнага стаўлення да патрабаванняў і правілаў у авіяцыі немагчыма дасягнуць значных вынікаў.
Парашут — не толькі пра адрэналін
Вельмі папулярным сярод асноўных кірункаў сёння з’яўляецца парашутны спорт. Камандзір парашутнага звяна Святлана ОКУНЕВА расказвае, што колькасць навучэнцаў у секцыі пастаянна змяняецца. На дадзены момант на бюджэтнай аснове на пастаяннай базе займаюцца 26 спартсменаў.

Пры гэтым на самым пачатку ахвотных значна больш. Аэраклуб праводзіць актыўную агітацыйную работу, пасля чаго на парашутную падрыхтоўку прыходзяць каля ста, а часам і больш маладых людзей. Аднак строгі медыцынскі адбор істотна скарачае колькасць тых, хто можа працягнуць навучанне.
— У нас вельмі строгія крытэрыі адбору па медыцынскіх паказчыках. Таму прыкладна 50–60 чалавек з той колькасці, якая да нас прыйшла, мы можам узяць у парашутны спорт, — кажа Святлана Окунева.
Першапачатковая праграма прадугледжвае тры скачкі з парашутам. Пасля іх выканання ўжо адбываецца адбор у спартыўную секцыю. Такім чынам, першыя скачкі яшчэ не з’яўляюцца ў поўным сэнсе спартыўнай падрыхтоўкай — гэта знаёмства з дысцыплінай і яе базавымі элементамі.
У бюджэтную праграму прымаюць маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў.

Што ж прыводзіць юнакоў і дзяўчат у парашутны спорт? У кожнага свой адказ. Адных прыцягвае магчымасць адчуць сябе вольнай птушкай, іншых — жаданне пераадолець уласны страх. Але пасля першых скачкоў зацікаўленасць паступова можа перарасці ў сур’ёзнае захапленне.
— Парашутны спорт — гэта не проста скачок і палёт пад купалам. Тут ёсць канкрэтныя задачы: дакладнасць прызямлення, неабходнасць трапіць у пэўны пункт, выкананне акрабатычных элементаў у свабодным падзенні, — тлумачыць камандзір парашутнага звяна. — У гэтым годзе ў Бабруйскім аэраклубе ўжо выканана больш за 1500 спартыўных парашутных скачкоў.
Самалёты, планёры і два аэрадромы
Матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе праводзіць падрыхтоўку па розных кірунках, гаворыць начальнік Бабруйскага аэраклуба ДТСААФ Уладзімір ЗАЯЦ:
— Аэраклуб мае два самалёты Ан-2 і тры самалёты Вільга-35A. Планерны парк прадстаўлены сямю планёрамі L-13 Blanіk і пяццю планёрамі Jantar Standard. Для арганізацыі палётаў аэраклуб выкарыстоўвае два аэрадромы — «Сычкава» (ужо вядзецца яго рэканструкцыя) і «Мінькава», які размешчаны прыкладна за 60 кіламетраў ад Бабруйска.
Уладзімір Уладзіміравіч сцвярджае, што ўзровень падрыхтоўкі спартсменаў дазваляе ім у далейшым удзельнічаць у розных спартыўных праектах і выступленнях. Такія вынікі становяцца адным з паказчыкаў якасці работы аэраклуба.

Наконт планаў на будучыню начальнік аэраклуба не без іроніі адзначае:
— Хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы.
І ўсё ж такі развіццё ўстановы не абмяжоўваецца толькі тымі магчымасцямі, якія існуюць. Асаблівы кірунак — стварэнне секцыі Бабруйскага аэраклуба па парашутным спорце ў Гомелі. Ужо вядзецца актыўная работа, якая толькі пацвярджае перспектыўнасць і важнасць гэтай задумы.
Паралельна абнаўляецца парк паветраных суднаў.
У аэраклуба ўжо ёсць адзін самалёт Vіper SD4. У перспектыве — атрыманне яшчэ двух такіх самалётаў і пераход на іх выкарыстанне пры падрыхтоўцы курсантаў.

Усё пачынаецца з мары
Для 16-гадовых Марыі КРУПЕЦКАЙ і Ільі МІХАЛАПА, якія займаюцца ў парашутнай секцыі, неба стала часткай жыцця ўжо ў падлеткавым узросце. Хлопец яшчэ ў дзяцінстве марыў пра парашутны скачок. На сваё 15-годдзе ён атрымаў ад сябра прапанову паспрабаваць. І ў выніку трапіў у аэраклуб.
Марыя з дзяцінства часта назірала за самалётамі, бо жыла недалёка ад аэрадрома. Паступова захапленне перарасло ў сапраўдную цікавасць да спорту. Гаворыць, спачатку страх вышыні быў, але пасля некалькіх скачкоў стаў сыходзіць. Сам скачок, па яе словах, дае моцныя эмоцыі і адрэналін, а пасля прызямлення з’яўляецца жаданне паспрабаваць яшчэ.
Для Ільі асаблівае ўражанне — само свабоднае падзенне і момант, калі раскрываецца парашут. Пры гэтым ён лічыць найбольш складанай часткай падрыхтоўкі менавіта псіхалагічны настрой.

Бабруйскі аэраклуб працягвае спалучаць некалькі задач: прафесійную і спартыўную падрыхтоўку, работу з моладдзю, правядзенне спаборніцтваў і папулярызацыю авіяцыі. Сюды спачатку можна прыйсці з простай дзіцячай марай пра палёт, а пасля зрабіць першыя крокі да сур’ёзнага спартыўнага выніку. І як паказвае гісторыя самой установы, шлях гэты сапраўды пачынаецца з аднаго кроку — уверх.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД