Top.Mail.Ru

Што пакаштаваць у нашай краіне?

Смач­ная Бе­ла­русь

Беларусь — гэта, вядома ж, не толькі дранікі ды малочная прадукцыя. Ад смажаных уюноў да панцаку, ад калдуноў да чачохі: у нашай краіне насамрэч ёсць што пакаштаваць і чым здзівіць госця, які «бачыў усё». Тым больш, што снежань у Беларусі аб'яўлены месяцам гастранамічнага турызму.

«Бабка», верашчака, калдуны

Гастратурызм — гэта турыстычнае падарожжа для азнаямлення з краінай, рэгіёнам, мясцовасцю праз далучэнне да нацыянальнай гастраноміі, асаблівасцяў вырабу і прыгатавання нацыянальных страў, іншай харчовай прадукцыі. Ён прадугледжвае наведванне і правядзенне дэгустацый, майстар-класаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, гастранамічных мерапрыемстваў (кірмашоў, фестываляў, выставак), 

у тым ліку для азнаямлення са стравамі нацыянальнай кухні, экскурсіі на кандытарскія фабрыкі і іншыя арганізацыі з кулінарнай спецыялізацыяй. А таксама навучанне турыстаў, экскурсантаў прыгатаванню нацыянальных страў, характэрных для пэўнай мясцовасці, 

у тым ліку з выкарыстаннем прадукцыі, вырашчанай у гэтым рэгіёне, азнаямленне з кулінарнымі яго асаблівасцямі шляхам стварэння і прасоўвання гастранамічных пляцовак, фудкортаў.

— Беларуская кухня — скарбніца смакаў і традыцый. Гастранамічны турызм даўно 

стаў візітнай карткай Беларусі, — расказалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме. — Госці дзесяцігоддзямі адзначаюць гасціннасць, смачную кухню і чысціню ў краіне. Мы ганарымся сваёй кухняй, натуральнасцю прадуктаў, традыцыямі прыгатавання, разнастайнасцю гастрападзей. У снежні правядзём гастраэкскурс і пагаворым аб тым, што, як і дзе ядуць у Беларусі, успомнім гісторыю, традыцыі, раскажам, дзе пакарміць гасцей, пакажам кулінарныя майстар-класы, параўнаем сусветныя тэндэнцыі з развіццём гастратурызму ў нас.

Адметна, што Беларусь цікавая як традыцыйнай, так і сучаснай кухняй. Чаго толькі вартыя хрумсткія і апетытныя дранікі, духмяная і сытная верашчака, густая і насычаная мачанка, «бабка», калдуны і клёцкі... 

  • Беларуская кухня багатая на стравы з бульбы, мяса і малочных прадуктаў, якія гатуюцца па старадаўніх рэцэптах, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Што да сучаснай кухні, айчынныя кухары і рэстаратары актыўна эксперыментуюць з традыцыйнымі рэцэптамі, ствараючы новыя цікавыя стравы. У Мінску і іншых буйных гарадах нескладана знайсці мноства сучасных рэстаранаў, дзе можна пакаштаваць беларускую кухню ў новай інтэрпрэтацыі.

Вядома, што ў краіне вырабляецца мноства высакаякасных прадуктаў харчавання. Наведванне мясцовых ферм, сыраварняў і іншых вытворчасцяў — выдатны спосаб пазнаёміцца з тэхналогіямі і пакаштаваць свежыя прадукты прама ад вытворцы. Таксама ў розных гарадах краіны праходзяць гастранамічныя фестывалі, якія прапануюць шырокі выбар страў і напіткаў, магчымасць пазнаёміцца з мясцовымі кулінарнымі традыцыямі і паўдзельнічаць у забаўляльных мерапрыемствах. Яркія гастранамічныя падзеі краіны — фестываль клубніц «Лунінецкія клубніцы» (Лунінецкі раён), «Сырны фестываль» (Гродна), «Бацькава булка» (Свіслач), Gastrofest (Мінск і іншыя гарады), «Вішнёвы фестываль» (Глыбокае).

Беларусь пашырае сетку спецыялізаваных устаноў, дзе традыцыі нацыянальнай кухні прадстаўлены ва ўсёй красе. А Мінск актыўна развівае пляцоўкі street-food, прапаноўваючы гасцям новыя канцэпцыі забаў і сучасную кухню хуткага харчавання.

Што наведаць?

У месяц гастранамічнага турызму падрыхтавана вялікая праграма адмысловых мерапрыемстваў. 

11—14 снежня пройдзе прэзентацыя фермерскай экапрадукцыі ў рамках правядзення выстаўкі-кірмашу «Чароўны млын» (Мінск). 12—14 снежня плануецца прэзентацыя гастранамічнага патэнцыялу Беларусі ў рамках Міжнароднай турыстычнай выстаўкі-форуму «Інтурмаркет. Зіма» (Санкт-Пецярбург). 20 снежня адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь — 2025».

На 25 снежня намечана адкрыццё рэзідэнцыі Дзеда Мароза-Траскуна ў вёсцы Юстыянава Верхнядзвінскага раёна. Тут жа пройдзе вулічная дэгустацыя мясцовых сыроў і салодкіх калядных пачастункаў. 26—31 снежня — тэатралізаваная праграма «Паці ў хаце» ў этнаграфічнай сядзібе «Вецяра». 26 снежня — майстар-клас па прыгатаванні страў нацыянальнай кухні ў аграэкасядзібе «Хутар Мядкоў».

Даведацца больш пра месцы з беларускай кухняй і аграэкасядзібы, дзе можна пакаштаваць аўтэнтычную кухню і рэдкія стравы, якія не гатуюць у рэстаранах, можна на афіцыйным турыстычным партале Беларусі belarus.travel.

Кіруемся гастранамічнай картай

Дапамагчы турыстам вывучаць Беларусь праз яе аўтэнтычную кухню дапаможа і турыстычная карта «Кулінарная спадчына Беларусі», складзеная і нядаўна выпушчаная РУП «Белкартаграфія». Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі, у брашуры сабраны традыцыйныя стравы беларускай кухні, рэгіянальныя кулінарныя асаблівасці, апісанні традыцый прыгатавання і звесткі аб гастранамічных фестывалях, якія праходзяць у розных кутках краіны.

— Карта папулярызуе нацыянальныя кулінарныя традыцыі, знаёміць з мясцовымі рэцэптамі і асаблівасцямі, будзе цікавая як жыхарам краіны, так і турыстам, — расказалі ў Дзяржкаммаёмасці.

На карце адзначаны лакацыі, дзе можна пакаштаваць тую ці іншую аўтэнтычную страву, напрыклад смажаных уюноў, панцак з грыбамі, кулеш, чачоху, вэнджаны часнок, верашчаку і іншыя. Між іншым, у краіне вырабляюць мармуровую ялавічыну, сапраўдны крафтавы сыр і нават разводзяць вугроў. Усе смачныя пункты Беларусі варта вывучыць усім, хто збіраецца адправіцца на рынак, у далёкую дарогу ці проста да сваякоў у суседнюю вобласць. У дарозе заўсёды прыемна заскочыць за чым-небудзь смачным, што яшчэ і «самае-самае» ва ўсёй краіне.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю