Фармацыя даўжынёй каля 157 метраў даўно прыцягвае ўвагу з-за характэрнай формы, якая нагадвае карабель, і некаторымі даследчыкамі разглядаецца як магчымыя рэшткі легендарнага Ноева каўчэга. Пры гэтым новыя даныя пакуль не даказваюць штучнае паходжанне аб’екта і не пацвярджаюць, што ён звязаны з біблейскім каўчэгам.
Аб выніках паведамілі даследчыкі з Bakhtar Research and Engineering і праекта Noah’s Ark Scans. Звесткі апублікаваны ў прэс-рэлізе і пакуль не прадстаўлены ў навуковым артыкуле, які прайшоў незалежнае рэцэнзаванне. Таму атрыманыя вынікі застаюцца папярэднімі і не дазваляюць рабіць канчатковыя высновы аб паходжанні гэтай фармацыі.

Фармацыя Дзюрупынар была выяўлена ў 1959 годзе недалёка ад гары Арарат. Яе памеры, абрысы і размяшчэнне некаторыя даследчыкі супастаўлялі з апісаннямі Ноева каўчэга з Бібліі. Геолагі і іншыя спецыялісты, наадварот, у асноўным лічаць аб’ект натуральным геалагічным утварэннем.
Менавіта паходжанне фармацыі стала галоўным прадметам шматгадовых спрэчак паміж прыхільнікамі версіі аб каўчэгу і яе крытыкамі.
Для новага даследавання кіраўнік праекта доктар Хосраў Бахтар і заснавальнік Noah’s Ark Scans Эндру Джонс упершыню ўжылі на Дзюрупынары сістэму BakhtarRadar. Па даных каманды, Бахтар каля 40 гадоў займаўся распрацоўкай тэхналогій выяўлення для розных арганізацый, уключаючы ВПС і ВМС ЗША, Агенцтва па зніжэнні абароннай пагрозы, а таксама NORAD і Паўночнае камандаванне ЗША. Выкарыстаная пры абследаванні сістэма, як сцвярджаюць даследчыкі, заснавана на тэхналогіі падпаверхневай візуалізацыі EarthRadar, першапачаткова распрацаванай для ВПС ЗША.

З дапамогай BakhtarRadar даследчыкі правялі сканіраванне фармацыі і атрымалі трохмерныя аб’ёмныя выявы падземных структур з высокай якасцю здымка. Перад пачаткам работы яны паставілі некалькі задач: вызначыць, ці з’яўляецца фармацыя адзінай аднастайнай масай прыроднай пароды, выявіць наяўнасць унутраных структур і вызначыць становішча карэннай пароды пад аб’ектам. Акрамя таго, даследчыкі хацелі высветліць, ці працягваецца гэты пласт бесперапынна пад далінай.
Асаблівую ўвагу каманда надала ўчасткам, якія ўжо выклікалі пытанні падчас папярэдніх даследаванняў. У прыватнасці, геарадарная здымка 2019 года выявіла ўнутры фармацыі пустоты, лінейныя і вуглавыя структуры, а таксама асаблівасці, якія даследчыкі інтэрпрэтавалі як магчымыя калідоры і памяшканні. Новая сістэма павінна была дазволіць паўторна вывучыць гэтыя ўчасткі другім радыёлакацыйным метадам, а таксама даследаваць больш глыбокую геалагічную структуру аб’екта і прасачыць паверхню карэннай пароды пад фармацыяй і вакол яе.
Папярэдні аналіз новых даных паказаў, што даследчыкі не разглядаюць фармацыю як простую аднастайную масу горнай пароды. У атрыманых выявах бачныя падпаверхневыя анамаліі і слаістасць структуры, якая мае форму лодкі.
Адной з найбольш прыкметных асаблівасцяў стала анамалія даўжынёй прыкладна 76 метраў, якая праходзіць праз цэнтральную частку фармацыі. Даследчыкі лічаць, што па сваіх характарыстыках яна можа нагадваць тунэль ці калідор. Аднак гэтая інтэрпрэтацыя пакуль не пацверджана фізічна: участак не раскопвалі і не даследавалі з дапамогай свідравання.
Вучоныя падкрэсліваюць, што вынікі патрабуюць поўнай апрацоўкі і інтэрпрэтацыі. Самі па сабе радыёлакацыйныя анамаліі не даказваюць археалагічнае паходжанне выяўленых структур. Адсутнасць выяўленай мяжы карэннай пароды таксама не азначае, што яе пад фармацыяй няма.
Пры гэтым каманда лічыць, што новыя даныя ставяць пад пытанне адно з асноўных геалагічных пярэчанняў супраць версіі аб каўчэгу. Паводле яе меркавання, Дзюрупынар уяўляе сабой натуральнае нагрувашчванне пароды або грунту, размешчанае над неглыбокай карэннай пародай. Аўтары даследавання сцвярджаюць, што вынікі новага сканіравання пакуль не адпавядаюць настолькі простай мадэлі.
Эндру Джонс заявіў, што каманда не спрабуе завяршыць шматгадовую спрэчку адным прэс-рэлізам. Паводле яго слоў, даследчыкі лічаць Дзюрупынар рэшткамі Ноева каўчэга, але маюць намер правяраць гэту гіпотэзу далейшымі даследаваннямі.
Пры гэтым інтэрпрэтацыя вынікаў ужо выклікае пытанні з-за пазіцыі саміх удзельнікаў праекта. Джонс раней публічна заяўляў, што лічыць фармацыю Ноевым каўчэгам яшчэ да атрымання вынікаў геафізічных даследаванняў. На сайце праекта таксама паказаны ўдзел людзей, якія прытрымліваюцца хрысціянскіх поглядаў і займаюцца рэлігійнай дзейнасцю. Крытыкі ж лічаць, што такая зыходная пазіцыя можа ўплываць на інтэрпрэтацыю неадназначных геафізічных звестак.

Сумненні ў высновах праекта выказвалі нават некаторыя прыхільнікі крэацыянізму. У прыватнасці, Кен Хэм, заснавальнік і кіраўнік хрысціянскай апалагетычнай арганізацыі Answers in Genesis, у апублікаваным летась артыкуле крытыкаваў падыход Джонса. Хэм паказваў, што некаторыя асаблівасці геафізічных сканаў апісваліся як «палубы», а адна са структур інтэрпрэтавалася як калідор або тунэль, хоць, на яго думку, іншыя магчымыя тлумачэнні зыходных даных не былі разгледжаны дастаткова аб’ектыўна.
Цяпер даследчыкі плануюць завяршыць апрацоўку радарных даных, вызначыць найболей перспектыўныя месцы для свідравання і атрымаць фізічныя ўзоры парод. Менавіта вынікі аналізу ўзораў павінны дазволіць праверыць, адпавядаюць выяўленыя асаблівасці натуральнаму геалагічнаму працэсу ці маюць прыкметы штучнага паходжання.
Каманда разлічвае апублікаваць папярэднюю справаздачу ў бліжэйшыя тыдні. Пасля гэтага новыя вынікі плануюць супаставіць з ужо існуючымі геафізічнымі даследаваннямі Дзюрупынара. Атрыманыя даныя павінны дапамагчы вызначыць месцы для мэтавага свідравання і сфарміраваць наступны этап даследавання фармацыі.
Пакуль фізічныя сведчанні штучнага паходжання аб’екта адсутнічаюць, а новыя звесткі не прайшлі незалежную навуковую экспертызу. Таму з навуковага пункту гледжання фармацыя Дзюрупынар па-ранейшаму разглядаецца перш за ўсё як натуральнае геалагічнае ўтварэнне. Далейшае свідраванне і даследаванне ўзораў могуць прынесці больш пераканаўчыя даныя для праверкі версіі аб яе сувязі з Ноевым каўчэгам.