У Беларусі ў новай рэдакцыі выкладзены нарматыўныя прадпісанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ўліку транспартных сродкаў. Адпаведную пастанову падпісаў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Начальнік аддзялення рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці і тэхнічнага нагляду ўпраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандр Шмаянкоў расказаў БелТА, што змянілася і як гэта адаб’ецца на працэдуры рэгістрацыі транспарту.
Грамадзянам і суб’ектам гаспадарання дазволена ажыццяўляць агляд транспартных сродкаў у любым рэгістрацыйным падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі, незалежна ад месца размяшчэння падраздзялення, у якім рэгістрацыйныя дзеянні будуць ажыццяўляцца. «Для зручнасці грамадзян, аператыўнасці ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур органамі Дзяржаўтаінспекцыі было прынята рашэнне, што агляд транспартнага сродку можна будзе ажыццяўляць у любым рэгістрацыйным падраздзяленні краіны, — адзначыў Аляксандр Шмаянкоў. — Акрамя таго, калі аўтамабіль прайшоў агляд, то ён сапраўдны на працягу 30 дзён для ажыццяўлення ўсіх рэгістрацыйных дзеянняў».
Рашэнне аб адмове ў ажыццяўленні рэгістрацыйных дзеянняў прымаецца кіраўніком рэгістрацыйнага падраздзялення альбо асобай, якая замяшчае яго. А ў заяве на ажыццяўленне рэгістрацыйных дзеянняў выключаецца неабходнасць указання месца працы і пасады.
Выключана неабходнасць звароту прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання ў ваенныя камісарыяты для ўліку транспарту ў інтарэсах мабілізацыйнай патрэбы. «Гэта істотна палегчыць жыццё прадстаўнікам юрыдычных асоб. Папярэдні парадак дзеянняў значна павялічваў тэрміны», — дадаў Аляксандр Шмаянкоў.
Прадугледжаны змены патрабаванняў да парадку ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў пасля правядзення ўпаўнаважаным органам праверкі, звязанай з выяўленнем прыкмет відазмянення ідэнтыфікацыйнага нумара. Так, рэгістрацыйным падраздзяленнем не пазней як за пяць рабочых дзён з моманту паступлення вынікаў праверкі (папярэдняга расследавання) прымаецца адміністрацыйнае рашэнне аб ажыццяўленні рэгістрацыйных дзеянняў, альбо аб адмове ў ажыццяўленні рэгістрацыйных дзеянняў, альбо аб ажыццяўленні аднаго з дзеянняў, указаных у п. 46 гэтага палажэння, з адначасовым унясеннем адпаведнай інфармацыі ў АІС ДАІ.
«Мы цяпер не будзем накладаць абмежаванні і накіроўваць запыты ў тым выпадку, калі транспартны сродак быў зарэгістраваны на тэрыторыі краін ЕАЭС. Гэта значыць чалавек у агульным парадку ставіць на ўлік ТС і знімае без накладання намі абмежаванняў. Раней, калі чалавек набываў на тэрыторыі ЕАЭС транспартны сродак, то мы накладалі на яго абмежаванні і накіроўвалі запыт у тую краіну, дзе аўто стаяла на ўліку. Неабходна гэта было для ўстанаўлення факта, што ТС сапраўды было там на ўліку, і што знята з уліку», — растлумачыў Аляксандр Шмаянкоў.
Таксама вызначаны парадак ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі транспартных сродкаў, вырабленых у выніку індывідуальнай творчасці. «Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза „Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў“ дазваляе вырабляць транспартныя сродкі. І мы вырашылі гэты момант таксама замацаваць у абноўленай пастанове. Будзем ставіць на ўлік такія ТС, — сказаў Аляксандр Шмаянкоў. — Калі грамадзянін вырабіў транспартны сродак, то яму неабходна звярнуцца ў акрэдытаваную лабараторыю. Там правераць яго адпаведнасць патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту і выдадуць пасведчанне аб бяспецы канструкцыі ТС. Пасля неабходна будзе аформіць электронны пашпарт на ТС. А затым мы яго зарэгіструем у ДАІ, паставім на ўлік, выдадзім адпаведны рэгістрацыйны знак і пасведчанне аб рэгістрацыі. Гэта ўсё дазволіць удзельнічаць на агульных падставах у дарожным руху».
Прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь асаблівасці рэгістрацыі транспартных сродкаў, калі ўласнікамі з’яўляюцца асобы, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, і асобы ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.
Акрамя таго, у дакуменце з’явіліся азначэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку і апісанне парадку фатаграфавання іх знешняга выгляду з мэтай аднастайнага правядзення агляду МС.
«Змены аблегчаць і работу нашых супрацоўнікаў. У прыватнасці, не трэба будзе ажыццяўляць кантроль за адзнакамі ваенкаматаў, адпраўляць розныя запыты або накладаць абмежаванні. Такім чынам пры аглядзе мы значна скароцім чаргу, — дадаў Аляксандр Шмаянкоў. — Агляд ажыццяўляецца ў электронным выглядзе з дапамогай планшэтаў. Адзнака таксама будзе ў электронным выглядзе. Заявы для агляду прадастаўляць няма неабходнасці. Гэта адзнака будзе бачная ў нас у любым пункце краіны».
На сёння пастанова Савета Міністраў яшчэ не апублікавана.