Top.Mail.Ru

Што ў планах у Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук

Краіны-удзельніцы Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў сферы фундаментальных і прыкладных даследаванняў, распрацоўваць новыя тэхналогіі для медыцыны і рэальнага сектара эканомікі. Пра гэта паведаміў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік перад пасяджэннем Савета МААН у Мінску, паведамляе БелТА.



«Гэта асацыяцыя з больш чым 30-гадовай гісторыяй, якая аб’ядноўвае акадэмічныя арганізацыі і навукова-практычныя цэнтры з мноства краін. МААН валодае вялізным навуковым патэнцыялам. Цяпер асноўная задача — забяспечыць больш эфектыўнае ўзаемадзеянне і рэалізацыю сумесных праектаў на карысць усіх краін, якія ўваходзяць у асацыяцыю. Гэта і мегасайенс-праекты, якія фактычна адкрываюць новыя веды ў галіне фундаментальнай навукі, і вырашэнне практычных задач у інтарэсах рэальнага сектара эканомікі. У прыярытэце забеспячэнне тэхналагічнай бяспекі краін, якія ўваходзяць у МААН. Мы бачым, што цяпер глабальны парадак дня мяняецца, уводзяцца пошліны, абмежаванні доступу да сучасных тэхналогій. Патэнцыял нашых акадэмій навук дае магчымасць забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт, самастойную распрацоўку ўсіх крытычных тэхналогій, якія неабходны для функцыянавання рэальнага сектара эканомікі», — сказаў Уладзімір Каранік. 

Паводле яго слоў, на пасяджэнні бакі абмяркуюць не толькі пытанні паглыблення стратэгічнага супрацоўніцтва, але і пэўныя тактычныя захады. Гэта і стварэнне адзінай базы даных навуковых ведаў, і магчымае выданне спецыялізаванага навуковага часопіса, дзе і маладыя вучоныя, і вучоныя з імем змогуць публікаваць свае навуковыя распрацоўкі. А таксама стварэнне фондаў, якія дазволяць фінансаваць сумесныя даследаванні. «Гэта значыць планаў і задач дастаткова шмат. Усе разумеюць значнасць МААН, імкнуцца да развіцця гэтай асацыяцыі і напаўнення нашага супрацоўніцтва рэальнымі праектамі», — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН.

Асобна ён спыніўся на супрацоўніцтве ў медыцынскай сферы. «Навукоўцы займаюцца ў тым ліку пытаннямі лячэння цяжкай паразы пазваночніка. У рамках Саюзнай дзяржавы ёсць цудоўны праект, які дае магчымасць дзецям з прыроджанай паталогіяй пазваночніка вярнуцца да нармальнага, паўнацэннага жыцця. Ёсць вельмі добрыя напрацоўкі і супрацоўніцтва ў галіне клетачнай тэрапіі анкалагічных захворванняў. Мы дакладна ўсведамляем, што аб’яднанне нашых намаганняў дазволіць прайсці гэты шлях больш хутка і эфектыўна. Калі нам удасца скараціць перыяд да практычнага прымянення распрацаваных методык на месяц, на год — гэта тысячы выратаваных жыццяў», — падкрэсліў Уладзімір Каранік. 

Удзельнікі пасяджэння абмяркоўваюць асноўныя вынікі дзейнасці МААН і перспектыўныя напрамкі развіцця асацыяцыі, дзейнасць Савета маладых вучоных МААН, выбранне сапраўдных членаў (акадэмікаў). У цэнтры ўвагі кіраўнікоў акадэмій навук — пытанні далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па ключавых напрамках развіцця сучаснай навукі. Вядучыя вучоныя розных краін выступяць з навуковымі дакладамі.

З 2017 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выконвае функцыі штаб-кватэры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук у яе арганізацыйным і метадычным суправаджэнні. Асацыяцыя аб’ядноўвае 27 акадэмій навук і буйных навуковых цэнтраў з 16 краін (дзяржавы СНД, Кітай, В’етнам, Манголія, Грузія, Куба і Чарнагорыя). У рамках МААН функцыянуе 27 навуковых саветаў па перадавых галінах навукі. Вышэйшы кіруючы орган Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук — Савет МААН.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю