Top.Mail.Ru

Што прапанавалі аршанцы на сустрэчы з дэпутатам Аляксандрам Шпакоўскім?

Адкрыць філіял ВНУ, змяніць адпрацоўку пасля ССНУ

Адкрыць у горадзе філіял тэхнічнай ВНУ, стварыць умовы для замацавання кадраў — на сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Шпакоўскім у праекце «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы» жыхары Оршы ўнеслі прапановы для развіцця свайго рэгіёна, перадае БелТА.

Сустрэча з дэпутатам прайшла ў гарадскім Цэнтры культуры і творчасці, у ёй прынялі ўдзел каля 600 чалавек. Аршанцы хацелі даведацца пра міжнароднае становішча, як узброеныя канфлікты ў свеце могуць адбіцца на жыцці простага беларуса, хто зацікаўлены ў працягу ваенных дзеянняў ва Украіне. Аляксандр Шпакоўскі адзначыў, што ў суседняй краіне ёсць сілы, якім канфлікт з Расіяй выгадны: пэўныя асобы імкнуцца атрымліваць датацыі ад сваіх заходніх куратараў, каб нажывацца на горы свайго ж народа.

Жыхароў райцэнтра, як і ўсёй Віцебскай вобласці, хвалюе пытанне працоўных мігрантаў. Аляксандр Шпакоўскі падкрэсліў, што практыка запрашэння на свабодныя вакансіі грамадзян іншых дзяржаў у Беларусі адпрацаваная ўжо даўно і Віцебшчына не стала першым рэгіёнам, дзе працуюць замежнікі. Дэпутат расказаў, што з 4 млн занятых у беларускай эканоміцы менш за 1 % складаюць грамадзяне іншых краін — Расіі, Кітая, Туркменістана, Непала і іншых дзяржаў. «Нам патрэбныя людзі пэўных спецыяльнасцяў. У нас у краіне звыш 165 тыс. вакансій, з іх больш за 70 % — рабочыя спецыяльнасці. Адным са спосабаў вырашэння праблемы, якая назапашвалася гадамі і звязана ў тым ліку з дэмаграфіяй, з’яўляецца прадастаўленне работы працоўным мігрантам. Адкажыце мне на пытанне: у каго з вас дзеці працуюць на сельгасфермах, хто з іх працуе пастухом? А між тым у Віцебскай вобласці не хапае 700 пастухоў. І хто можа закрыць дэфіцыт кадраў у гэтай галіне? Мы захоўваем прынцыповую міграцыйную палітыку і адначасова інструмент працоўнай міграцыі мы кропкава выкарыстоўваем», — акцэнтаваў увагу дэпутат.


Прадстаўніца завода «Чырвоны барацьбіт», які вырабляе станкі ў тым ліку на экспарт, спытала, як, на думку дэпутата, можна замацоўваць маладыя кадры ў рэгіёнах. Аляксандр Шпакоўскі ў сваю чаргу пацікавіўся, як даўно дзяўчына працуе ў Оршы. Аказалася, што яна скончыла сталічную ВНУ, а сама родам з Салігорска, па размеркаванні трапіла на «Чырвоны барацьбіт». «Я вельмі перажывала, як мяне тут прымуць пасля ВНУ, але была прыемна здзіўленая, як добра мяне сустрэлі, адразу далі месца ў адрамантаваным інтэрнаце. Не крыўдзяць заробкам, падтрымліваюць. Я ўжо чатыры гады тут працую і сыходзіць не збіраюся, таму што мне падабаецца калектыў», — расказала супрацоўніца завода. Аляксандр Шпакоўскі адзначыў, што гэта і ёсць формула паспяховай замацавальнасці моладзі на месцах.

Кіраўнік аднаго са швейных прадпрыемстваў Оршы, таксама закранаючы кадравае пытанне, унесла прапанову — павялічыць тэрмін абавязковай адпрацоўкі пасля заканчэння каледжа замест аднаго года да 3-4, каб маладыя спецыялісты маглі не толькі ўліцца ў прафесію, але і паказаць сябе. «Многія маладыя швачкі пасля года адпрацоўкі сыходзяць у манікюрныя кабінеты, салоны прыгажосці. За год спецыяліст толькі вучыцца ўсяму, што трэба ўмець на фабрыцы, і праз два-тры гады становіцца тым кваліфікаваным работнікам, які патрэбны прадпрыемству», — патлумачыла яна. Таксама кіраўнік адзначыла, што буйному раённаму цэнтру патрэбная свая ВНУ. «Тут можна адкрыць хоць бы філіял ВНУ, асабліва тэхнічнай», — адзначыў Аляксандр Шпакоўскі.

Дэпутат на пытанне, калі б была ў яго магчымасць, які б буйны сацыяльны праект ён рэалізаваў у Оршы, адказаў, што даўно марыць аб стварэнні Цэнтра падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі, так званага інкубатара талентаў, дзе ў хлопцаў і дзяўчат з ранняга ўзросту маглі б выяўляць здольнасці ў творчасці, спорце, навуцы, каб яны маглі рэалізаваць свой патэнцыял на 100 % і затым працаваць на карысць роднай краіны, праслаўляць яе за мяжой.

Прадстаўнікі маладога пакалення цікавіліся, ці варта баяцца штучнага інтэлекту і таго, што робаты ў будучыні адбяруць у людзей працу, бо ёсць прыклады, калі людская праца аўтаматызуецца і ў паслугах чалавека на вытворчасці больш не маюць патрэбы. Аляксандр Шпакоўскі падкрэсліў, што ў нашай краіне тэхналагічнае беспрацоўе не наступіць, нават нягледзячы на тое, што ідзе тэндэнцыя на павелічэнне выкарыстання высокатэхналагічнага і рабатызаванага абсталявання. Ён расказаў, што ў Беларусі імкнуцца адрэгуляваць усе юрыдычныя аспекты ў сферы выкарыстання ШІ. У прыватнасці, гэта датычыцца допуску да кіраўніцкіх рашэнняў — у нашай краіне яны застаюцца за чалавекам.


Падводзячы вынікі і кажучы пра фармат зносін у праекце «Пульс краіны», Аляксандр Шпакоўскі расказаў журналістам, што такія сустрэчы вельмі запатрабаваныя. «Па-першае, людзі бачаць увагу да сябе з боку лідараў грамадскай думкі, прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў улады. Па-другое, мы паглыбляемся ў найбольш надзённыя пытанні дзяржаўнай палітыкі. Акрамя таго, на сустрэчы традыцыйна запрашаем прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых органаў улады, кіраўнікоў лакальнага ўзроўню, каб пытанні, якія датычацца мясцовага парадку дня, маглі быць аператыўна вырашаны. Якія пытанні людзей цікавяць? Самыя розныя. На мінулай сустрэчы пыталіся пра прычыны высокіх цэн на нерухомасць. Гэта характэрна не толькі для сталіцы, але і для такіх гарадоў, як Орша, гарадоў-статысячнікаў. Гэта сведчыць, што ў грамадзян ёсць грошы. Тое, што нібыта замежнікі павышаюць цэнавую прапанову на кватэры ў Беларусі, — распаўсюджаны стэрэатып. У Мінску не больш за 5 % здзелак па нерухомасці здзяйсняюцца з удзелам замежнікаў, у тым ліку расіян. Для Оршы - падобныя тэндэнцыі», — падкрэсліў дэпутат.

У ліку тэм, што цікавілі грамадзян, ён таксама назваў Год беларускай жанчыны, у прыватнасці меры дзяржпадтрымкі беларусак і ў цэлым мацярынства і дзяцінства, грамадска-палітычны парадак дня, кантакты з заходнімі краінамі, а таксама сучасную сітуацыю ў свеце. «Людзі палітычна падкаваныя, іх хвалюе самы шырокі спектр пытанняў. Лепш гэтыя пытанні тлумачыць прадстаўнікам органаў дзяржаўнай улады, чым цікаўнасць людзей будуць задавальняць дэструктыўныя крыніцы інфармацыі. Прэзідэнт нас вучыць шчырай палітыцы, прамым зносінам, вочы ў вочы з людзьмі. Таму мы пайшлі ў народ і будзем працягваць гэтую практыку надалей. Пульс краіны мы адчуваем», — рэзюмаваў Аляксандр Шпакоўскі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю