Уласны творчы код
— У 2024 годзе знакавым для нас стаў удзел у гала-канцэрце «Беларусь — мая песня» ў рамках рэспубліканскага фестывалю-конкурсу. Мы разнастайна паказалі нашу сферу культуры і яе патэнцыял. Годна быў прадстаўлены рэгіён і ў рамках Дзён Віцебскай вобласці на ВДНГ у Маскве. Важным для нашай вобласці стаў удзел у рэспубліканскай акцыі «Марафон адзінства», — падзяліўся намеснік начальніка ўпраўлення культуры, начальнік аддзела работы сферы культуры Віцебскага аблвыканкама Алег АГЕЕЎ. — У сферы культуры Віцебскай вобласці вялікая ўвага аддаецца і падрастаючаму пакаленню. Праводзіцца прафарыентацыйная работа, эстэтычнае выхаванне, гэтым займаюцца дзіцячыя школы мастацтваў і профільныя сярэднія ўстановы адукацыі.Аказваецца падтрымка ўстановам культуры вобласці і найлепшым супрацоўнікам галіны. На 2025 год Музею традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я прадастаўлены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта «Полацкая набіванка». У год святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі запланавана адкрыццё новых тэматычных экспазіцыйных залаў, музейных устаноў пасля рэканструкцыі, правядзенне розных мерапрыемстваў. Галоўная задача на 2025-ы — папулярызацыя і прасоўванне брэндавага рэгіянальнага прадукту і паслуг, якія грунтуюцца на мясцовых культурных традыцыях.
Брэнды краіны
У гэтым кірунку Віцебшчына мае вялікі патэнцыял. Ёсць чым ганарыцца і што прадэманстраваць як беларусам, так і жыхарам замежных краін. Вядома, найперш тут трэба вылучыць Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які сёлета збярэ гасцей у 34-ы раз з 10 да 13 ліпеня. Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Андрэй КАРПАЎ, па традыцыі, якая склалалася, форум пачынаецца мерапрыемствамі за некалькі дзён раней да афіцыйнага адкрыцця, як і завяршаецца крыху пазней. Таму сёлета фестываль чакае сваіх гасцей з 8 да 14 ліпеня.— У нас пачынае працаваць новая пляцоўка на цэнтральным спартыўным комплексе, дзе пройдзе шэраг мерапрыемстваў. Адно з іх з удзелам вядучых блогераў краіны, маладзёжных выканаўцаў. Працягне работу і тэатральная праграма, шмат праектаў запланавана ў філармоніі. З новых — «Тэрыторыя стАРТу», якая пройдзе ў Віцебскім музычным каледжы. — Мэта яго — даць моладзі магчымасць паказаць сябе, — падзяліўся Андрэй Карпаў.
Акцэнт на захаванне і папулярызацыю
Шмат цікавых праектаў ладзіцца і ў вобласці. Так, 6 і 7 чэрвеня ў Оршу варта завітаць на фестываль лёну «Поле кветак». Наведвальнікаў чакаюць выступленні вядомых артыстаў, інтэрактыўныя гульні, паказ моды, кірмаш вырабаў з лёну.Пры жаданні цікава правесці час у музеі ў рэгіёне таксама шмат прапаноў. У Віцебскім абласным краязнаўчым імкнуцца папулярызаваць існуючыя фонды, ладзяцца выстаўкі як у Беларусі, так і за мяжой, актыўна працуюць з музеямі Расіі. Сёлета, як расказала дырэктар установы Таццяна СТАРЫНСКАЯ, па запыце насельніцтва ёсць планы зрабіць дзіцячую выстаўку, дзе аб’яднаюцца інтэрактыў і музейныя экспанаты. Восенню тут пройдуць фестываль «Віцебская акварэль» і навуковая канферэнцыя.
Пунктам прыцягнення для наведвальнікаў па-ранейшаму застаецца Музей Марка Шагала ў Віцебску. Увогуле, кожны музей вобласці мае індывідуальнасць, дзе наведвальнікаў заўсёды чакаюць новыя адкрыцці. Разам з тым музейныя праекты спрыяюць папулярызацыі рэгіёна і ў іншых сферах.
Алена ДРАПКО