Top.Mail.Ru

Што прапаноўваюць беларускія брэнды да жаночага дня

Напярэдадні 8 сакавіка беларускія магазіны і брэнды даказваюць, што могуць скласці годную канкурэнцыю замежным аналагам. Спецыяльныя акцыі, сезонныя зніжкі і ўнікальныя калекцыі прыцягваюць увагу пакупнікоў, якія ўсё часцей выбіраюць айчынную прадукцыю. Як беларускія вытворцы заваёўваюць сэрцы спажыўцоў і што прапануюць да вясновага свята — у нашым матэрыяле.


Для таго, каб вывучыць спецыяльныя сакавіцкія прапановы айчынных вытворцаў, мы адправіліся ў Першы Нацыянальны гандлёвы дом. Адразу прасякнуліся святочнай атмасферай: вітрыны былі ўпрыгожаны вясновымі кветкамі, а на паліцах можна было ўбачыць багацце падарункаў для жанчын. Пакупнікі спяшаліся выбраць ідэальныя сюрпрызы для любімых, а мы пацікавіліся, чаму яны аддаюць перавагу менавіта беларускім брэндам. Мінчанка Вольга адзначыла, што часта наведвае гандлёвы дом, бо яе прывабліваюць асартымент мясцовых магазінаў і прыемныя цэны. 

Наталля, прыехала ў Мінск на шопінг і адзначыла, што сярод беларускіх любімчыкаў у яе вытворцы касметыкі і панчошна-шкарпэтачных вырабаў. Дарэчы, да 8 сакавіка Conte радуе пакупнікоў скідкамі ў памеры ад 15 да 50 працэнтаў у залежнасці ад катэгорыі тавараў. У супрацоўніка крамы мы вырашылі даведацца, які зараз попыт на іх прадукцыю. «Усё, вядома, залежыць ад гандлёвага цэнтра, у якім размешчаны магазін, але ў Першым нацыянальным гандлёвым доме вялікі попыт менавіта з боку турыстаў: расіян, літоўцаў, латвійцаў. Яны аддаюць перавагу беларускай прадукцыі ў першую чаргу з-за якасці. Попыт, безумоўна, павялічваецца напярэдадні свят, часцей за ўсё людзі набываюць у якасці падарункаў шкарпэткі, калготкі або нешта over-size, каб не пралічыцца з памерам», — адзначыла адміністратар гандлёвай залы Дыяна.

На большасці вітрын гандлёвых кропак можна было назіраць банеры з вялікімі скідкамі. Напрыклад, «Світанак» з 4 па 10 сакавіка прапануе набыць тавары з жаночага асартыменту і асартыменту для дзяўчынак па скідцы ў памеры 35%. «Marco» цешыць пакупнікоў зніжкай у 20% на вясновы абутак, уключаючы навінкі, а пры куплі пары абутку па поўным кошце ад 50 рублёў, дадаткова дорыць пару абутку. Фірма Elema прапануе набыць рэчы з новай калекцыі «Вясна-Лета 2025» па скідцы ў 20%. У гонар Дня жанчын брэнд адзення LEMONGRASS прапануе ўнікальную зніжку 30% на сваю прадукцыю, а таксама маляўнічыя пледы і коўдры ад KAMVOL. У крамах GALANTEYA праходзіць акцыя да 30% на шэраг тавараў. Набыць асобны асартымент прадукцыі са скідкай у 25% можна і ў краме «Палессе». Кансультант крамы «Беліта-Вітэкс», Надзея, падкрэсліла, што нягледзячы на адсутнасць скідак напярэдадні свята, іх прадукцыю ўсё роўна скупляюць з задавальненнем, і пераважна замежнікі, каб прывезці падарункі любімым. Большасць з заўважаных намі акцыйных прапаноў працягнецца да 9 сакавіка, таму жадаючым набыць тавары па прыемных коштах варта паспяшацца.

Сярод наведвальнікаў магазінаў у гэтыя дні шмат маладых людзей, даведаліся і іх меркаванне наконт беларускай прадукцыі і святочных скідак. «Вядома, скідкі прыцягваюць маю ўвагу. Асабліва калі зніжаецца цана на тавар, які я даўно хацела купіць. Акцыі прымушаюць адчуваць мяне больш задаволенай, бо заўсёды прыемней купіць нешта таннейшае, асабліва за свае грошы. Таварамі ад беларускіх брэндаў карыстаюся на пастаяннай аснове, асабліва дэкаратыўнай касметыкай. Я лічу, што яны якасныя і танныя», — пракаментавала студэнтка Насця. 

Ні для каго не сакрэт, што папулярнасцю ў якасці падарункаў да 8 сакавіка карыстаюцца кандытарскія вырабы. Жыхар Мінска Віктар падзяліўся сваім меркаваннем адносна беларускіх прысмакаў: «Рэгулярна прыходжу ў крамы „Камунарка“ і „Спартак“, каб парадаваць прысмакамі сям’ю. Мне падабаецца, што шакалад у гэтых вытворцаў заўсёды свежы і асартымент цешыць, перад такім не выстаіш». У Першым Нацыянальным гандлёвым доме набыць салодкія вырабы па добрых скідках можна зараз у краме «Слодыч».

Напярэдадні 8 сакавіка айчынныя вытворцы дэманструюць сваю гатоўнасць радаваць спажыўцоў выгаднымі акцыямі і ўважлівым стаўленнем да запытаў кліентаў. Святочная атмасфера, якая пануе ў гандлёвых залах, і шчырыя водгукі пакупнікоў пацвярджаюць: беларускія тавары заслугоўваюць даверу. З кожным годам усё больш людзей усведамляюць, што падтрымка мясцовых вытворцаў — гэта не толькі выгадна, але і прыемна, асабліва калі гаворка ідзе пра такія важныя і цёплыя святы, як Міжнародны жаночы дзень.

Дар’я ПІЛЮГА, Дар’я АРХІПКОВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю