Top.Mail.Ru

Што прапануюць на лета беларускiя санаторыi?

Здароўе людзей з’яўляецца адным з ключавых клопатаў дзяржавы. Пра гэта ў чарговы раз нагадаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 14 красавiка са старшынёй Мiнскага гарвыканкама. Важным складнiкам здаровай нацыi з’яўляецца аздараўленне як дзяцей, так i дарослых, i наша краiна — адна з нямногiх на постсавецкай прасторы, дзе такiя магчымасцi ёсць, прычым з дзяржаўнай падтрымкай. У апошнiя гады попыт на пуцёўкi ў дзiцячыя лагеры i санаторна-курортныя арганiзацыi павялiчваецца. Сёлета ў летнiя месяцы плануецца аздаравiць каля 400 тысяч дзяцей i больш за 150 тысяч дарослых. Колькi будзе каштаваць пуцёўка ў дзiцячы лагер i санаторый? Цi засталiся яшчэ месцы ў здраўнiцах на чэрвень—жнiвень? Чым беларускi санаторый выгадна адрознiваецца ад курортаў Турцыi i Егiпта? Пра гэта расказаў дырэктар Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва Генадзь Балбатоўскi.


Станоўчая дынамiка

Як паведамiў Генадзь Балбатоўскi, першы квартал сiстэма санаторна-курортнага лячэння i аздараўлення адпрацавала са станоўчым вынiкам. Усе сацыяльныя праекты i праграмы выкананы, як i асноўныя эканамiчныя паказчыкi. У прыватнасцi, запаўняльнасць санаторыяў у першым квартале ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года вырасла i склала 73 %. Павялiчылася i колькасць адпачывальнiкаў: за кошт уласных сродкаў аздараўленне i лячэнне прайшлi 145 тысяч чалавек. Выручка ад рэалiзацыi паслуг павялiчылася на 20 % i перавысiла 221 мiльён рублёў.

Станоўчая дынамiка назiраецца па экспарце санаторна-аздараўленчых паслуг. Колькасць замежных грамадзян, якiя адпачылi ў першым квартале ў беларускiх здраўнiцах павялiчылася на 14 % i склала 51 тысячу чалавек. Выручка вырасла на 25 % i перавысiла 85,5 мiльёна рублёў.

Амаль штотыднёва ў санаторыях укараняюцца новыя метады лячэння, паколькi рэгулярна абнаўляецца iх матэрыяльна-тэхнiчная база. Летась на яе умацаванне ўласнiкамi выдаткавана больш за 220 мiльёнаў рублёў. Захавалася гэта дынамiка i ў першым квартале — на закупку новага абсталявання было выдаткавана 27 мiльёнаў рублёў (на 15 % больш, чым у першым квартале летась).

— Сёння нашы санаторыi забяспечаны абсталяваннем сусветнага ўзроўню. Аднак брэндам застаецца тое, што працэс лячэння прывязаны да выкарыстання прыродных лячэбных фактараў, якiмi валодаюць санаторыi. Гэта мiнеральныя воды i лячэбныя гразi. Таму ўнiкальнасць нашых працэдур — у прымяненнi прыродных лячэбных фактараў, — падкрэслiў Генадзь Балбатоўскi.

Кошт пытання

Ужо сёння санаторыi на лета амаль цалкам забранiраваны. На май-чэрвень гэты паказчык складае 90 %, лiпень — 96 %, жнiвень — 83 %. Плануецца, што цягам трох летнiх месяцаў у аздараўленчых установах адпачнуць каля 600 тысяч чалавек, у тым лiку каля 400 тысяч дзяцей. На дзiцячую аздараўленчую кампанiю з бюджэту выдаткавана 73 мiльёны рублёў.

— Усе ахвотныя дзецi i тыя, хто мае патрэбу, пройдуць аздараўленне i лячэнне ў перыяд летнiх канiкул, — адзначыў Генадзь Балбатоўскi.

У гэты час будзе працаваць каля шасці тысяч лагераў розных тыпаў, з iх 1,5 тысячы з кругласутачным знаходжаннем, каля 4,5 тысячы — з дзённым. Усе 148 стацыянарных лагераў будуць прымаць дзяцей на працягу усёй летняй кампанii.

— Пастаўлена задача арганiзаваць не менш за 4 змены. Адпаведна мы плануем павялiчыць колькасць дзяцей, якiя пабываюць менавiта ў кругласутачных лагерах у перыяд гэтай летняй аздараўленчай кампанii, што вiдавочна будзе больш эфектыўна, — падкрэслiў Генадзь Балбатоўскi.

Што датычыцца кошту пуцёўкi, то яна складзе ў сярэднiм 675 рублёў у лагер з кругласутачным знаходжаннем. Пры гэтым дзяржаўная датацыя — 285 рублёў, такiм чынам яна больш чым на 40 % пакрые кошт пуцёўкi. Сярэднi кошт у лагеры з дзённым знаходжаннем складзе 145 рублёў, а датацыя — 120, што кампенсуе больш за 80 % кошту пуцёўкi.

— Дзяржаўная падтрымка традыцыйна будзе аказана. Бацькам варта аплацiць невялiкi працэнт кошту пуцёўкi, — звярнуў увагу Генадзь Балбатоўскi.

Пры максiмальнай загрузцы санаторыяў лячэнне i аздараўленне ў iх летам пройдуць больш за 150 тысяч чалавек.

— Пераважна гэта грамадзяне нашай краiны. Хоць iснуе меркаванне, што большасць месцаў выкупляецца замежнымi грамадзянамi, гэта не так. Пэўныя месцы, хоць i ў абмежаванай колькасцi, на летнi час яшчэ ёсць. Таму, хто жадае адпачыць у санаторыi, можна пра гэта паклапацiцца, — звярнуў увагу Генадзь Балбатоўскi.

Не трэба нам «бераг турэцкi»?

Кiраўнiк Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва абверг меркаванне, што цэны ў беларускiх санаторыях супастаўныя з адпачынкам на турэцкiх цi егiпецкiх курортах.

— Па маiм даручэннi нядаўна быў праведзены манiторынг цэн. Кошт знаходжання на турэцкiх цi егiпецкiх курортах амаль ўдвая вышэй за кошт у беларускiм санаторыi. Калi ў летнi перыяд кошт аднаго ложка-дня ў стандартным нумары складзе 140 рублёў, то ў гатэлях Турцыi i Егiпта гэта 240 i 250 рублёў, прычым без улiку пералётаў i таго факту, што гатэлi прадастаўляюць паслугi толькi па пражываннi i харчаваннi. Пра паслугi па лячэннi гаворкi не iдзе. У кошт пуцёўкi ў беларускiм санаторыi ўваходзiць кошт паўнацэннага лячэння. Таму такое параўнанне не зусiм карэктнае, — адзначыў Генадзь Балбатоўскi.

Што датычыцца цэн на льготныя пуцёўкi, то кошт складае 82 рублi за адзiн ложка-дзень. Пры працягласцi 15 дзён поўны кошт складзе 1230 рублёў, прычым на льготных умовах сума для аплаты самiм грамадзянiнам атрымлiваецца невялiкай.

Сёння ў Беларусi працуе 97 санаторыяў на 27,7 тысячы месцаў. Гэта лiчба стабiльная ў апошняе дзесяцiгоддзе, аднак у апошнiя некалькi гадоў попыт на адпачынак у беларускiх здраўнiцах расце, i сёння ёсць патэнцыял для будаўнiцтва новых аб’ектаў.

— Па даручэннi ўрада летась быў складзены пералiк перспектыўных месцаў, сыходзячы з наяўнасцi прыродных лячэбных фактараў. Ён даведзены да ўсiх выканкамаў, i сёння перад абласнымi ўпраўленнямi па аздараўленнi i рэспублiканскiм цэнтрам стаiць задача па прыцягненнi iнвестыцый i будаўнiцтве новых аб’ектаў. I гэта работа будзе актывiзавана, бо калi ёсць попыт, трэба будаваць новыя санаторыi, — рэзюмаваў Генадзь Балбатоўскi.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю