Top.Mail.Ru

Што прапануюць замежнікам беларускія санаторыі

Штогод у Беларусь прыязджае вялікая колькасць жыхароў іншых краін не толькі для адпачынку і падарожжаў, але і для атрымання медыцынскай дапамогі. Летась Беларусь наведала больш за 160 тысяч грамадзян са 159 краін свету. Часцей за ўсё па лініі медыцынскага турызму да нас прыязджаюць грамадзяне Расіі, Кітая, Казахстана, Узбекістана, Туркменістана, Малдовы, Арменіі, Грузіі, Сірыі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Італіі. Больш як 60 % ад усіх замежных пацыентаў прыпадае на грамадзян СНД. Рост экспарту медыцынскіх паслуг па выніках 2024 года склаў 10 %. Замежнікаў прывабліваюць не толькі цэны, але і якасць медыцынскіх паслуг. Часта пацыенты прыязджаюць на лячэнне да канкрэтных беларускіх спецыялістаў з кваліфікацыяй сусветнага ўзроўню. Чым яшчэ адметная і прывабная Беларусь для лячэння і санаторна-курортнага аздараўлення і хто ён, медыцынскі турыст, які едзе ў нашу краіну, расказалі спецыялісты.


Чым прывабная беларуская медыцына?

Як патлумачыў кіраўнік дзяржаўнага праекта «Клінікі Беларусі» Ян Бедушэўскі, акрамя цэн і якасці медыцынскіх паслуг, замежнікаў прываблівае і хуткасць аказання медыцынскіх паслуг.

— Паездка ў Беларусь за адносна невялікую суму дае магчымасць прайсці абследаванне тут і цяпер, што часта дазваляе пачаць лячэнне на больш ранніх стадыях, — адзначыў Ян Бедушэўскі. — Найбольш папулярнымі кірункамі медыцынскага турызму з’яўляюцца транспланталогія, анкалогія, кардыяхірургія, пластычная хірургія, акушэрства, нейрахірургія, траўматалогія, дыягнастычныя абследаванні, прафілактычнае лячэнне, аднаўленне пасля перанесеных хвароб, афтальмалогія, а таксама адпачынак у аднаўленчых установах нашай краіны.

Спрыяе медыцынскаму турызму і шырокая сетка лячэбна-дыягнастычных устаноў, якая ахоплівае ўсе кірункі медыцынскай дзейнасці. У Беларусі функцыянуе 16 РНПЦ. Для прасоўвання медыцынскіх паслуг, у тым ліку і за мяжой, створаны і паспяхова функцыянуе дзяржаўны медыцынскі партал «Клінікі Беларусі».

Адметнасць санаторыяў — якасны медыцынскі складнік

За мінулы год у беларускіх санаторыях пабывала 246 тысяч замежных грамадзян. Пераважна гэта адпачывальнікі з Расіі. Але ёсць і грамадзяне экзатычных краін з усіх пяці кантынентаў, уключаючы Паўднёвую Амерыку, Афрыку і Аўстралію. Усяго летась у беларускіх санаторыях пабывалі грамадзяне 63 краін свету.

Увогуле, мінулы год для сістэмы санаторна-курортнага лячэння быў самым паспяховым з 2006 года — моманту яе рэфармавання. Шэраг паказчыкаў удалося дасягнуць упершыню. У прыватнасці, летась аздараўленне ў беларускіх здраўніцах прайшла максімальная з 2006 года колькасць наведвальнікаў — 1 мільён 568 тысяч чалавек (на 6 % больш, чым у 2023-м), у тым ліку 760 тысяч — без выкарыстання бюджэтнага фінансавання.

Дасягнуты рэкордныя лічбы па выручцы, яна перавысіла 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Экспарт паслуг перавысіў 400 мільёнаў рублёў — амаль на 30 % больш, чым у 2023-м.

У краіне дзейнічае шырокая сетка санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Яна ўключае 287 аб’ектаў больш як на 61 тысячу месцаў, з іх 97 больш як на 27 тысяч месцаў — санаторыі.

— Велізарная ўвага ўдзяляецца забеспячэнню нашага насельніцтва, у першую чаргу дзяцей, бясплатнымі і больш таннымі пуцёўкамі. У мінулым годзе на гэтыя мэты дзяржава выдзеліла больш як 252 мільёны рублёў. За кошт гэтых сродкаў санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем забяспечана больш чым 807 тысяч грамадзян. Каля 70 працэнтаў ад асноўнага фінансавання адпраўляецца на аздараўленне, — адзначыў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.

Вядзецца ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай і медыцынскай базы. 

Гэтаму ўдзяляе ўвагу як дзяржава, так і ўласнікі санаторыяў. Летась на гэтыя мэты накіравана больш за 220 мільёнаў рублёў.

У здраўніцах прапануецца шырокі пералік паслуг. Летась распрацавана 59 новых праграм санаторна-курортнага лячэння. Яны разлічаны на розныя тэрміны знаходжання ад 3 да 21 дня і больш. Санаторыі аказваюць больш як 120 медыцынскіх паслуг.

— Практычна ўсе санаторна-курортныя арганізацыі ў нас шматпрофільныя, што дае магчымасць забяспечыць даступнасць працэдур для ўсіх грамадзян, — адзначыў Аляксандр Цай. — Дынамічна развіваюцца такія фізіятэрапеўтычныя метады, як карбаксітэрапія, оксігенатэрапія, азонатэрапія, мінералатэрапія. Актыўна пачаў развівацца касметалагічны і стаматалагічны кірункі.

Падкупляе бяспека

Для любога турыста паказчыкам свабоднай паездкі ў розныя краіны з’яўляецца бяспека, адзначыла дырэктар кампаніі медыцынскага турызму «Трыястайл» Дзінара Варанцова.

— Гэта такія крытэрыі, як бяспека прылёту, бяспека знаходжання ў краіне, бяспека атрымання той ці іншай паслугі, у тым ліку медыцынскай, бяспека валютна-грашовых аперацый. Заўсёды прыемна атрымліваць зваротную сувязь ад калег, партнёраў, пацыентаў, якія прыляталі ў нашу краіну, аб тым, што Беларусь адпавядае абсалютна ўсім крытэрыям бяспекі, — падкрэсліла Дзінара Варанцова.

Акрамя таго, і ў суседніх краінах, і ў далёкім замежжы вядома, што строгі дзяржаўны кантроль таксама гарантуе бяспеку. Напрыклад, замежны турыст ведае: што ўсе беларускія дзяржаўныя клінікі і прыватныя медыцынскія цэнтры атрымалі дзяржаўную ліцэнзію, а ўсё медыцынскае абсталяванне, медпрэпараты і расходнікі абавязкова сертыфікаваны.

Садзейнічае росту колькасці замежных турыстаў наяўнасць у нашых клініках палат павышанай камфортнасці і палат гасцінічнага тыпу, пансіянатаў для суправаджальнікаў.

— Бязвізавы ўезд аблегчыў прыезд у нашу краіну замежных грамадзян. Больш за тое, жыхары тых краін, дзе ўсё ж неабходна атрыманне візы, могуць атрымаць яе па спрошчаным парадку — электронную ці па прылёце ў аэрапорт, ёсць электронная рэгістрацыя. Дзяржава падышла максімальна ўважліва, каб забяспечыць камфортны прылёт і знаходжанне ў нашай краіне, — адзначыла Дзінара Варанцова.

Хто ж ён, замежны медыцынскі турыст? Гэта чалавек, які сумяшчае падарожжа і дыягностыку свайго здароўя, або той, хто прыехаў па эстэтычную прыгажосць (на пластычную аперацыю, па стаматалагічныя паслугі ці для змяншэння вагі) ці адпачыць у беларускім санаторыі. Ёсць і замежнікі, якія прыязджаюць для лячэння па экстранных паказаннях.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю