Top.Mail.Ru

Што прыцягвала ў работах Уладзіміра Лукашыка?

Тыя, хто даўно ведае творчасць мастака Уладзіміра Лукашыка (1953 — 2023), відаць, успомняць многія кнігі з яго афармленнем. Што прыцягвала і цяпер прыцягвае ў яго работах? Што развівае еднасць гледача з мастаком праз пільнае знаёмства з яго графічнымі малюнкамі? Найперш — лаканічнасць, відавочнае жаданне дайсці да галоўнага, сутнаснага. Ён ніколі не спяшаўся. Магчыма, некаму падаецца, што выконваў сваю працу кніжнага графіка даволі марудна... Але плён, вынік пераконвае, што шлях, абраны мастаком, быў правільным. Таму і застаюцца ў памяці надоўга, ужо толькі пасля першага прагляду, яго пераканаўчыя, яго гаваркія ілюстрацыі да кніг Леаніда Дайнекі, Алеся Краўцэвіча, Генрыха Далідовіча, Васіля Гігевіча...


Пасля смерці мастака Нацыянальная бібліятэка Беларусі выдала каталог «Уладзімір Лукашык. 1953–2023 [Выяўленчы матэрыял]: станковая і кніжная графіка. Дызайн». Аўтары-складальнікі — Валянціна Дзеразкова, Лізавета Янусік. З уступнага артыкула да каталога: «...Асноўная частка яго работ — дызайн і ілюстрацыі да кніг і артыкулаў. Дызайн кнігі Уладзіміра Лукашыка — гэта строгая сістэма элемента навігацыі і графікі, якая разбаўляецца тонкімі філасофскімі малюнкамі. Яго графіка і сапраўды філасофская: у жаночых партрэтах адчуваецца характар кожнай мадэлі, яе настрой; пейзажы выглядаюць безжыццёва прывабнымі, а старадаўнія рэчы нашых продкаў намаляваны дасканала выверана з захапленнем кожнай дэталлю. У любым графічным аркушы бачна рука майстра: аб’ект выкананы з невялікай стылізацыяй, прамым асвятленнем і дробнай прапрацоўкай фактуры». Два раздзелы каталога адкрываюць перад намі амаль сто работ Уладзіміра Лукашыка: у «Графіцы» — 31 рэпрадукцыя; у раздзеле «Жаночыя партрэты» — 66... 

Раздзел «Графіка» адкрываецца работамі «Брама вольнасці. 2023 (папера, лічбавае маляванне, лічбавы друк)» і «Брама. 2017 (папера, лічбавае маляванне, лічбавы друк)». З уступнага артыкула да каталога: «У апошнія гады мастак працаваў над праграмным дыптыхам „Брама“. Брама на графічных аркушах выступае пасрэднікам паміж светам жывых і мёртвых. Перад сімвалічнай будоўляй мы бачым белага каня, які заціснуў у зубах цуглі. Але яны не трымаюцца за аброць, таму конь можа аслабіць сківіцы, частка папругі выпадзе — ён стане абсалютна вольным. 

Але жывёла гэтага не робіць, таму што гэтае абмежаванне патрэбна яму як аб’езджанаму каню, бо яго вольнасць асэнсаваная. Яго ўнутраная энергія і сіла ўтаймаваныя. Тут у некаторай ступені праводзяцца паралелі з чалавекам: ён сталее, адукоўваецца, знаходзіць сваё месца ў жыцці, асэнсоўвае сябе неабходнай часткай грамадства — і вось без гэтых цугляў ужо не ўспрымае сваё жыццё. У дыптыху Уладзімір Лукашык філасофствуе над мінулым, сучасным і будучым, абагульняе свой вопыт і выводзіць пасланне нашчадкам». Увогуле коні — асобная тэма ў творчасці У. Лукашыка на працягу ўсяго жыцця. Уражвае і работа з 1991–1992 гг. — «Зацугляны»... 

У каталогу — і рэпрадукцыі малюнкаў да кнігі Васіля Гігевіча «Марсіянскае падарожжа». Пісьменнік Віктар Шніп, які часта сустракаўся з мастаком, занатаваў у адным са сваіх дзённікавых раманаў пра Уладзіміра Лукашыка: «...11.08.2017. А трэцяй працоўнага дня прыходзіў Уладзімір Лукашык. Прынёс з сабой работы сваіх студэнтаў, якія ў час практыкі зрабілі тры арыгінал-макеты кніжак. Адна студэнтка папрацавала над „Прыгодамі мышкі Пік-Пік“ Людмілы Рублеўскай і на праглядзе атрымала дзясятку. І яшчэ адна дзяўчына атрымала дзясятку, а другая дзявятку, зрабіўшы арыгінал-макеты маёй кніжкі хоку „Кроплі з вечнасці“. Уладзімір абяцаў падумаць над афармленнем „Беларускай песні“ Уладзіміра Караткевіча, якая плануецца да выхаду ў наступным годзе ў серыі „100 вершаў“. „Я ўжо не маладзён, таму калі буду рабіць нешта, то зраблю так, каб гэта засталося. Як узор мастацкасці. Халтурыць не буду!“ — сказаў мой госць. Кніжныя праекты, якія ён у свой час распачаў з Мачульскім, Уладзімір збіраецца працягнуць і завяршыць. Ужо гадоў дзесяць працуе над афармленнем „Паноў Кубліцкага ды Заблоцкага“ Пятра Васючэнкі. Мяркуе праз пару гадоў закончыць. Я хацеў сказаць сябру, што з такімі тэмпамі працы над афармленнем яму трэба жыць гадоў трыста, каб ажыццявіць усё, што задумаў. Не сказаў. Дасць Бог, і Валодзя зробіць усё, што хоча, і да ста гадоў...» 

Кароткае адступленне. Традыцыйны кніжны рынак, які расквітнеў напрыканцы XX стагоддзя, у апошняе дзесяцігоддзе істотна звузіўся. І гэта балюча ўдарыла па творчасці кніжных графікаў... Многія славутыя майстры ілюстравання кніг, асабліва кніг мастацкіх, дзіцячай літаратуры, альбо па меры магчымасцей пачалі працаваць для маскоўскіх, санкт-пецярбургскіх кніжных выдавецтваў, ды і для выдавецтваў не толькі Расіі, але і Вялікабрытаніі, краін Заходняй Еўропы, альбо ўвогуле спынілі свае памкненні, захапленне афармленнем кніг пасунулі на лепшае заўтра... Амаль не працавалі як кніжныя графікі ў апошнія гады свайго жыцця такія майстры, як Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі... Кнігавыдавецкая галіна ў сілу аб’ектыўных прычын не здолела стварыць адпаведныя ўмовы для развіцця кніжных графікаў, для належнай ацэнкі іх працы. Хаця разуменне, што без яркіх мастакоў няма руху наперад, кіравала і жаданнем захаваць пэўныя традыцыі ранейшых дзесяцігоддзяў. Размова — і пра конкурс «Мастацтва кнігі», і пра акцэнты ў афармленні дзіцячых кніг на жывую ілюстрацыю, на арыгінальныя аўтарскія адкрыцці. І ўсё ж, і ўсё ж... Несумненна, ва ўмовах 1980-х гадоў, ва ўмовах ранейшых дзесяцігоддзяў кнігавыдавецкай рэчаіснасці талент Уладзіміра Лукашыка як кніжнага графіка набыў бы іншае, болей узнёслае развіццё. Але час такі, які ён ёсць... І ва ўмовах гэтага часу Уладзімір Лукашык і як ілюстратар зрабіў даволі шмат. Перад вачыма — і вокладка да гістарычнага рамана Генрыха Далідовіча «Гаспадар-камень». Што ўжо казаць пра працу мастака над графічным прачытаннем рамана Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі»!.. Раман, які расказвае пра падзеі XII стагоддзя, запатрабаваў ад ілюстратара, мастака кнігі паглыблення ў адпаведны гістарычны адрэзак часу. Але, відавочна, поспеху ў афармленні паспрыяла ў значнай ступені іншае. Уладзімір Лукашык пачуў словы з прадмовы да кнігі «Слова на дарогу»: 

«...У кожнага народа павінна быць нацыянальная энергія і гістарычная памяць. У кожнага». І набіраўся гэтай энергіяй, насычаўся гэтай гістарычнай памяццю. Таму і выглядаюць продкі, гараджане старажытнага Полацка з рамана «Меч князя Вячкі» такімі блізкімі і роднымі... 

Энергія мастака, яго гісторыка-нацыянальны пошук — і ў плакатах, «карцінах, на якіх чытаюцца словы». Трыпціх, створаны ў 2000 годзе («Будзеш есці хлеб», «Пакуль не вернешся ў зямлю», «З якой ты ўзяты» — папера, туш), — гэта і сімвалы, якія выяўляюць мастацкую пазіцыю мастака, адлюстроўваюць яго светабачанне, адносіны да жыцця і мастацтва. «Мы прыходзім у гэты свет гасцямі, і ад кожнага застаецца свой след. Хтосьці пакідае нам вялікую спадчыну, некаторыя ж дасягненні праяўляюцца праз гады і стагоддзі», — так пачынаецца ўступны артыкул да каталога.

Дасягненні Уладзіміра Лукашыка, след яго выразна акрэслены гэтым выданнем. Яно стане і напамінам пра неабходнасць стварэння альбома ці проста кнігі, прысвечанай творчасці сумленнага працаўніка на ніве кніжнай графікі, на ніве выяўленчага мастацтва Беларусі. Уладзімір Лукашык, несумненна, гэтага заслугоўвае. І гэта зразумела ўжо сёння…


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю