Голас дазваляе нам размаўляць, выказваць думкі, пачуцці, дабівацца поспеху ў асабістым жыцці, рабіць кар’еру. Голас адлюстроўвае стан здароўя, асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці, эмоцыі і ўзрост.
Што ён любіць, а што яму не падабаецца?
Аб гэтым расказвае ўрач-отарыналарынголаг-фаніятр, загадчык фаніятрычнага аддзялення кансультатыўнай паліклінікі РНПЦ отарыналарынгалогіі Наталля Канойка.
— Наталля Сяргееўна, з якімі пацыентамі вам часцей за ўсё даводзіцца мець справу?
— Часцей — з прафесіяналамі голасу: артыстамі, вакалістамі, дыктарамі, выкладчыкамі, выхавацелямі дзіцячых садкоў, кіраўнікамі рознага ўзроўню, менеджарамі, бізнесменамі, супрацоўнікамі кол-цэнтраў — тымі, каму па родзе дзейнасці даводзіцца рэгулярна шмат размаўляць. Прыкладна 35 % усіх пацыентаў — дзеці, падлеткі.
— Наш голас пакутуе ў асноўным з-за высокай галасавой нагрузкі?
— Гэта адна з галоўных прычын, але далёка не адзіная. Да парушэнняў голасу часта вядуць прастудныя захворванні, абвастрэнне хранічнай паталогіі (ларынгіты, фарынгіты, сінусіты), а таксама праца ў гэтым стане. Мы назіраем афанію, калі голас поўнасцю знікае, пры некаторых вірусных інфекцыях. Прыкметна дадаў нам працы, зразумела, Covіd-19.
Да змен голасу могуць прыводзіць любыя новаўтварэнні ў гартані (паліпы, папіломы, фібромы і інш.), а таксама аперацыі на органах грудной клеткі, на галаўным мозгу, на сэрцы і г. д. Карыес зубоў выклікае хранічныя захворванні поласці рота, слізістай глоткі і таксама можа прыводзіць да расстройства галасавой функцыі. Падобныя праблемы характэрны і для людзей з паталогіямі слыху. Часам змены голасу — сімптом сасудзістых, генетычных, неўралагічных захворванняў, распаўсюджанай у Беларусі паталогіі шчытападобнай залозы. Ахрыпласць можа з’явіцца пры гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробе, калі перасушваецца слізістая гартані, памяншаецца змазка галасавых складак. Пакутуе голас ад неспрыяльных умоў працы (павышанага шуму, вільготнасці, сухога паветра, залішне высокай ці нізкай тэмпературы, інш.), кандыцыянераў, недасыпання, авітамінозу. Негатыўна адбіваюцца на стане голасу шкодныя звычкі — алкаголь і курэнне. Прычым электронныя цыгарэты наносяць не меншую шкоду, чым звычайныя.
— А чаму нярэдка голас змяняецца падчас выступленняў, прэзентацый, іспытаў, калі людзі хвалююцца і нервуюцца?
— Страхі, стрэсы, хваляванне могуць цалкам паралізаваць голас. Сярод маіх пацыентаў шмат перфекцыяністаў, якія прад’яўляюць да сябе вельмі высокія патрабаванні і пры гэтым стрымліваюць эмоцыі. Галасавыя расстройствы — гэта часта псіхасаматыка.
— Жанчыны больш эмацыянальныя, чым мужчыны. Гэта значыць, іх сярод вашых пацыентаў значна больш?
— Так. І гэта тлумачыцца не толькі эмацыянальнасцю. Гартань — гармоназалежны орган: яна рэагуе на змены ў арганізме жанчыны. Усе вакалісткі ведаюць: у першыя тры крытычныя дні нельга спяваць. Калі парушыць гэта правіла, на галасавых складках могуць з’явіцца вузлы і кровазліццё. Гарманальная перабудова пры менапаўзе, шэраг захворванняў палавой сферы часам прыводзяць да разрастання слізістай на галасавых складках і адбіваюцца на голасе.
— Вы сказалі, што 35 % вашых пацыентаў — гэта дзеці. З-за чаго ў іх узнікаюць праблемы з голасам?
— У іх, як правіла, з-за галасавых перагрузак. Фарміраванне голасу шмат у чым звязана з тым, у якой сям’і растуць дзеці, як камунікуюць бацькі. Хлопчыкі і дзяўчаты пераймаюць манеру дарослых размаўляць паміж сабой. У крыклівых мам і тат звычайна такія ж дзеці. Пастаяннае напружанне голасу прыводзіць да яго зрыву, з’яўлення «вузельчыкаў крыкуна». Акрамя таго, дарослыя сёння часта, на мой погляд, аддаюць сыноў і дачок у вакальныя, харавыя і тэатральныя гурткі, не ўлічваючы іх галасавыя магчымасці, не задумваючыся, ці не залішняя там нагрузка на іх галасавы апарат. Як правіла, мы раім падлеткам адмовіцца ад харавых спеваў, публічных вакальных выступленняў і захаваць толькі індывідуальныя заняткі.
— А пра што сведчыць «дзіцячы» — вельмі высокі — голас у дарослых мужчын і жанчын?
— Асноўная прычына інфантыльнага голасу ў мужчын — зацягнутая або незавершаная мутацыя. Радзей гэта тлумачыцца нерацыянальнай манерай голасавядзення, гарманальнымі парушэннямі, псіхалагічнымі і неўралагічнымі праблемамі. Нярэдка да нас трапляюць жанчыны са скаргамі на змены ў голасе, сарванасць, асіпласць. І калі ў іх дзіцячы, празмерна высокі, пісклявы голас, мы звяртаем на гэта ўвагу. Але шмат каго гэта задавальняе. Яны лічаць: гэта робіць іх больш ранімымі, безабароннымі, павялічвае да іх цікавасць прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. Насамрэч больш сексуальнымі, прывабнымі лічацца нізкія галасы, а ненатуральна высокія, наадварот, выклікаюць трывогу і характэрныя звычайна для залішне эмацыянальных дам з псіхалагічнымі праблемамі.

— Ці часта да вас звяртаюцца дарослыя з просьбай зрабіць іх голас больш прыемным, прывабным?
— Досыць часта. Прычым не толькі прафесіяналы голасу. Памятаю трактарыста, які звярнуўся з падобнай просьбай. Мужчына хацеў ажаніцца, але яго выбранніца не адказвала ўзаемнасцю, як ён сам лічыў, з-за яго «асаблівага» голасу. Праблемы ў пацыента сапраўды былі. Фанапед (педагог па пастаноўцы голасу) дапамог яму загаварыць больш мужна, і асабістае жыццё ў яго наладзілася.
— Што павінна насцярожыць у стане голасу і стаць падставай для візіту да фаніятра?
— Калі ваш голас змяніўся (стаў больш слабым, няўстойлівым, дрыжачым, ахрыплым, чужым) і гэта адбылося без бачных прычын — прастуд, аперацый, стрэсаў. Для пачатку трэба некалькі дзён рассмоктваць травяныя пасцілкі, зрабіць інгаляцыі з фізрастворам, выконваць галасавы рэжым. Але калі паляпшэнне не наступіць, варта звярнуцца да отарыналарынголага. Чым раней выяўляецца праблема, тым з большай верагоднасцю яе можна вырашыць.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота дадзена суразмоўцай