Для бацькоў самае важнае, самае дарагое, дзеля чаго, уласна, і жывём — гэта дзеці. Яны — наша сёння і наша заўтра. А вось якое?
У поўнай сям’і, дзе ёсць мама і тата, дзеці растуць шчаслівымі, бо нехта адзін не воін на гэтым «полі». Матуля, як бы яна ні старалася, не справіцца з усім без бацькі, бо дзяцей жа трэба не толькі карміць, адзяваць ды абуваць. Трэба займаць іх вольны час: разам маляваць, гуляць, чытаць разумныя кніжкі, рабіць урокі... Але ж пры тым ніхто не адмяняў работу, клопат пра грошы, быт. Іншымі словамі, «воз» гэты зусім не для жанчыны. Мужчыну, калі ён застаецца з дзіцем ці дзецьмі, цяжэй удвая. А вось разам — і лягчэй, і весялей.
Тата, згадзіцеся, чалавек незаменны, асабліва для хлопчыкаў, бо каля яго малыя вучацца многім мужчынскім справам: штосьці майстраваць, прыбіваць, габляваць, рамантаваць... Пры гэтым малыя наглядна пераймаюць бацькаў досвед, яго ўменне і веды. У будучым ўсё можа спатрэбіцца.
Ды і ў выхаванні дзяўчынак тата зусім не ў баку. Адзін з маіх знаёмых усіх траіх дачушак браў з сабой на рыбалку і ў лес, вучыў майстраваць, кіраваць машынай.
Шмат чаму дзеці вучацца і побач з матуляй: гатаваць, прыбіраць, вырошчваць гародніну, вязаць, рабіць прычоскі... Дзякуючы гэтым навыкам падлеткам лягчэй потым выбраць сабе прафесіі.
Але ж галоўнае з самых першых гадоў, пакуль ёсць цікавасць і жаданне, — малых трэба прывучыць да працы, да пэўных абавязкаў па дому, па гаспадарцы. Калі гэты час упусціць, у сям’і, як мне здаецца, непазбежна ўзнікнуць праблемы. На адрас падрослых дзяцей раней ці пазней, але пасыплюцца папрокі. Каб не чуць іх, падлеткам не захочацца ісці дамоў... І тады, каб усё наладзіць, абаім бацькам прыйдзецца прыкласці нямала намаганняў.
...Разумею: усе людзі розныя, сем’і — таксама, але ж вельмі хочацца, каб шчаслівых у нас было як мага больш, каб бацькі разам з дзецьмі радаваліся кожнаму новаму дню і таму, што жывуць на гэтай зямлі.
Таццяна ЧЭКЕД
г. Гомель
Фота з адкрытых крыніц