На гэтым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць у сваіх выбарчых акругах. Пастаўскую выбарчую акругу № 29 з рабочым візітам наведаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар СЕРГЯЕНКА. Цэнтральнай падзеяй яго паездкі стаў удзел у адкрытым пасяджэнні ў Пастаўскім райвыканкаме, падчас якога абмеркавалі работу, якая праводзіцца па ўключэнні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая зусім не выкарыстоўваецца або неэфектыўна выкарыстоўваецца, а таксама з пустымі і старымі дамамі ў раёне.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў важнасць пытання, звязанага з уцягваннем у абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца, а таксама тэмы зносу старых і пустых дамоў: «Гэта важны кірунак дзейнасці ўсіх службаў любога сельскагаспадарчага раёна нашай краіны, — адзначыў Ігар Сергяенка ў размове з журналістамі. — Шмат маёмасці, будынкаў, якія састарэлі, у сілу розных прычын, не выкарыстоўваюцца сёння. Размова ішла (падчас адкрытага пасяджэння. — „Зв.“) пра тое, як гэта работа арганізавана ў Пастаўскім раёне. Можна сказаць, парадак тут наводзіцца».
Указ Прэзідэнта № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі» палегчыў работу мясцовым органам улады са старымі і закінутымі дамамі, адзначылі спецыялісты падчас пасяджэння.
Хоць існуе нарматыўна-прававая база, узнікаюць і праблемныя пытанні. «Напрыклад, сёння нельга прызнаць будынак старым і патрабуючым зносу, калі не знойдзеш яго ўласніка. А ўласнікі будынка, асабліва ў гэтым пагранічным раёне, могуць пражываць у Літве, Латвіі. Пошукі працягваюцца па некалькі гадоў, перш чым прыняць рашэнне», — прывёў прыклад Ігар Сергяенка і адзначыў, што гэту тэму неабходна будзе яшчэ прапрацаваць.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў падчас пасяджэння падрабязна спыніўся на навэлах, што ўтрымліваюцца ў законапраекце «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін», які дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні восенню мінулага года. Зараз дакумент актыўна дапрацоўваецца. Ігар Сергяенка заклікаў правесці яго дэталёвае абмеркаванне. Упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці, наведваючы Паставы, яшчэ раз звярнуў увагу на важнасць гэтай работы, бо рэалізоўваць навацыі прыйдзецца якраз на месцах.
«Ліквідацыя прабелаў у заканадаўстве дапаможа аператыўна вырашаць пытанні на зямлі, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Я ўбачыў, што новаўвядзенні на ўзроўні рэспублікі, вобласці абмяркоўваюцца, а на ўзроўні раёна пра іх нават і не ведаюць. У бліжэйшы час мы актывізуем гэту работу так, каб у працэс абмеркавання былі ўцягнутыя тыя людзі, якія непасрэдна будуць займацца іх рэалізацыяй на зямлі».
Падчас абмеркавання кіраўнікі сельсаветаў расказалі спікеру аб праблемах, з якімі сутыкаюцца на месцах пры выкарыстанні нарматыўна-прававой базы ў гэтай сферы. Канструктыўныя прапановы па яе ўдасканаленні з боку мясцовай улады былі ўзяты ў работу.
Усяго ва ўласнасці Пастаўскага раёна знаходзіцца больш за тры тысячы аб’ектаў, што складае каля 343 тысяч «квадратаў» маёмасці. З іх крыху больш за 100 тысяч квадратных метраў не выкарыстоўваюцца. Такую лічбу прывяла намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Ірына НЕСЦЯРОНАК падчас пасяджэння. «Спынюся на спецыфіцы нашага раёна, — сказала яна. — Больш за 14 тысяч „квадратаў“ складаюць аб’екты былых ваенных гарадкоў, з якіх крыху больш за 13 тысяч сёння не выкарыстоўваюцца. Не выкарыстоўваецца таксама амаль 25 тысяч квадратных метраў былых сацыяльных аб’ектаў. Не запатрабаваныя амаль 32 тысячы квадратных метраў — маёмасць былых банкрутаў. Актуальнасць гэтага пытання на сёння відавочная»
***
Акрамя ўдзелу ў адкрытым пасяджэнні ў Пастаўскім райвыканкаме, Ігар Сергяенка прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе «Пастаўшчына працоўная», прысвечаным падвядзенню вынікаў работы за 2025 год, уручыў падзякі найлепшым прадстаўнікам працоўных калектываў. Спікер Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што станоўчыя змены за мінулы год адбыліся практычна па ўсіх кірунках: «За мінулы год у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна забяспечана станоўчая дынаміка па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце, інвестыцыях у асноўны капітал, экспарце тавараў і паслуг», — дадаў ён.
У прыватнасці, у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» на Пастаўскім малочным заводзе ў мінулым годзе ўведзены новыя лініі па выпуску малака і тварагу, створана некалькі дзясяткаў рабочых месцаў. У Паставах уведзены ў эксплуатацыю новы корпус Цэнтральнай раённай бальніцы, адрамантаваны шэраг памяшканняў медыцынскага прызначэння ў сельскіх населеных пунктах.
Завяршальным пунктам рабочай паездкі Ігара Сергяенкі ў Паставы стала сустрэча з будаўнікамі дарог. Спікер азнаёміўся з работай філіяла Віцебскаблдарбуда «Пастаўскае ДРБУ — 132».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА
г. Паставы