У гэтым годзе археалагічны сезон у Крэве пачаўся рана — яшчэ ў лютым. Гэтыя месяцы працы дакладна не прайшлі дарма: раскопкі канчаткова пацвердзілі наяўнасць трэцяй вежы, а таксама ўказалі на сляды нападу на крэпасць у 1433 годзе. Аб нечаканых адкрыццях у Крэўскім замку расказвае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX—XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.
Крэўскі замак стаў першым замкам у ВКЛ, пабудаваным цалкам з каменя. У яго сценах у 1382 годзе быў забіты вялікі князь Кейстут, а праз тры гады пасля гэтага падпісана знакамітая Крэўская унія. Нажаль, у нашы дні ад замка засталіся толькі руіны. Цяпер мястэчка Крэва нярэдка ўключаецца ў маршруты турыстычных вандровак. На тэрыторыі актыўна ідуць рэстаўрацыйныя работы.
«За вясну і за першы месяц лета мы поўнасцю адкрылі перыметр трэцяй вежы замка. Гэта абсалютна нечаканае адкрыццё, таму што традыцыйна на ўсіх планах, у рэканструкцыях, апісаннях мы мелі звесткі толькі пра дзве вежы. Раптам знаходзім трэцюю», — падзяліўся гісторык.
З 1432 па 1439 год у Вялікім княстве Літоўскім праходзіла грамадзянская вайна, якая закранула і Крэўскі замак. Князь Свідрыгайла ішоў на Вільню, і можна выказаць меркаванне, што менавіта тады і была разбурана трэцяя вежа.
«Самае важнае адкрыццё апошніх тыдняў — хваёвае бервяно даўжынёй чатыры метры, якое знаходзілася на ўзроўні падлогі. На ім выразна прыкметныя сляды пажару 1433 года, калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак.
Таксама побач з вежай мы знайшлі праём без унутранай забудовы, які можам інтэрпрэтаваць як унутраныя вароты. Праз іх, хутчэй за ўсё, войскі Свідрыгайлы і прарваліся», — дадаў Алег Дзярновіч.
Мабыць, адна з самых значных падзей у гісторыі Крэўскага замка — падпісанне аднайменнай уніі ў жніўні 1385 года. Згодна з дагаворам, князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла, які ўзяў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, абвяшчаўся польскім каралём.
«Нашы адкрыцці змянілі ўяўленні пра Крэўскі замак. Раней у нас была канцэпцыя, што ён быў сховішчам, дзе мясцовае насельніцтва магло схавацца ад небяспекі. Так паведамлялі ўсюды — у падручніках, на інтэрнэт-рэсурсах. Цяпер жа ракурс змяніўся, і мы можам казаць, што Крэўскі замак — гэта рэзідэнцыя. Менавіта тут і была заключана Крэўская унія, польскія паслы прыехалі сюды да Ягайлы», — адзначыў Алег Дзярновіч.
Яшчэ ў ліку цікавых знаходак — бронзавая накладка, аналагі якой у чэшскай археалагічнай літаратуры інтэрпрэтуюцца як паясныя гарнітуры XIV стагоддзя, пражскія грошы — адны з самых распаўсюджаных манет Еўропы ў Сярэднявеччы. Аднак пошукі ў Крэве не накіраваныя на пошук асобных артэфактаў, прызнаецца вучоны.
«Нас, вядома, у першую чаргу цікавяць архітэктурныя дэталі. Артэфактаў асаблівых тут няшмат, таму што пасля разбурэння вежы амаль нічога не засталося. Часта знаходзім дэталі керамікі і пліткі. Такіх масавых знаходак каля сотні», — расказаў гісторык.

На разбурэнні Крэўскага замка адбілася таксама Першая сусветная вайна, падчас якой праз Крэва праходзіла лінія фронта. З восені 1915 года мястэчка падзялілася на дзве часткі, і замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі. Больш за тры гады тут вяліся пазіцыйныя баі.
«У гады вайны Крэўскі замак быў фарпостам і тут, вядома, усё вельмі насычана артэфактамі той эпохі. Знаходзім асколкі снарадаў, наканечнікі куль, салдацкія флягі. У гэтым сезоне знайшлі ручны ліхтарык, нават батарэйкі ў ім засталіся», — адзначыў вучоны.
Інстытут гісторыі НАН надае значную ўвагу вывучэнню Крэўскага замка. На месцы працуе вялікая каманда, удзельнічае будаўнічая тэхніка.
«Праходзяць пошукавыя і рэстаўрацыйныя работы, выкарыстоўваецца кран. Удзельнічаюць супрацоўнікі „Белрэстаўрацыі“. Магістранты і студэнты нашых ВНУ ў якасці валанцёраў адказваюць за апрацоўку і чыстку матэрыялаў. Мы таксама вывучаем Крэўскае гарадзішча, але там іншы характар даследаванняў», — дадаў Алег Дзярновіч.
Археалагічны сезон у Крэве не скончаны. Верагодна, далей вучоных чакае яшчэ нямала цікавых адкрыццяў.
Паводле БелТА,
Фота: Інстытут гісторыі НАН Беларусі