Гідраметэаралагічнае забеспячэнне і маніторынг стану навакольнага асяроддзя — ключавыя фактары для ўстойлівага развіцця кожнай дзяржавы, асабліва ва ўмовах сучасных палітычных выклікаў. Прагнозы надвор’я і папярэджанні аб небяспечных і неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах дазваляюць прыняць прэвентыўныя меры дзеля бяспекі жыцця і здароўя, маёмасці насельніцтва і прадухілення патэнцыяльнага ўрону для эканомікі нашай краіны.
Забеспячэнне органаў дзяржаўнага кіравання, галін эканомікі і насельніцтва краіны своечасовай і дакладнай інфармацыяй аб кліматычных працэсах — адна з першарадных задач, ускладзеных на Белгідрамет.
Паводле слоў начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марыны ГРЫЦКЕВІЧ, лета 2024 года паказала на недастатковую шчыльнасць дзеючай сеткі прыземных метэаралагічных назіранняў для маніторынгу лакальных небяспечных з’яў лакальнага маштабу. Згодна з планам па ўдасканаленні функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый на 2024–2026 гады, для паляпшэння якасці прагназавання надвор’я і далейшага развіцця сеткі гідраметэаназіранняў ажыццяўляецца ўстаноўка аўтаматычных метэастанцый. Так, летась было пабудавана 5 такіх станцый — у Столінскім, Чачэрскім, Воранаўскім, Свіслацкім і Асіповіцкім раёнах. Сёння ў наглядальную сетку Белгідрамета ўваходзяць 73 аўтаматычныя метэастанцыі. Яны будуць устаноўлены ў кожным раёне, што паспрыяе павелічэнню дакладнасці прагнозаў надвор’я ў абласных і раённых цэнтрах.
— Небяспечныя гідраметэаралагічныя з’явы штогод наносяць вялікі эканамічны ўрон. У сувязі з гэтым асаблівую актуальнасць для забеспячэння нацыянальнай бяспекі набывае задача развіцця і ўдасканалення сістэмы колькаснага прагназавання надвор’я з улікам апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі. У 2025 годзе Белгідрамет сумесна з вучонымі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачаў распрацоўку тэхналогіі сярэднетэрміновага прагназавання надвор’я на аснове машыннага навучання і нейрасетак. Укараненне гэтага прадукту забяспечыць высокую дакладнасць прагнозаў надвор’я і папярэджанняў, а таксама іх своечасовасць, — падзялілася Марына Грыцкевіч.
У цяперашні час у Белгідрамеце развіваецца адраснае абслугоўванне спажыўцоў гідраметэаралагічнай інфармацыі. Напрыклад, для лесагаспадарчых прадпрыемстваў падрыхтоўваюцца разлікі і прагнозы, неабходныя для планавання і правядзення лесагаспадарчых і прыродаахоўных работ, у тым ліку прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне пажараў у лясных экасістэмах.

У сувязі са змяненнем клімату ўзрасла патрэбна ва ўдасканаленні методык для гідралагічнага прагназавання. Сумесна з прадстаўнікамі НАН Беларусі выконвалася навукова-даследчая работа па стварэнні праграмнага комплексу для ацэнкі гідраметэаралагічнай абстаноўкі Беларусі з басейнамі трансгранічных рэк. Распрацоўка і ўкараненне гэтага праграмнага комплексу ў аператыўную работу спецыялістаў-гідролагаў Белгідрамета забяспечыць аператыўны маніторынг і картаграфаванне басейнаў, а таксама дапаможа аператыўна, з высокай дакладнасцю разлічваць максімальныя ўзроўні вады па мадэлі множнай рэгрэсіі на трансгранічных рэках Беларусі, што, у сваю чаргу, павысіць якасць і дакладнасць гідралагічных прагнозаў.
З 2023 года Белгідрамет падключаны да сістэмы метэапапярэджанняў, распрацаванай Гідраметцэнтрам Расіі. Карта размешчана ў свабодным доступе на афіцыйным сайце беларускай гідраметэаслужбы і дазваляе ацаніць ступень небяспекі метэаралагічных з’яў, якія прагназуюцца, і рызыкі, у тым ліку ў разрэзе абласцей. Атрымаць папярэджанні аб небяспечных і неспрыяльных з’явах надвор’я можна і праз мабільны дадатак «Надвор’е ў кішэні».
Белгідрамет пастаянна праводзіць работу, накіраваную на ўдасканаленне прагнознай інфармацыі і набліжэнне яе зместу да спецыфікі дзейнасці спажыўцоў, даступнасць і зразумеласць звестак.
Зоя САЛАЎЁВА
Фота БелТА