Top.Mail.Ru

Што робіцца ў нашай краіне для інклюзіі людзей з інваліднасцю?

Палітыка падтрымкі істотная і маштабная

У Беларусі жыве больш за 550 тысяч людзей з інваліднасцю, а гэта 6 % ад насельніцтва краіны. У нашай дзяржаве старанна ствараюцца ўмовы, пры якіх гэтыя людзі могуць быць актыўнымі і паўнапраўнымі ўдзельнікамі жыцця грамадства. Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА расказала пра меры падтрымкі людзей з асаблівасцямі.

Пенсіі, дапамогі, ільготы

— У календары сацыяльна значных дат Міжнародны дзень інвалідаў займае асаблівае месца. Гэта яшчэ адна нагода ацаніць дасягненні сацыяльнай палітыкі і, безумоўна, абмаляваць перспектывы грамадства, у якім каштоўнасць чалавека і яго самарэалізацыя не залежыць ад стану здароўя, — адзначыла намеснік міністра.

Менавіта таму напярэдадні гэтай даты па ўсёй краіне праводзіцца вялікая колькасць разнастайных і маштабных мерапрыемстваў — сёлета іх арганізавана каля 70 ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта мастацкія выстаўкі-кірмашы, інклюзіўныя форумы, дыялогавыя пляцоўкі, розныя святочныя мерапрыемствы.

  • Самай важнай, бадай, мерай падтрымкі з’яўляюцца сацыяльныя гарантыі і грашовыя выплаты. Прычым з году ў год сацыяльная падтрымка людзей з інваліднасцю ўзмацняецца. Сёння дзяржавай гарантаваны комплекс мер, які ўключае пенсіі, дапамогі, ільготы.

— Фінансаванне гэтых кірункаў застаецца значным. Толькі за мінулы год і 9 месяцаў бягучага на фінансаванне пенсій і дапамог накіравана амаль 10 мільярдаў рублёў. З іх амаль 90 % — на фінансаванне пенсій. Больш за 612 мільёнаў рублёў складаюць выплаты дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Мы канстатуем станоўчыя вынікі

такой сямейна-арыентаванай палітыкі, накіраванай на падтрымку сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, паколькі адзначаем, што паступова зніжаецца колькасць дзяцей з інваліднасцю ў сацыяльных пансіянатах. У сістэме органаў сацыяльнай абароны на сёння 9 такіх устаноў. За апошнія 5 гадоў колькасць іх выхаванцаў знізілася на 30 % і сёння складае 433 дзіцяці. Гэта сведчыць пра тое, што палітыка падтрымкі сям’і, дзе выхоўваюцца дзеткі-інваліды, вельмі істотная і маштабная, — прывяла лічбы Марына Арцёменка.

Нормы ад жыцця

Намеснік міністра нагадала, што шэраг навацый для сямей, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, уступілі ў сілу з пачатку бягучага года. Сям’і, дзе дзіцяці-інваліду 1-й групы споўнілася 18 гадоў, працягваецца выплата дапамогі на малодшых дзяцей да іх паўналецця. Гэта істотная норма, дарэчы, ініцыяваная самімі грамадзянамі. Яшчэ адна сёлетняя навацыя — пашыраны магчымасці занятасці для бацькоў, якія ажыццяўляюць догляд за дзіцем-інвалідам. У прыватнасці, такія бацькі сёння могуць прайсці навучанне ў службе занятасці без спынення выплаты дапамогі па доглядзе.

Для сямей, якія выхоўваюць двое і больш дзяцей, прадугледжаны асаблівыя ўмовы аплаты бальнічных лістоў, нават аплата бальнічнага іншай суправаджальнай асобе на рэабілітацыю і санаторна-курортнае лячэнне дзіцяці-інваліда і адначасовай аплаты двум асобам. Спрошчаны таксама парадак уліку перыядаў занятасці для прызначэння дапамог на дзяцей, пашыраны ўмовы атрымання дапамогі на дзяцей да 18 гадоў, якія навучаюцца на платнай аснове, устаноўлены дадатковыя павышэнні да пенсіі ў памеры ад 80 да 110 % БПМ дзецям-інвалідам і інвалідам з дзяцінства 1-й і 2-й груп, якія страцілі аднаго з бацькоў.

З 2024 года дзейнічае яшчэ адна запатрабаваная норма — права ажыццяўляцьдогляд за інвалідам 1-й групы, атрымліваць дапамогу і адначасова працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці на 0,5 стаўкі. Гэтай нормай ужо скарысталася больш за тысячу чалавек.

Значнымі формамі падтрымкі людзей з інваліднасцю з’яўляюцца сацыяльнае абслугоўванне і сацыяльная рэабілітацыя. Тут развіваюцца новыя паслугі, у прыватнасці накіраваныя на тое, каб забяспечыць іх па месцы жыхарства. Ва ўсіх 146 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрыты аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі ва ўмовах дзённага знаходжання. Штогод іх наведвае каля 9 тысяч чалавек. Папулярная паслуга персанальнага асістэнта — ёй скарысталася больш за 3,6 тысячы чалавек (на 20 % больш, чым летась).

  • Запатрабаваны і бясплатны стацыянарны курс сацыяльнай рэабілітацыі працягласцю 30 дзён. Яго на сёння прапануюць 20 аддзяленняў сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі на базе сацыяльных пансіянатаў, а таксама сталічны цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі «Расток», які прымае як дарослых, так і дзяцей, прычым і з рэгіёнаў краіны. За год такую рэабілітацыю прайшло больш за 1,5 тысячы людзей з інваліднасцю.

Важнай для сацыяльнай інклюзіі людзей з інваліднасцю з’яўляецца магчымасць працаваць. Сёння ў нашай краіне працуе 61,5 % людзей, якія маюць рэкамендацыі медыкаў да працы. І штогод іх колькасць павялічваецца на 2-2,5 тысячы чалавек.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю