Летнія трапічныя ліўні становяцца галаўным болем для мінчан і гарадскіх улад: падтопленыя вуліцы і магазіны, плаваючыя машыны, спынены на некалькі гадзін грамадскі транспарт... Сталічныя ўлады каторы год імкнуцца вырашыць праблему гарадскіх патопаў. Год таму будаўніцтвам аб’ектаў ліўневай каналізацыі занялося прадпрыемства «Гардарбуд». Ужо сёлета ў эксплуатацыю будзе здадзены адзін з найбольш буйных праектаў — ліўневы калектар «Яркава». І, як абяцаюць спецыялісты, з паступовай рэалізацыяй усёй праграмы, вады на сталічных вуліцах падчас ліўняў будзе ўсё менш і менш.
Праграма «Пасейдон»
Цяпер у Мінску і вакол яго будуюцца новыя аб’екты, у тым ліку ліўневыя ачышчальныя збудаванні. Адзін з найбольш буйных — ліўневы калектар «Яркава», які забяспечыць водаадвядзенне з тэрыторыі Фрунзенскага раёна. Завяршыць работы тут плануецца да канца года. Дадаткова распрацоўваецца яшчэ восем участкаў ліўневых каналізацый па Мінску. Праектуецца і некалькі аб’ектаў перахопу сцёкаў.
— Нельга сказаць, што гэта дастатковы аб’ём работ. Зацверджаная праграма «Пасейдон» прадугледжвае тры этапы. Першы павінен закрыць першачарговыя вострыя праблемы, другі разлічаны на сярэднятэрміновую перспектыву, трэці прадугледжвае ўзвядзенне выпускных калектараў, ачысткі сістэмы і інш. Да першага этапу мы прыступілі і плануем яго рэалізаваць у найбліжэйшыя год-паўтара. «Яркава» ў поўнай меры рэалізуем сёлета, — кажа дырэктар ДП «Гардарбуд» Сяргей Панёў.
Што ж зменіцца з уводам «Яркава»? Праект дазволіць перахопліваць вялікія аб’ёмы ліўневых вод на падыходах да Фрунзенскага раёна і накіроўваць іх адразу ў вадасховішча Яркава. Аб’ект ахоплівае вялікую прамысловую тэрыторыю на ўскраіне сталіцы — у зоне вуліцы Мантажнікаў. Дажджавыя воды з гэтай плошчы больш не будуць трапляць у агульную ліўневую сістэму Фрунзенскага раёна, што аблегчыць сітуацыю ва ўсім раёне. У далейшым запланавана замена калектараў на большыя ў дыяметры.
— Схема для пазбягання падтапленняў разлічана і падрыхтавана. Цяпер займаемся рэалізацыяй, — рэзюмаваў Сяргей Панёў.
У рэжыме 24/7
Маштабныя работы вядуцца ў сталіцы і па капрамонце пяці пуцеправодаў і мастоў. Капрамонт двух ужо завершаны. Адзін з іх знаходзіцца на вуліцы Даўгабродскай і перасякае вуліцу Ванеева. Другі, праз чыгуначныя пуці на вуліцы Брэст-Літоўскай, прыняты ў эксплуатацыю ў красавіку. Актыўныя дэмантажныя работы цяпер праводзяцца на мосце, які падлягае капрамонту, цераз Свіслач па вуліцы Галадзеда.
Тэрмін іх завяршэння — снежань. Да канца гэтага года будзе поўнасцю адкрыты рух і па абноўленым пуцеправодзе на вуліцы Ваўпшасава.
Галоўны ж аб’ект, на якім цяпер засяроджана ўвага «Гардарбуда», — самы працяглы пуцеправод сталіцы (даўжыня 289 метраў), які злучае праспект Незалежнасці і вуліцу Маскоўскую. Пасля рэканструкцыі яго цэнтральны пралёт даўжынёй 160 метраў над чыгуначнымі пуцямі будзе мець металічную аснову, што забяспечыць надзейнасць і даўгавечнасць. Тут, як і на астатніх маставых збудаваннях, работы вядуцца без выхадных дзён у рэжыме 24/7. Гэты аб’ект таксама плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца бягучага года.
— У Мінску на сёння 106 пуцеправодаў і мастоў, планавае абнаўленне часткі з іх пачалося яшчэ некалькі гадоў таму. 26 з іх ужо прайшлі рэканструкцыю і капрамонт. У нас дастаткова рэгулярна праводзяцца абследаванні гэтых штучных збудаванняў, таму ў асноўным яны знаходзяцца ў здавальняючым стане. Складзены пералік аб’ектаў, якія намечана адрамантаваць да 2030 года. Гэта каля 30 пуцеправодаў і мастоў, — праінфармаваў Сяргей Панёў.
З мінімальнымі нязручнасцямі для гараджан
Улетку найбольш актыўна вядзецца і абнаўленне сталічных вуліц. Гэта як ямачны рамонт, устараненне калейнасці, герметызацыя расколін, так і поўная замена пакрыцця. Сёлета рамонтныя работы былі запланаваны на плошчы 1 млн 885 тысяч кв. м. Адметна, што большая іх частка ўжо выканана. Цалкам абнавілі пакрыццё па вуліцы Карбышава, на ўчастку праспекта Машэрава, вядуцца работы на праспекце Дзяржынскага ў раёне МКАД. Увогуле ж дарожнае пакрыццё заменяць на 60 сталічных вуліцах ці іх участках агульнай плошчай звыш 1 млн кв. м. На плошчы 423,7 тыс. кв. м пакрыццё ўжо абноўлена. Завершаны работы на вуліцах Сыракомлі, Чачота, Ташкенцкай, Казінца, Я. Коласа, Сапёраў, Смілавіцкім тракце, асобных участках МКАД.

Акрамя таго, праводзяцца работы па ўладкаванні штучных няроўнасцяў і канструкцыйных завужэнняў праезнай часткі — як правіла, каля навучальных устаноў. Гэтыя работы плануецца завяршыць да верасня. Каб дарожныя пакрыцці праслужылі даўжэй, выкарыстоўваецца тэхналогія нанясення ахоўных тонкіх пластоў. Яе прымянілі на вуліцах Кірыенкі, Адоеўскага, Кашавога, Ангарскай, Байкальскай, Русіянава, Праграмістаў, Асаналіева, Някрасава, Лібкнехта.
Для якасці і надзейнасці пакрыцця выкарыстоўваюцца спецыяльныя асфальтабетонныя сумесі павышанай дэфармацыйнай устойлівасці. Яны лепш супрацьстаяць утварэнню калейнасці і служаць даўжэй. Каб падоўжыць міжрамонтны тэрмін, дадаткова выконваецца павярхоўная апрацоўка ахоўнымі пластамі. Як правіла, яна праводзіцца праз некалькі гадоў пасля капітальнага рамонту вуліц ці іх участкаў. Па нарматывах міжрамонтны інтэрвал складае 6–8 гадоў. Ахоўная апрацоўка падаўжае яго ўдвая.
— Тэхналогіі, якія прымяняюцца цяпер, не новыя. Яны «прыйшлі» з вопыту і практыкі некалькі гадоў таму, але паказалі сваю эфектыўнасць, — адзначыў начальнік упраўлення «Цэнтр» ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Руслан Ясючэня. — У зімовы час выкарыстоўваюцца літыя асфальтабетонныя сумесі. З іх дапамогай можна рабіць рамонт пры тэмпературы да мінус 10 градусаў. Прадпрыемствы аб’яднання закупілі тэрмас-бункеры павялічанага аб’ёму. Калі раней прымянялі тэрмас-бункеры аб’ёмам да 2-3 тон, то цяпер можам перавозіць да 10 тон, што істотна змяншае затраты і павышае прадукцыйнасць.
Работы імкнуцца выконваць у начны час і выхадныя дні. Як правіла, рамонт пачынаецца вечарам пятніцы, а раніцай у панядзелак аўтамабілісты едуць па абноўленым пакрыцці.
— Працуем у кругласутачным рэжыме — з мінімальнымі нязручнасцямі для гараджан, — дадаў Руслан Ясючэня.
Алена КРАВЕЦ