Top.Mail.Ru

Што рыхтуе НАДТ імя Якуба Коласа ў юбілейным сезоне

Знакавы год

Цяпер ідзе абмеркаванне будучых пастановак і праектаў. Наступны год для коласаўцаў — знакавы. У лістападзе 2026-га Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыць 100-годдзе.

За яркім адкрыццём у тэатры пачынаюцца не менш яркія тэатральныя падзеі. У першую чаргу прэм’ерныя пастаноўкі. Першая з іх — спектакль «Вяселле-буф» па п’есе Бертольда Брэхта «Мяшчанскае вяселле». Пастаноўка напоўнена элементамі клаўнады і вулічнага тэатра. Буфанада — нязвыклы жанр для тэатра імя Якуба Коласа, яна пакажа гледачам, як артысты псіхалагічнага тэатра ўмеюць прафесійна выкарыстоўваць сваё цела і голас для стварэння характарных вобразаў. Рэжысёр спектакля — Міхаіл Лашыцкі, які цяпер працуе галоўным мастаком Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

Над пастаноўкай наступнай прэм’еры сезона — «Тытанавая ведзьма» — працуюць мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў і літаратурны рэдактар, рэжысёр Юрый Іваноўскі. У сучаснай гісторыі помсты на камернай сцэне пераплятуцца жанры драмы, камедыі і нават трылера. Напісала п’есу Улада Альхоўская, сёлета ўзнагароджаная Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Драматургія».

Амаль кожны год Коласаўскі тэатр звяртаецца да класічных драматургаў. Такім у жанры камедыі лічыцца і сербскі пісьменнік Браніслаў Нушыч. Спектакль «Засмучаная радня» будзе ставіць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Чэпелеў.

Праблематыка п’есы таксама класічная — прага грошай, барацьба за вялізную спадчыну, якая вымушае шматлікіх далёкіх сваякоў ісці на хітрыкі, падман і нават крадзеж. Як пісаў сам аўтар, «дзеянне п’есы можа адбывацца заўсёды і ўсюды».

Новы спектакль чакае і юных гледачоў — казка «Чараўнік Ізумруднага горада» паводле аповесці Лаймэна Фрэнка Баума «Дзівосны чараўнік краіны Оз». Рэжысёр — Ульяна Ацясава, якая летась паспяхова паставіла дзіцячы спектакль «Беласнежка і сем гномаў» паводле казкі братоў Грым. Гэтым разам яна плануе стварыць сапраўднае музычна-пластычнае відовішча.

Акрамя прэм’ер адбудуцца і далёкія гастролі. 1 кастрычніка тэатр выехаў у расійскі Уладзікаўказ, у Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Вахтангава, са спектаклямі «Парашутыст» паводле А. Селіна, «Мая жонка — падманшчыца» М. Мэйё і М. Энэкена, «Нібыта хворы» Ж.-Б. Мальера і «Як воўк мамай быў» В. Ткачова. А потым на коласаўскай сцэне выступяць артысты з тэатраў Бранска і Уладзікаўказа. У лістападзе коласаўцы накіруюцца на абменныя гастролі ў Архангельск.

Аляксандр ЗАМКОЎСКІ, вядучы рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю