Top.Mail.Ru

Што рыхтуе XXXІV «Славянскі базар у Віцебску»?

У ліпені ў горадзе на Дзвіне зноў загучаць перазвоны Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» — свята, якое гаворыць з людзьмі розных нацыянальнасцяў на мове міру і гармоніі, аб’ядноўваючы на гасціннай віцебскай зямлі народы, культуры і мастацтва. Сёлета арганізатары падрыхтавалі традыцыйна насычаную праграму, таму кожны ахвотны зможа знайсці сабе падзею па душы.


Пад купалам амфітэатра

Форум мастацтваў пройдзе з 10 да 13 ліпеня, аднак асобныя праекты стартуюць у Віцебску раней. Так, галоўная пляцоўка валошкавага свята — Летні амфітэатр — ужо 9 ліпеня запросіць гледачоў на рок-шоу аркестра «NІKAMUZA», у рамках якога музыканты выступяць з грандыёзнай сімфанічнай праграмай «Легенды рока». 10 ліпеня на пляцоўцы пройдзе самы маштабны канцэрт фестывалю — урачыстае адкрыццё ХХХІV форуму мастацтваў, чырвонай ніткай праз які пройдзе тэма 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Наступным днём адбудзецца традыцыйны канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...», а ўноч з 11 на 12 ліпеня шасцітысячная зала амфітэатра будзе атрымліваць асалоду ад «Залатога хіта». Днём 12 ліпеня нас чакае ўжо традыцыйная КВЗ-гульня — Кубак «Славянскага базару ў Віцебску» з удзелам каманд Вышэйшай лігі і гасцей. Вечарам гэтага ж дня ў амфітэатры стартуе ХХХIV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск»: у першы дзень канкурсанты выканаюць сусветны хіт у суправаджэнні балета, а ў другім аддзяленні канцэрта выступіць Сяргей Лазараў. 13 ліпеня — другі конкурсны дзень — артысты выканаюць славянскі хіт у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра, адбудзецца цырымонія ўрачыстага закрыцця фестывалю. Вянчае праграму канцэртаў на сцэне амфітэатра праект «Шансон ТБ — УСЕ ЗОРКІ», які запросіць гледачоў 14 ліпеня.

У канцэртнай зале

Адкрывае плеяду мерапрыемстваў у канцэртнай зале «Віцебск» 8 ліпеня VІІ Міжнародны танцавальны праект «Dream Dance Fest». Увечары гэтага ж дня на сцэне КЗ стартуе ХХІІІ Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск». Сёлета ўмовы конкурсу змяніліся: у першы дзень юныя зорачкі выканаюць саўндтрэкі з папулярных мультфільмаў і анімацыйных фільмаў, у другі дзень, 9 ліпеня, — кампазіцыю на адной са славянскіх моў у суправаджэнні аркестра. Гэта дазволіць кожнаму ўдзельніку дадаць у песню свой нацыянальны каларыт. Сёлета арганізатары зрабілі для маленькіх выканаўцаў вольны дзень, каб удзельнікі змаглі пазнаёміцца са славутасцямі і культурай Беларусі. Цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт дзіцячага вакальнага конкурсу пройдуць 11 ліпеня.

Канцэртная зала традыцыйна стане пляцоўкай для многіх сольных канцэртаў: увечары 9 ліпеня тут выступіць Пётр Ялфімаў у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, 10 ліпеня ўсіх прыхільнікаў сваёй творчасці на сольнік запрашае Алена Ваенга, 13 ліпеня выступіць Сяргей Любавін, 14 ліпеня з канцэртнай праграмай «Голас сфер» выступіць група «ДзіДзюЛя». 11 ліпеня на сцэне КЗ народны артыст Расіі Максім Аверын прадставіць монаспектакль «Навучы мяне жыць», 12 ліпеня ў рамках Дзён Саюзнай дзяржавы «Саюзная дзяржава — дзецям» пакажуць сямейны мюзікл «Летуценнікі».

Новыя хіты — на новай пляцоўцы

Сёлета арганізатары фестывалю падрыхтавалі для жыхароў і гасцей горада новую канцэртную пляцоўку, якая па ўмяшчальнасці не саступае шасцітысячнай зале амфітэатра. Ёй стаў стадыён Цэнтральнага спартыўнага комплексу, які, як распавёў дырэктар «Славянскага базара» Глеб Лапіцкі, быў абраны з мэтай рэалізацыі буйных музычных праектаў у фармаце open-aіr, не павялічваючы колькасць фестывальных дзён. Аднак Летні амфітэатр быў і застаецца сімвалам «славянкі» і яе галоўнай канцэртнай пляцоўкай.

8 ліпеня на ЦСК выступяць зоркі TіkTok, сёлета ў прыхільнікаў творчасці блогераў з’явіцца магчымасць сфатаграфавацца з кумірамі і ўзяць аўтограф. 9 ліпеня на сольны канцэрт усіх жанчын краіны і не толькі запрашае Стас Міхайлаў, а ўвечары 11 ліпеня стадыён загучыць у «Рытмах лета» — хэдлайнерамі канцэрта сёлета сталі Алег Маямі, Ваня Дзмітрыенка і іншыя зоркі беларускай і расійскай эстрады. Уноч з 12 на 13 ліпеня на ЦСК пройдзе танцпляцоўка з «Душэўным радыё», на якой выступяць Ірына Нэльсан, Маргарыта Суханкіна, «Ружовыя ружы» і іншыя.

Арганізатары абяцаюць выдатны гук, сучаснае святлодыёднае абсталяванне і экраны, а таксама зону фудкортаў.

Філарманічная праграма

Віцебская абласная філармонія традыцыйна стане месцам прыцягнення прыхільнікаў інструментальнай музыкі і не толькі. 8 ліпеня тут пройдзе канцэрт-спектакль Кацярыны Мачалавай з удзелам аргана «Майстар і мандаліна». Наступным днём у філармоніі выступіць музычны ансамбль з Грузіі «Bravo Metehі», а 11 ліпеня на сольны канцэрт «Моцная жанчына» запросіць Этэры Берыяшвілі. 

12 ліпеня сваю праграму прадставіць Маскоўскі ансамбль танца «Аланія», а 13 ліпеня на сцэне філармоніі пройдзе канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...». 

Фінальным акордам фестывальных канцэртаў на гэтай пляцоўцы стане праект «Этна-фламенка» 14 ліпеня.

Горад у рытме фестывалю

Насычаную праграму падрыхтавалі і тэатралы ў рамках цыкла «Тэатральныя сустрэчы» на базе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. На стадыі фарміравання знаходзіцца і дзіцячая праграма «Лялечнага квартала». Працягнуць сваю работу адукацыйныя кластары фестывалю — вакальная і тэатральная лабараторыі, а сёлета на базе музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага будзе рэалізаваны новы праект «Тэрыторыя стАРТу», накіраваны на падтрымку творчай моладзі і адкрыццё новых музычных калектываў. Традыцыйны фестываль «На сямі вятрах» будзе, як і заўсёды, пераўтвараць горад у адну яркую прастору з вулічнымі гімнастамі і перформансамі.

Адным словам, сачыце за навінамі «Славянскага базару ў Віцебску» на афіцыйным сайце і спяшайцеся набыць свой квіток у фестывальнае лета.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю