Напярэдадні сустрэчы ў Палацы Незалежнасці прэзідэнт расійскай кампаніі «Нарнікеля» Уладзімір Патанін у Жодзіне разам з генеральным дырэктарам ААТ «БЕЛАЗ — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Сяргеем Лесіным падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве. Мэта пагаднення — аб’яднанне намаганняў па развіцці навуковага і тэхналагічнага патэнцыялу для стварэння горнай тэхнікі новага пакалення, укаранення беспілотных тэхналогій для горнай здабычы і іншых інавацый. Прадугледжваецца стварэнне сумеснага прадпрыемства для рэалізацыі гэтых планаў, а таксама прадпрыемства з паўнапрофільнай рамонтнай базай для развіцця вытворчасці, рамонту і абслугоўвання падземнай горнай тэхнікі.
Паспяховая рэалізацыя праекта дасць магчымасць закрыць унутраны попыт на новую падземную горную тэхніку і тым самым забяспечыць імпартазамяшчэнне, мінімізаваць рызыкі, звязаныя з санкцыйнымі абмежаваннямі. Сумесная работа будзе садзейнічаць забеспячэнню тэхналагічнага суверэнітэту, развіццю машынабудавання і прамысловага патэнцыялу, умацаванню кааперацыйных сувязяў у рамках Саюзнай дзяржавы.
Паводле слоў Сяргея Лесіна, прадпрыемства будзе створана на тэрыторыі Расіі. «Спецыфіка — рамонт. На першым этапе мы разглядаем стварэнне рамонтных магутнасцяў для таго, каб гэтыя машыны можна было аднаўляць і даваць ім другое жыццё. Такім чынам можна павысіць эфектыўнасць выкарыстання», — растлумачыў ён. Генеральны дырэктар таксама дадаў, што аб’яднанне намаганняў кампаній накіравана на вытворчасць тэхнікі для работы ў цяжкіх умовах падземных выпрацовак, якая будзе паказваць высокую прадукцыйнасць, надзейнасць і нізкі расход.
Уладзімір Патанін адзначыў, што супрацоўніцтва «Нарнікеля» і БелАЗа мае даўнюю гісторыю і грунтавалася на кантрактнай аснове, калі на ўзаемавыгадных умовах набывалася неабходная горная тэхніка. «Цяпер мы пераходзім на новы этап нашага супрацоўніцтва. Стварэнне сумеснага прадпрыемства дапаможа нам прасоўваць лінейку тэхнікі, якую БелАЗ ужо здольны вырабляць і якую мог бы вырабляць у будучым, абкатваць яе на прадпрыемствах „Нарнікеля“ і, магчыма, ужо ў кароткай будучыні прапаноўваць яе на расійскі і іншыя рынкі», — сказаў ён.
Прадпрымальнік дапоўніў, што БелАЗ мае неабходныя кампетэнцыі па распрацоўцы, укараненні і вытворчасці горнай тэхнікі. «Асновай пагаднення з’яўляецца ўпор на развіццё гэтай вытворчасці з выкарыстаннем усіх пераваг, у тым ліку кадраў, кампетэнцый, шматгадовага вопыту, — дадаў ён. — Мы чакаем, што тут будуць рабіць тэхніку на заказ, улічваючы нашу спецыфіку. А такія рэчы, як рамонты, у тым ліку капітальныя, мэтазгодна наблізіць да месца выкарыстання гэтай тэхнікі».
Па словах прэзідэнта расійскай кампаніі, таксама абмяркоўвалася ўжыванне метадаў стварэння лічбавых двайнікоў розных агрэгатаў для больш эфектыўнай праверкі іх якасці і надзейнасці. «Ёсць вялікае поле для інавацый. Патрэбны навінкі, цікавыя для рынку прапановы, якія цяпер яшчэ не асвоены іншымі вытворцамі. У БелАЗа такія напрацоўкі ёсць, а ў „Нарнікеля“ ёсць жаданне, сілы і кампетэнцыі іх адчуваць, абкатваць для падрыхтоўкі да наступнага тыражавання», — дапоўніў ён.
Уладзімір Патанін падкрэсліў, што супрацоўніцтва мае доўгатэрміновы характар. «Нашы распрацоўкі прывядуць да з’яўлення сумеснай інтэлектуальнай уласнасці, правоў на дакументацыю, — адзначыў ён. — Доўгатэрміновасць таксама вызначае большую манеўранасць у інвестыцыйнай палітыцы. Можна смялей укладваць сродкі, ісці на эксперыменты і ставіць у прыярытэт задачы».
У планах БелАЗа і «Нарнікеля» — сумеснае развіццё інавацыйнай вытворчасці. Акрамя традыцыйных дызельных машын пачата ўжо работа над унікальнай перспектыўнай тэхнікай, якая будзе працаваць на альтэрнатыўных крыніцах энергіі (электрычнасць, вадарод і г. д.). Ужо ў 2027 годзе плануецца пачаць доследна-прамысловыя выпраба-ванні акумулятарных кар’ерных самазвалаў, праходзіць заводскія выпрабаванні акумулятарная пагрузачна-даставачная машына. На розных этапах знаходзіцца стварэнне іншых тыпаў тэхнікі, у тым ліку падземнае самаходнае абсталяванне для перавозкі людзей і грузаў.
Сярод перспектыўных кірункаў работы — вывучэнне магчымага прымянення паладыю ў каталізатарах ва ўстаноўцы па вытворчасці вадароду на борце горнай тэхнікі. Атрыманы вадарод будзе выкарыстоўвацца ў якасці крыніцы энергіі, такім чынам будзе рэалізавана рашэнне па стварэнні машын, якія працуюць на вадародзе.
БЕЛАЗ і «Нарнікель» пачалі актыўнае супрацоўніцтва з мэтай стварэння і серыйнай вытворчасці падземнай горнай тэхнікі ў 2022 годзе. Шэсць тэставых шахтавых самазвалаў і першая пагрузачна-даставачная машына праходзяць ужо выпрабаванні ў Нарыльску. Сёння праводзяцца заводскія выпрабаванні найноўшага падземнага комплексу машын для пагрузкі і транспарціроўкі горнай масы — 45-тоннага шахтавага самазвала і пагрузчыка грузападымальнасцю 17,2 т. «Нарнікель» удзельнічае ў паляпшэнні тэхнічных характарыстык распрацоўваемых машын, праводзіць іх тэсціраванне і садзейнічае ў давядзенні характарыстык да найлепшых. Акрамя таго, кампанія актыўна развівае ўласныя кампетэнцыі па рамонце і абслугоўванні тэхнікі: у Краснаярскім краі створана вытворчая пляцоўка, на якой арганізаваны поўны цыкл аднаўлення падземных машын.
Паводле БелТА