Top.Mail.Ru

Што стаіць за лічбамі зваротаў да ўрачоў у Мінскай вобласці

Прастуда адпускае за тыдзень. А вось ціск, ныючыя калені і літары, якія расплываюцца пры чытанні газеты, застаюцца з намі на гады. У Мінскай вобласці 66 % ад усіх зарэгістраваных захворванняў займаюць, як ні дзіўна, не інфекцыі. Сэрца і сасуды, анкалагічныя хваробы, хранічныя хваробы органаў дыхання, цукровы дыябет... На іх узнікненне ўплывае і спадчыннасць, і ўзрост, і асяроддзе, і тое, як чалавек жыве кожны дзень. За складаным тэрмінам «неінфекцыйныя захворванні» хаваецца простая сутнасць: імі нельга заразіцца ў аўтобусе ад выпадковага спадарожніка. Больш падрабязна пра гэта расказала ўрач-эпідэміёлаг, загадчык аддзялення сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і ацэнкі рызыкі аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дар’я ПАЛІКАРПАВА.


Колькі разоў адчыняліся дзверы паліклінікі

У 2025 годзе на кожную тысячу жыхароў вобласці прыйшлося 1611 зваротаў па медыцынскую дапамогу. У 2024-м — 1591. Прыбаўка невялікая — 1,3%. Калі паглядзець на дынаміку за дзесяць гадоў (з 2016 па 2025 год), узровень захворвання стабільны, павялічваецца ў сярэднім толькі на 0,3% у год. 

— Лічбу «на тысячу насельніцтва» лёгка прачытаць не так, — падкрэсіла ўрач-эпідэміёлаг. — Гэта не колькасць хворых людзей. Адзін і той жа чалавек за год можа прыйсці да тэрапеўта, акуліста і кардыёлага, і кожны візіт трапіць у статыстыку. Таму паказчык большы за тысячу: жыхары звяртаюцца часцей, чым адзін раз на год, а хранічныя хваробы, зразумела, вяртаюць у паліклініку зноў і зноў.

З чым прыходзяць часцей за ўсё

Хваробы органаў дыхання займаюць першае месца — на іх прыпадае 29% усіх зваротаў у 2025 годзе. Прастуды і кашаль застаюцца самай частай падставай звярнуцца да ўрача. Вядома, берагчы лёгкія вельмі важна, асабліва для тых, хто пакутуе хранічнай астмай або бранхітам. І ўсё ж для доўгага і здаровага жыцця значна важней нашы штодзённыя звычкі і тое, што адбываецца ўнутры арганізма. Бо ўслед за сезоннымі хваробамі ў структуры захворвання ідуць хваробы, з якімі жывуць доўга.

— Хваробы сэрца і сасудаў — гэта абсалютны лідар, — адзначыла Дар’я Палікарпава. — Амаль кожны пяты візіт да ўрача звязаны менавіта з ціскам або сэрцам. І за год такіх скаргаў стала яшчэ больш.

Праблемы з суставамі і касцямі — на другім месцы па частаце.

Хваробы вачэй дзеляць трэцяе месца з цукровым дыябетам. За апошні год хворых стала рэзка больш.

Праблемы з мочапалавой сістэмай і новаўтварэнні замыкаюць гэты спіс — на іх прыпадае прыкладна па адным звароце з дваццаці.

Чатыры згубныя звычкі 

Курэнне, злоўжыванне алкаголем, незбалансаванае харчаванне і маларухомасць. Менавіта гэтыя чатыры звычкі спецыялісты звязваюць з хваробамі, якія збіраюцца гадамі. І тут ёсць навіны, якія можна зверыць з уласным жыццём, расказала Дар’я Палікарпава.

— Кураць цяпер радзей, чым дзесяць гадоў таму. Сярод жыхароў 16 гадоў і больш доля тых, хто курыць, знізілася з 24,4% у 2016 годзе да 22% у 2025-м, — падкрэсліла ўрач. — Ужываюць алкаголь радзей, чым пяць гадоў таму. Новых выпадкаў алкагалізму і алкагольных псіхозаў сталі рэгістраваць менш: са 151,2 на 100 тысяч чалавек у 2021 годзе да 127,7 у 2025-м. 

За пяць гадоў у расходах хатніх гаспадарак Мінскай вобласці вырасла доля гародніны і бахчавых — з 4,6 да 5,8 %, садавіны і ягад — з 6,5 да 7,6 %, рыбы — з 4,9 да 5,3 %. Менш сталі купляць хлебу і хлебапрадуктаў (з 14,7 да 13,5 %), цукар і кандытарскія вырабы (з 5,3 да 5,2 %), харчовыя тлушчы (з 2,2 да 1,6 %). Зрух сціплы, але ён у той бок, які звязваюць з меншай рызыкай развіцця гэтых хвароб.

І людзі больш рухаюцца. Сістэматычна займаюцца фізкультурай і спортам 428 тысяч жыхароў вобласці супраць 381 тысячы ў 2021 годзе. На сяле — 148 тысяч супраць 131 тысячы. Для сэрца і суставаў важная рэгулярнасць, а не спартыўны разрад.

Што з гэтага вынікае 

Статыстыка, як падкрэсліла Дар’я Палікарпава, не лечыць хваробы, але яна дакладна паказвае, дзе арганізму цяжэй за ўсё: пакутуе сэрца, суставы, вочы ці абмен рэчываў. І ў нашых сілах на гэта ўплываць. 

— Станоўчы ўплыў звычайнай хадзьбы ўжо адлюстроўваецца ў абласной статыстыцы: людзей, якія рухаюцца рэгулярна, стала больш, у тым ліку на вёсцы, — адзначыла Дар’я Палікарпава. — Відавочныя змены і ў рацыёне: агародніна, садавіна і рыба патроху адсоўваюць лішні цукар і тлушч. Прыкметныя поспехі і ў барацьбе з курэннем: за дзесяць гадоў тых, хто курыць, стала менш.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю