8 Сакавіка — нагода парадаваць каханых жанчын падарункамі. А што менавіта падарыць дарагім і любімым — жонцы і маме, дочкам, цешчы і калегам, — паспрабуем разабрацца.
З пункту гледжання статыстыкі
Напярэдадні «гендарных» свят — 23 лютага і 8 Сакавіка — «Сбер Банк» правёў у Беларусі апытанне, якое паказала, у прыватнасці, што абавязковым падарункам на Міжнародны жаночы дзень 84 % апытаных лічаць кветкі. У топе таксама ювелірныя ўпрыгажэнні, касметыка і парфумерыя, бытавая тэхніка і квіткі (на канцэрт, у тэатр ці на выстаўку). Дарэчы, не першы год у лік жаданняў уваходзяць рознага роду гаджэты. Ну, а лідзіруюць сярод найлепшых падарункаў на 8 Сакавіка «проста грошы»: мінімальную суму, праўда, даследаванне не вызначае.
Мужчыны, паводле таго ж апытання, у большасці выпадкаў якраз і плануюць дарыць на 8 Сакавіка жанчынам менавіта кветкі. А таксама «ювелірку», касметыку і прысмакі (цукеркі або торт). І, так, грошы.
Падобная статыстыка, заўважым, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня рознымі арганізацыямі збіраецца не ўпершыню. Так, з 2022 года (паводле інтэрнэт-апытання леташняга лютага) спіс найлепшых «жаночых» падарункаў практычна не змяніўся (праўда, замест «пэўнай грашовай сумы» тады ў топ-10 трапіў сертыфікат — на набыццё тавараў, у СПА або салон прыгажосці). Затое тры гады таму быў складзены рэйтынг «антыпадарункаў» — найгоршых варыянтаў таго, што можна атрымаць на 8 Сакавіка. У яго трапілі алкаголь, кухоннае начынне (каструлі-патэльні і г. д.), рознага роду сувенірныя фігуркі (свечкі, статуэткі і г. д.), мяккія цацкі.
Перадсвяточныя апытанні апошніх гадоў утрымліваюць і больш нестандартныя варыянты жаданых падарункаў. Напрыклад, у ліку найлепшых былі названы, у прыватнасці, аўтамабіль і нават хатні гадаванец (дакладней, шчанюк пэўнай пароды).
Уключыць логіку і крэатыў
Зрэшты, відавочна, што сапраўдны сюрпрыз апрыёры выключае паняцці «стандартны» і «сярэднестатыстычны». Гэта заўсёды нешта ўнікальнае і «адраснае». «Мімозы-патэльня-торцік», вядома, — годны адказ на «шкарпэткі-гель-душ-пену для галення» на 23-га, але калі вы хочаце сапраўды парадаваць каханую, ад стандартаў варта адмовіцца. Тым больш, што ў свята жанчынам хочацца забыцца на штодзённасць, а каструлі-патэльні якраз пра яе нагадваюць. Не лепшы варыянт і касметыка (калі толькі гэта не канкрэтная просьба жанчыны). Па-першае, мужчыны ў касметыцы звычайна не разбіраюцца. А па-другое, галоўны аргумент тут — падарунак не павінен паказваць на недахопы вашай каханай. І таму шампунь ад перхаці або крэм ад маршчын — не найлепшыя варыянты, кажуць псіхолагі.
Выбіраць падарунак варта зыходзячы з унікальнасці і непаўторнасці «адрасата». Такім чынам, каб дагадзіць з вашым дарункам, трэба шчыра цікавіцца жанчынай і ведаць пра яе захапленні. Захапляецца яна ёгай або строіць кар’еру, любіць моду або мастацтва, ходзіць у паходы або бавіць час за ўтульнай жаночай справай — напрыклад, увасабленнем у жыццё цікавых кулінарных рэцэптаў?.. У апошнім выпадку, дарэчы, забарона на «кухоннае начынне» здымаецца, але тут важны «фармат» — напрыклад, гэта можа быць дызайнерскі набор для спецый (бюджэтны варыянт) або агрэгат накшталт аэрагрыля або кухоннага камбайна (варыянт даражэйшы). Ведаючы аб яе перавагах, прасцей выбраць нават такі ўніверсальны, здавалася б, падарунак, як сертыфікат — у фірменны магазін пэўнага брэнда, спа-салон, на манікюр і г. д.
Падагульнім: псіхолагі раяць мужчынам пры выбары падарунка быць чулымі і ўважлівымі, уключыць логіку і праявіць крэатыў (у разумных межах, зразумела). Бо каму, як не вам, ведаць, што парадуе каханую?
І пра выдаткі «на рамантыку». У сярэднім сёлета да 8 Сакавіка на адзін падарунак мужчыны выдаткоўваюць ад 30–40 да 80–90 рублёў, распавялі ў адным са сталічных універмагаў. Сярэдняя сума ў чэку да 23 лютага ў жанчын была большай, адзначылі прадаўцы. Але не варта вінаваціць моцную палову ў скупасці. Жанчын у нашым грамадстве больш, чым мужчын, так што нават пры самых сціплых выдатках практычна кожны мужчына на падарункі жонцы, дочкам, маме, цешчы і калегам жаночага полу вымушаны выкласці досыць буйную суму.
Дарэчы, пра кветкі
Кветкі, паўторымся, назвалі абавязковым падарункам на 8 Сакавіка больш за 80 % апытаных прадстаўніц прыгожага полу, але гэта зусім не палягчае мужчынам задачу. Бледная галінка ў цэлафане, падхопленая ў апошні момант на касе прадуктовага магазіна, стане падставай для крыўды, а не для радасці. Многія мужчыны лічаць, што букет на 8 Сакавіка «ўсяго толькі даніна традыцыі». Але на тое яна і традыцыя: ану паспрабуй, пакінь сваю палавінку без букета ў Міжнародны жаночы дзень! Паўнавартасны букет сёння па цане цягне на самастойны падарунак, але, зноў жа па традыцыі, кветкі (у ідэале) — толькі дадатак да падарунка асноўнага.
Сумна, але факт: з году ў год да 8 Сакавіка кветкі ўзлятаюць у цане, паведаміла прадавец аднаго з кветкавых магазінаў сталіцы. Але датычыцца гэта ў першую чаргу імпарту — замежныя аптовыя прадаўцы штогод да пачатку сакавіка павышаюць цэны працэнтаў на 15-20, адзначыла суразмоўніца. Для канчатковага пакупніка (для нас з вамі) цана на букет складаецца з кошту партыі ў аптавікоў і працэнта, які дадае крама. Дык вось, рознічная нацэнка да 8 Сакавіка не павышаецца, запэўнівае яна: крама зарабляе толькі за кошт росту продажаў.
Сёлета, зрэшты, крыху падаражэюць да свята, магчыма, і кветкі айчынныя — не ў буйных вытворцаў, а ў прыватнікаў. З 1 кастрычніка ўступіў у сілу Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці», згодна з якім рэалізацыя фізічнымі асобамі кветак, вырашчаных на асабістых прысядзібных участках, магчымая толькі пры наяўнасці даведкі з мясцовага выканкама аб тым, што кветкі гэты чалавек вырасціў сам. Раней такой даведкі не патрабавалася. Таксама гандляваць кветкамі могуць ІП і юрыдычныя асобы. Чакаецца, што прадаўцоў кветак да гэтага 8 Сакавіка на рынках і ў пераходах метро стане менш, а цэны пры скарачэнні прапановы, адпаведна, падрастуць. Так што, калі вам падораць шыкоўны букет, ведайце: грошай на яго не пашкадавалі. А значыць, гэта і сапраўды ад усяго сэрца!
І аб «кветкавых» перавагах. Большасць мужчын, распавяла прадавец кветак, не першы год робяць выбар на карысць цюльпанаў: яны — сучасны сімвал жаночага дня, як у савецкія гады — мімоза (яе дадаць у букеты просяць людзі старэйшага пакалення). За тыдзень да свята за цюльпанчык просяць 4 рублі, за галінку мімозы — 3–5 рублёў.
Разрыў у кошце паміж цюльпанамі і ружамі ў апошнія гады стаў менш значным, і менавіта ружы — таксама часты выбар на 8 Сакавіка. Ружы пакуль што каштуюць ад 3,90 да 4,30 за беларускую кветку. Імпартныя даражэйшыя: ад 5,70 (сярэдняга памеру, з Кеніі) да 11,50 (стройныя, з буйнымі бутонамі і на высокай ножцы, паходжанне — Эквадор). У дадзеным канкрэтным пытанні, дарэчы, дзяўчаты з мужчынамі салідарныя, сцвярджаюць прадаўцы: і цюльпаны, і ружы яны прымаюць з задавальненнем. Хоць бываюць і індывідуальныя перавагі. Напрыклад, нямала ў нас аматарак «палявых кветак» — досыць часта мужчыны пытаюцца ў кветкавых крамах пра... рамонкі. Пытанне вырашаюць рамонкавыя хрызантэмы (галінка абыходзіцца ў сярэднім у 15 рублёў).