Электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта ў Беларусі няспынна рушыць да даты, якая наканавана стане стратэгічнай вяхой у гісторыі нашай краіны. Усё бліжэй 26 студзеня, калі кожны з нас зробіць свой выбар на карысць будучыні. Час урачысты і хвалюючы, без перабольшвання — момант ісціны. І не толькі ў філасофскім, а і ў жыццёвым сэнсе. Дзеля мірнай, стваральнай будучыні краіны, светлай перспектывы нашых дзяцей і ўнукаў. Няўжо нехта думае інакш? Будзем рэалістамі — электаральная кампанія выкарыстоўваецца нядобразычліўцамі як падстава для таго, каб пэўным чынам разгайдаць грамадства і перашкодзіць паступальнаму руху наперад нашай дзяржавы.
Рэчаіснасць усімі шляхамі імкнуцца сказіць — як у «крывым люстэрку». Глабальная сетка, быццам брудам, актыўна напаўняецца фэйкамі. Іх накіраванасць відавочная — зманіць людзей па лжывым шляху, прасцей кажучы, збіць з панталыку. Тады можна маніпуляваць, штурхаць у патрэбным кірунку. У ход ідуць высокія тэхналогіі, якія першапачаткова мелі менавіта стваральныя, а не разбуральныя мэты.
Адзін з апошніх прыкладаў — фальшывае відэа, створанае з дапамогай штучнага інэлекту, на якім прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант выказваецца па «сірыйскім пытанні». Маўляў, мы не чакаем у сябе «палітычных выгнаннікаў» (маецца на ўвазе экс-прэзідэнт Сірыі Башар Асад) і падтрымліваем канструктыўныя ўзаемаадносіны з новымі ўладамі гэтай арабскай рэспублікі. Як падкрэслілі спецыялісты, гэтае відэа было згенерыравана з дапамогай штучнага інтэлекту.
Пры гэтым голас гучыць у абсалютным рассінхроне з вуснамі спікера і ўважлівы глядач распазнае правакацыю. Як адзначыў Першы інфармацыйны тэлеканал, нельга выключаць той факт, што голас прэс-сакратара Прэзідэнта быў накладзены той жа праграмай, а таксама тымі ж спецыялістамі, якія былі задзейнічаны падчас інтэрв’ю Зяленскага амерыканскаму блогеру Лексу Фрыдману. Адметна, што напярэдадні Наталля Эйсмант пракаментавала РБК заяву з гэтага інтэрв’ю: «Ніякіх выбачэнняў Прэзідэнт Беларусі Зяленскаму не прыносіў, з той простай прычыны, што прасіць прабачэння нам няма за што».
Фэйкавае відэа было створана на аснове каментарыя Наталлі Эйсмант аб выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі 13 снежня, якая датычылася замежных візітаў. «Прэзідэнт сабраў сённяшнюю нараду, каб без найменшага прамаруджвання, літаральна імгненна, урад і іншыя службовыя асобы пачалі рэалізацыю тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты ў ходзе праведзеных важных замежных перагавораў, — адзначыла, у прыватнасці, прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы. — Камандзіроўка была вельмі насычаная і цяжкая. Інтэнсіўнасць сустрэч, пералётаў, перагавораў усе бачылі. „Ад Ціхага акіяна да Атлантыкі“, — як сказаў кіраўнік дзяржавы».
Так што адчуйце розніцу — наколькі фальшыўка адрозніваецца ад арыгінала.
Тут, канешне ж, варта мець на ўвазе і сам змест, і кантэкст, і дэталі з’яўлення інфармацыйнага ўкіду. Усё ў комплексе. Важна разумець, што гэта — інфармацыйная атака, накіраваная на найбліжэйшае атачэнне Прэзідэнта. І ўсё надзвычай сур’ёзна. Нельга забываць пра ўрокі 2020-га, трэба быць надзвычай пільнымі.
А наконт абярэгу ад «крывога люстэрка» вельмі трапна выказаўся Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў МДЛУ са студэнтамі ВНУ гуманітарнага профілю Мінска ў фармаце «Адкрытага мікрафону». «Калі хочаце ведаць праўду, чытайце і глядзіце дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі», — заўважыў Прэзідэнт і дадаў, што гэтым СМІ давярае больш за палову насельніцтва Беларусі. «Раней было не так. Людзі пераканаліся, дзе праўда. Таму перш за ўсё людзі давяраюць дзяржСМІ, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — І вам раю вельмі ўважліва да гэтага ставіцца. Я не гавару аб тым, што мы не павінны бачыць іншыя, альтэрнатыўныя пункты гледжання. Трэба іх бачыць, калі вы ўмееце аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы. У гэтую інфармацыйную вайну вы павінны быць вельмі ўважлівыя, асцярожныя, акуратныя, павінны разбірацца. І ў гэтым плане грамадству павінны дапамагчы журналісты».
І вельмі важная згуртаванасць грамадства. «Як бы хто ні імкнуўся нас сёння расхістаць — нічога не атрымаецца, — заявіў Прэзідэнт Беларусі на цырымоніі ўручэння прэмій „За духоўнае адраджэнне“, спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльных прэмій „Беларускі спартыўны Алімп“ 2024 года. — Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам. Таму нам варта падумаць аб іх будучыні. І мы думаем».