Вопыт беларускай сталіцы па рабоце дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета і акруговых саветаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (ТГС) можа быць узяты на ўзбраенне іншымі гарадамі Беларусі.
Аб гэтым ішла размова на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, у ходзе якой парламентарыі азнаёміліся з дзейнасцю тэрытарыяльных акруговых саветаў сталіцы.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — аўтары паправак у Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» — азнаёміліся з практыкай прымянення некалькіх артыкулаў закона на прыкладзе сталіцы. Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран сумесна з калегамі паказалі, як працуюць акруговыя саветы ТГС, якія дзейнічаюць толькі ў сталіцы, на прыкладзе Заводскага і Ленінскага раёнаў. Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін
Семяняка, задача гэтага выязнога пасяджэння — вывучыць практыку прымянення Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання» на прыкладзе горада Мінска. «Мы аўтары гэтага закона. І мы хочам паглядзець, як ён працуе», — падкрэсліў ён.
Акруговы савет ТГС — новая форма самакіравання, якой крыху менш за год. Перад кожным саветам ТГС (а іх 60, па колькасці выбарчых акруг у сталіцы) стаіць шмат задач. Сярод іх — садзейнічанне Мінгарсавету ў зборы і апрацоўцы інфармацыі аб развіцці акругі; наладжванне ўзаемадзеяння грамадзян, адміністрацыі раёна, суб’ектаў гаспадарання і грамадскіх фарміраванняў па пытаннях развіцця і добраўпарадкавання тэрыторыі; удзел у інфармаванні жыхароў па пытаннях мясцовага значэння, збор і абагульненне прапаноў грамадзян; аказанне садзейнічання ў фарміраванні грамадзянскіх ініцыятыў.
Пасля знаёмства з дзейнасцю ТГСаў парламентарыі абмеркавалі тэму ў рэдакцыі газеты «Вечерний Минск». Арцём Цуран расказаў, адкуль наогул з’явіліся такія формы грамадскага самакіравання, як ТГС і КОТГС: «За аснову работы такіх органаў кіравання мы ўзялі сельсавет. Вядома, што на тэрыторыі горада Мінска няма сельсаветаў. Існуюць, вядома, адміністрацыі раёнаў. Пры гэтым у Партызанскім раёне сёння пражывае каля 85 тысяч чалавек, у Фрунзенскім — 470 тысяч. І тады паўстае пытанне: як сіламі адной толькі адміністрацыі раёна вырашаць пытанні тысяч жыхароў? Таму і быў абраны шлях работы мясцовых дэпутатаў, бо гэта самае дробнае тэрытарыяльнае дзяленне. У Мінску 60 акруг — 60 дэпутатаў у Мінгарсавеце. Сярэдняя колькасць выбаршчыкаў у акрузе — ад 18,5 да 24 тысяч чалавек»
Арцём Цуран падрабязна расказаў пра ўклад Мінгарсавета і прадстаўнікоў мясцовых органаў улады ў работу ТГС. Ён растлумачыў, што ў кожнай выбарчай акрузе па выбарах гарадскіх дэпутатаў працуе савет ТГС, маецца памяшканне, дзе знаходзіцца спецыяліст, які адказвае за гэтую работу. Як правіла, гэта памочнік дэпутата Мінгарсавета, прамая падпарадкаванасць у яго — адміністрацыі раёна. У гэтых памяшканнях арганізаваны і прыёмы грамадзян.
На прыкладзе Адоеўскага акруговага савета ТГС старшыня Мінгарсавета расказаў аб арганізацыі ўзаемадзеяння з насельніцтвам: «У склад савета ўваходзяць 18 чалавек: дэпутат, яго памочнік, начальнік аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Фрунзенскага раёна, кіраўнікі шасці ўстаноў адукацыі, дзвюх устаноў аховы здароўя, чатырох прадпрыемстваў, першы сакратар Фрунзенскай раённай арганізацыі БРСМ, старшыня КОТГС і старшы па доме або па двары. За май 2024 года — красавік 2025 года прадстаўнікамі ТГС было праведзена больш за 100 сустрэч са старэйшымі па дамах, кантактнымі асобамі і насельніцтвам. На дадзены момант пагадзіліся на ўзаемадзеянне каля 85 %
прадстаўнікоў жылых дамоў. З мая 2024 года саветам вырашана 94 пытанні насельніцтва, 22 з іх застаюцца на кантролі. За гэты ж перыяд вырашана 3293 пытанні ў цэлым па горадзе. З іх — 2560 пытанняў у сферы ЖКГ, 106 — у галіне сацыяльнай абароны, 93 — пытанні гандлю і паслуг, 53 — са сферы будаўніцтва, 51 — сістэмы адукацыі; 27 пытанняў датычыліся аховы здароўя, 403 — з іншых сфер. Як бачым, сістэма працаздольная».
У Год добраўпарадкавання, пяцігодку якасці вельмі важна якаснае выкананне абавязкаў на ўсіх узроўнях. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка: «Гэта датычыцца і Палаты прадстаўнікоў адносна якасці заканадаўчай дзейнасці. А каб якасна карэкціраваць законы, трэба разумець, як яны працуюць. Таму і праводзяцца такія выязныя пасяджэнні і іншыя мерапрыемствы».
Паводле яго слоў, такія формы, як ТГС і КОТГС, дастаткова добра прыжыліся ў Мінску: «Гэта па сутнасці справы добры сімбіёз паміж дэпутатамі Мінгарсавета, іх памочнікамі, прадстаўнікамі іншых органаў тэрытарыяльнага самакіравання. У выніку наладжанай работы жыццё грамадзян акругі становіцца лепшым, а вырашэнне праблем дасягаецца больш хуткім і эфектыўным спосабам. Статыстыка вынікаў разгляду зваротаў грамадзян у акруговых саветах паказвае, што ўсе звароты не застаюцца па-за ўвагай. Кожнае пытанне або растлумачана, або вырашана станоўча. Гэта вельмі добры вынік, які сведчыць, што гэтая навацыя закона працуе дастаткова эфектыўна»
Валянцін Семяняка адзначыў вялікую работу, якую правёў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў у гэтым скліканні: «Магчыма, вопыт будзе распаўсюджаны і на іншыя гарады, бо ідзе досыць добры сінергічны эфект узаемадзеяння дэпутата гарадскога савета, спецыялістаў ТГС, членаў КОТГС. Вядома ж, з грамадзянскімі ініцыятывамі — мы ў пачатку гэтага шляху, і ў кожнага рэгіёна свая спецыфіка. У Мінску раней такога не было. Людзі адчуюць эфект, і гэта будзе сур’ёзнай дапамогай для вырашэння мясцовых праблем».
Падводзячы вынікі, старшыня Пастаяннай камісіі падкрэсліў: «За год з невялікім, з моманту ўступлення закона ў сілу, гэта добры вынік. Мы ўбачылі, што мадэль, якую мы стварылі, жыццяздольная і эфектыўная».
фота аўтара.