Top.Mail.Ru

Што трэба рабіць, каб людзі не пашкадавалі аб сваім выбары, каму варта падцягнуць дысцыпліну і якія партнёры для нас камфортныя

Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.


На мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы шмат увагі ўдзяліў інтэграцыі: сустракаўся з губернатарам Хабараўскага краю і кіраўніком Рэспублікі Башкартастан. Супрацоўніцтва з гэтымі суб’ектамі ўжо наладжана, але Аляксандр Лукашэнка не перастае паўтараць, што перспектывы росту ёсць, галоўнае не расслабляцца і працаваць. Разглядаліся і найважнейшыя унутраныя пытанні. На ўзроўні Прэзідэнта абмеркавалі прававы статус старшыні выканкама базавага ўзроўню. Гэта пытанне вывучаецца ўжо не першы месяц і знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. Падводзілі вынікі электаральнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі, для якіх задачы, пастаўленыя перад выбарамі, застаюцца актуальнымі і пасля іх. Адной з тэм даклада Генеральнага пракурора Андрэя Шведа стаў грамадскі парадак у гэтыя напружаныя дні. Але зразумела, што толькі гэтым размова не абмежавалася. Таксама мінулы тыдзень адзначыўся тым, што Прэзідэнт зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2025 год і падпісаў шэраг важных дакументаў. А яшчэ з розных куткоў свету працягваюць паступаць віншаванні Аляксандру Лукашэнку з перамогай на выбарах. 

1. «Беларускі народ павінен ведаць, што мы будзем імкнуцца рабіць усё для таго, каб людзі не пашкадавалі, што прагаласавалі за нас»,— падкрэсліў Прэзідэнт на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі. Ён звярнуў увагу, што вялікая падтрымка народа патрабуе адпаведнай аддачы. «Час няпросты, я ўжо аб гэтым казаў. Гэты год будзе вельмі складаным. Многае будзе залежаць ад урада», — папярэдзіў усіх кіраўнік дзяржавы. 

2. «Дзе можаце вырашыць пэўнае пытанне — вырашайце, калі не — вы мяне своечасова праінфармуйце. Для вас не павінна быць «гэта свой, гэта чужы». Вы павінны быць аб’ектыўнымі і справядлівымі. Я разумею, што ёсць пэўныя нюансы (вы жывяце ў гэтым грамадстве і пагружаны), вы інфармуйце мяне па пытаннях, на якія я павінен рэагаваць. Ну, а за мной не заржавее», — сказаў кіраўнік сваім давераным асобам. Трэба адказаць на чаканні людзей — жалезнае патрабаванне і агульная задача ад Прэзідэнта. 

3. «Узровень выканальніцкай дысцыпліны павінен быць на адпаведнай вышыні. Пры гэтым, разумеючы, што без старшынь гар-, райвыканкамаў мы не вырашым ні адной праблемы, патрабаванні да іх узрастуць. Але калі мы павышаем патрабаванні да іх, то трэба даваць і паўнамоцтвы, каб яны маглі працаваць. Усё вельмі проста і зразумела. Вось у сувязі з чым з’явіліся прапановы аб павышэнні ролі старшынь гар-, райвыканкамаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай прававому рэгуляванню статусу старшынь выканкамаў базавага ўзроўню. І як звычайна, пасыл пра выканальніцкую дысцыпліну датычыцца ўсіх. Прэзідэнт адзначыў, што бачыць сур’ёзныя недапрацоўкі ў гэтым плане. І папярэдзіў: калі іх не ліквідаваць, то пастаўленыя задачы будзе вельмі складана выканаць. 

4. «Нашы магчымасці вы добра ведаеце. Нам з вамі камфортна і вельмі выгадна супрацоўнічаць, таму што ваша рэспубліка — гэта еўрапейскі цэнтр Расійскай Федэрацыі, найбольш прасунуты, развіты. Таму нам выгадна супрацоўнічаць з вамі і разам працаваць», — сказаў беларускі лідар на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Башкартастан Радзіем Хабіравым. Вялікія перспектывы адкрываюцца ў машынабудаванні. Не страчваюць актуальнасці і іншыя напрамкі. І гэта важна, бо па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба павялічваць тавараабарот паміж Беларуссю і Башкартастанам. 

5. «Жыццё паставіла гэтыя пытанні. І калі б у мяне спыталі, рады я гэтаму ці не, цяжка было б адказаць. Добра, што нарэшце знешнія ўмовы прымусілі нас займацца і сваімі праблемамі ўнутры і менш пазіраць па баках. Я абсалютна перакананы, што нягледзячы на сур’ёзнасць выклікаў, мы абсалютна ў стане ў цяперашніх умовах вырашыць тыя пытанні, якія жыццё паставіла перад намі», — заявіў Прэзідэнт на сустрэчы з губернатарам Хабараўскага краю Дзмітрыем Дзямешыным. Беларускі лідар падкрэсліў, што гэты рэгіён, як і ўвесь Далёкі Усход далёкі ад Беларусі толькі геаграфічна, але блізкі псіхалагічна. Таму трэба нарошчваць супрацоўніцтва ўсюды, дзе гэта выгадна. Тым больш што закрытых тэм з беларускага боку для партнёраў няма.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю