Top.Mail.Ru

Што трэба ведаць маладому спецыялісту? У Мінпрацы нагадалі аб выплатах і льготах

Хутка маладыя спецыялісты, якія скончылі навучанне, адправяцца па месцах свайго размеркавання. Аб ключавых момантах пачатку працоўнай дзейнасці моладзі расказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе БелТА. 


Стандартная дата выхаду на працу — 1 жніўня, аднак можна выйсці і раней, адзначылі ў Мінпрацы. Калі выпускнік прыедзе і заключыць дагавор/кантракт да 1 жніўня, то тэрмін абавязковай адпрацоўкі пачнецца з гэтай даты.

Дарэчы, малады спецыяліст можа разлічваць на павышэнне, але новая пасада павінна быць звязана з атрыманай у навучальнай установе спецыяльнасцю. У такім выпадку перавод выпускніка магчымы ў агульным парадку з пісьмовай згоды работніка.

Пры выхадзе на працу маладым спецыялістам належыць аднаразовая грашовая дапамога — месячная стыпендыя (памер як у апошнім семестры). Яна павінна быць выплачана на працягу месяца пасля прыбыцця. Калі стыпендыі не было, разлік робіцца зыходзячы з памеру сацыяльнай стыпендыі.

Акрамя таго, тыя, хто размеркаваўся ў іншы населены пункт не па месцы жыхарства (прапіскі), могуць разлічваць на дапамогу за пераезд — 1 тарыфная стаўка, тарыфны аклад, службовы аклад.

Прадугледжаны і штомесячныя стымулюючыя выплаты выпускнікам, якія прыбылі на работу ў бюджэтныя арганізацыі. Напрыклад, у сістэме Мінадукацыі і Мінкультуры — 20-45% ад акладу, Мінспорту — 10-50% ад акладу, Міністэрства аховы здароўя — 20-50% ад акладу, Мінпрацы — 20% ад акладу.

У маладых спецыялістаў ёсць магчымасць атрымання льготнага крэдыту на набыццё спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці. Працэнтная стаўка складае 25% ад стаўкі рэфінансавання. Сума крэдыту можа дасягаць да 30 БПМ (бюджэтаў пражытачнага мінімуму працаздольнага насельніцтва), што на чэрвень 2026 года складае 16 632 рублі. Тэрмін крэдыту — 5 гадоў. Першыя плацяжы пачынаюцца праз 6 месяцаў пасля атрымання грошай. Галоўная ўмова — абавязковая адпрацоўка ўстаноўленага тэрміну для захавання льготы.

Растлумачылі ў Мінпрацы і пытанне аб звальненні маладога спецыяліста. Звольніцца па ўласным жаданні або па дагаворы бакоў нельга. Працоўныя адносіны з маладым спецыялістам могуць быць спынены толькі ў канкрэтных выпадках: паступленне на дзённае навучанне для павышэння ўзроўню адукацыі, пераход на выбарчую пасаду, ліквідацыя арганізацыі, скарачэнне колькасці/штата, неадпаведнасць пасады па стане здароўя, учыненне грубых дысцыплінарных правін (прагул, ужыванне алкаголю на працоўным месцы і г. д.).

Таксама ў тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні ўваходзяць перыяд ваеннай службы па прызыве або па кантракце, служба ў рэзерве і альтэрнатыўная служба, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю