Памятку пра ўсе аспекты, якія датычацца працаўладкавання падлеткаў, падрыхтавалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, паведамляе БелТА.
Так, у міністэрстве нагадалі, што працаваць можна з 14 гадоў, аднак працоўны дагавор можа быць заключаны толькі для выканання лёгкай работы, якая не шкодзіць здароўю і не перашкаджае вучобе. Абавязкова патрабуецца пісьмовая згода аднаго з бацькоў, усынавіцеля або папячыцеля. З 16 гадоў згоды ўжо не трэба.
Підчас канікул падлеткі ва ўзросце 14–16 гадоў могуць працаваць да 4 гадзін 36 хвілін на дзень, а ад 16 да 18 гадоў — да 7 гадзін. У навучальны год, у вольны ад вучобы час, для падлеткаў 14–16 гадоў працоўны дзень абмяжоўваецца 2 гадзінамі 18 хвілінамі, а для 16–18 гадоў — 3 гадзінамі 30 хвілінамі.
Падлеткам пры поўнай працягласці штодзённай работы плацяць у такім жа памеры, як і дарослым за аналагічную работу, нягледзячы на скарочаны дзень. Памер налічанай заработнай платы за цалкам адпрацаваны месяц не павінен быць меншым за мінімальную заработную плату, якая складае 858 рублёў.
Падлеткам да 18 гадоў забароненыя цяжкія, шкодныя і небяспечныя работы, уключаючы падземныя работы, начныя змены з 22.00 да 6.00, звышурочную работу, работу ў выхадныя, дзяржаўныя і святочныя дні. Спіс забароненых работ зацверджаны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Падлеткі 14–16 гадоў могуць дапамагаць у сельскай гаспадарцы (збор ягад, грыбоў, лёгкія работы на ферме), удзельнічаць у азеляненні (саджаць кветкі, даглядаць расліны), працаваць прамоўтарамі (раздача ўлётак, удзел у рэкламных акцыях), аніматарамі (напрыклад, у дзіцячых лагерах або парках), выконваць дробны рамонт адзення і абутку, дастаўляць ежу і тавары на дом і гэтак далей. Поўны спіс работ можна знайсці ў пастанове Мінпрацы № 144.
Для працаўладкавання неабходна: накіраванне ад службы занятасці, пашпарт ці іншае пасведчанне асобы, даведка з установы адукацыі (якая пацвярджае навучанне), медыцынская даведка, пісьмовая згода аднаго з бацькоў (для падлеткаў 14–16 гадоў), працоўная кніжка (калі ёсць) і заява аб прыёме на работу. Наймальнік (акрамя фізічнай асобы) павінен аформіць працоўную кніжку, калі работа доўжыцца звыш 5 дзён.
Па дапамогу ў працаўладкаванні можна звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства, ва ўстанову адукацыі (школу, каледж, ВНУ) або ў БРСМ (студатрады). Пашукаць вакансіі можна і самастойна на сайце Дзяржаўнай службы занятасці ў раздзеле «Часовая занятасць».