Кожны год ва ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы Мінскай вобласці размяркоўваюцца тысячы маладых спецыялістаў. У кагосьці адаптацыя або «ўліванне» ў калектыў праходзяць лёгка, а камусьці даводзіцца вырашаць жыллёвыя праблемы, сутыкацца з недаверам кіраўніцтва, даказваць, што за дыпломам стаяць рэальныя веды і ўменні. Каб пачуць і выслухаць маладых людзей, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА сустрэўся з маладымі спецыялістамі рэгіёна. На адкрыты дыялог у горад-спадарожнік Заслаўе прыехала больш за 200 чалавек — выхавальнікі, педагогі, урачы, ветэрынары, інжынеры, трактарысты.
На пачатку сустрэчы кіраўнік вобласці адзначыў: у Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб маладыя спецыялісты маглі рэалізавацца як асабіста, так і прафесійна. «Хоць я дапускаю, што ёсць пытанні, якія патрабуюць увагі з боку ўлады. Вы ўжо прыбылі на першыя працоўныя месцы, працуеце: нам важна разумець, ці адпавядае рэальнасць вашым чаканням, з якімі праблемамі вам давялося сутыкнуцца», — падкрэсліў губернатар.
Маладых людзей двойчы прасіць не прыйшлося — яны актыўна пыталіся аб самым хвалюючым.
— Жыллёвае пытанне — заўсёды нумар адзін для маладога спецыяліста. Ці ёсць магчымасць для кожнай сферы — адукацыі, культуры, медыцыны — штогод выдзяляць пэўную колькасць арэнднага жылля?
— Абсалютна згодны: жыллё — аснова асноў. У сувязі з гэтым хачу адзначыць: заканчваецца бягучая пяцігодка, прыярытэтам наступнай будзе якраз арэнднае жыллё. Прапануецца кратна павялічыць увод квадратных метраў менавіта арэнднага жылля. У дзяржавы няма магчымасці даць усім жыллё на іншых умовах, а ў моладзі няма магчымасці яго адразу купіць, таму арэнднае жыллё — варыянт. А паралельна можна збіраць на куплю сваёй кватэры, дома. Гэта значыць, умовы па жыллі будуць стварацца.
Урач агульнай практыкі (загадчык) Ганцавіцкай участковай бальніцы Барысаўскай бальніцы № 2 Анастасія Данькевіч адзначыла: працягласць жыцця беларусаў расце. У сувязі з гэтым пытанне: ці плануецца пашыраць сетку сацыяльных пансіянатаў?
— У Мінскай вобласці пражывае каля 1,5 мільёна чалавек. Працягласць жыцця насельніцтва сапраўды расце, попыт на паслугі сацыяльных пансіянатаў ёсць. Сёння ў вобласці працуе 19 дзяржаўных і
12 прыватных пансіянатаў. У дзяржаўных знаходзяцца амаль 3,5 тысячы чалавек, у асноўным інваліды І і ІІ груп. Плюс ёсць ложкі сястрынскага догляду, палаты. Пакуль іх дастаткова, але калі ўзнікне патрэба, будзем адкрываць дадатковыя.
Хвалюе моладзь і іншае — як супрацьстаяць інфармацыйным нападам, накіраваным супраць інстытута сям’і?
— У нас вялікая гісторыя, нашы продкі заўсёды прытрымліваліся традыцыйных каштоўнасцяў. Мы выраслі ў традыцыйных сем’ях і наша місія — перадаць гэта дзецям, унукам. Такая з’ява, калі дзіцяці дазваляюць выбіраць, хто ён: хлопчык ці дзяўчынка, для нашай краіны, культуры непрымальная. Наша сіла — у спрадвечных традыцыях.
Настаўнік рускай мовы і літаратуры Аліна Казачок задала пытанне пра беспрацоўе ў Мінскай вобласці: у прыватнасці, што робіцца для яе прафілактыкі?
— Ёсць спецыяльныя цэнтры, дзе можна атрымаць шэраг прафесій у рэгіёнах. Калі ў вас ёсць жаданне рэалізавацца, асвоіць новую прафесію — у іх можна прайсці навучанне. Плюс кірмашы вакансій. Сёння ў рэгіёне 33 тысячы вакансій, выбар ёсць. Але ўсюды трэба працаваць: проста так плаціць вялікія грошы вам ніхто не будзе.
Падчас адкрытага дыялогу Аляксею Кушнарэнку задалі больш за 15 пытанняў, у тым ліку асабістага характару. На ўсе губернатар Міншчыны адказаў шчыра і падзякаваў маладым людзям за іх актыўнасць.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА