Міжнародная выстаўка Dіgіtal Expo — 2025 праходзіць з 17 да 20 чэрвеня ў Мінску. Гэта ўнікальная пляцоўка абмену вопытам, якая аб’ядноўвае прафесіяналаў лічбавай індустрыі. Сёлета ў выстаўцы бяруць удзел больш за 90 кампаній і арганізацый, сярод якіх лідары ІT-рынку Беларусі, Расіі і Кітая. Так, на працягу чатырох дзён пройдзе больш за 20 мерапрыемстваў, на якіх эксперты абмяркуюць актуальныя выклікі лічбавай эпохі ад дыгіталізацыі ў прамысловасці да тэхналогій і рашэнняў для развіцця разумных гарадоў.
Вытворчасць са штучным інтэлектам
Цэнтральным экспанентам выстаўкі стаў холдынг «Гарызонт», які сёлета адсвяткуе свой 85-гадовы юбілей. Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт» Юрый Прадко падзяліўся, што ў жніўні яны плануюць адкрыць поўнасцю аўтаматызаваны завод па вытворчасці комплексаў са штучным інтэлектам.
— Сёння час складанасцяў і магчымасцяў. Улічваючы, што ў нас у аснове ляжыць стратэгія вытворчасці, мы ў найбліжэйшы час адкрыем некалькі заводаў. Адзін з іх, вядома, прысвечаны лічбавай электроніцы — гэта завод аўтаматызаваны, з вялікай колькасцю робатаў, якія павысяць якасць і адкрыюць новыя магчымасці для спажыўца. Там будзе вырабляцца прадукт — нават не тэлевізар, а станцыя або комплекс, які будзе валодаць штучным інтэлектам. У яго будзе ўкаранёна шмат магчымасцяў: з ім можна размаўляць, задаваць пытанні, выконваць праграмы, вынаходкі. Гэта тое, пра што мы гаварылі вельмі многія гады: дамашні памочнік ва ўсіх галінах, у тым ліку і ў кіраванні кухоннай, дамашняй і іншай тэхнікай, суразмоўнік, які дапаможа і ў развіцці, і адказаць на пытанні. Ён дазволіць чалавеку адчуць сябе больш камфортна, — расказаў журналістам Юрый Прадко.

Распрацоўкі маладых
Адметна і тое, што ў экспазіцыі таксама можна азнаёміцца з перспектыўнымі стартапамі моладзі. На прасторах выстаўкі мы пазнаёміліся з навучэнцам гімназіі № 13 Мінска Яраславам Туляковым. Яго інтэлектуальны прамысловы робат стаў праектам — пераможцам рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў.

— Прататып прамысловага робата ўмее пісаць, маляваць і выпальваць з дапамогай лазера. Ён распрацоўваўся для дзвюх мэт: першая — праверыць канструкцыю, механізм, другая — даследаваць праграмнае забеспячэнне. Пасля гэтага быў распрацаваны ўжо чатырохвосевы прамысловы робат, які зможа перамяшчаць аб’ект з канвеера на палет. Таксама на канчатковым выканаўчым механізме робата можа быць размешчаны зварачны апарат пры неабходнасці, — падзяліўся малады чалавек.
На гэтым распрацоўкі Яраслава, прадстаўленыя на выстаўцы, не заканчваюцца. Паверхам ніжэй размясціўся яшчэ адзін інавацыйны праект маладога чалавека: інтэлектуальны гуманоідны робат, з якім можна пракансультавацца, пагутарыць на любую тэму і нават папрасіць прачытаць кнігу.

Кантроль за парушэннямі
Нашы праваахоўнікі з цікавасцю вывучалі распрацоўкі расійскіх інжынераў. А ўсё таму, што расіяне прадставілі на выстаўцы праграмна-апаратны комплекс фотавідэафіксацыі парушэнняў правілаў дарожнага руху.
— Ён устанаўліваецца на патрульны транспартны сродак, працуе як у руху, так і стацыянарна, — падзялілася менеджар па рабоце з ключавымі кліентамі ТАА «Арсенал рэгіёны» Юлія Хакімава. — Фіксуецца перавышэнне хуткасці, язда па абочыне, праезд на чырвонае святло, адпаведна, ідзе распазнаванне дзяржаўных рэгістрацыйных знакаў, марак, мадэляў транспартных сродкаў, ажыццяўляецца таксама работа з базамі вышуку. Дапусцім, калі аўтамабіль знаходзіцца ў базе вышуку і комплекс яго зафіксаваў, інфармацыя паступае непасрэдна на планшэт, дзе супрацоўнік бачыць, што машына ў вышуку, і, адпаведна, яе спыняе.

Комплексы даволі запатрабаваныя і ўжо працуюць у Бранску, Ліпецку, Смаленску, а таксама пастаўляюцца ў Казахстан. Хто ведае, можа, калі-небудзь яны з’явяцца і ў Беларусі.
***
На выстаўцы яшчэ шмат цікавых лічбавых цікавостак. Убачыць іх можна да пятніцы ў сталічным выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара