Top.Mail.Ru

Што варта паглядзець на выставе «Мая Беларусь»?

Першы беларускі электрамабіль і сімулятар кіравання трактарам, магчымасць набыць лекі ў робата-аптэкара і атрымаць глазураваны сырок у робата-дэгустатара, «памерацца ростам» з колам БелАЗа і адчуць на далонях «зорны пыл»... Калі вам не хапіла яркіх навагодніх уражанняў, свята для дзяцей, ды і для сябе асабіста, можна падоўжыць, пабываўшы на выставе дасягненняў «Мая Беларусь».


На 30 000 кв. м. экспазіцыйнай плошчы Міжнароднага выставачнага цэнтра (у павільёне і пад адкрытым небам) наведвальнікі могуць азнаёміцца з найбольш значнымі дасягненнямі беларускай навукі, культуры, эканомікі і, як адзначаюць арганізатары, «убачыць будучыню краіны праз яе сучаснасць». Гэтым маштабным праектам адкрыўся новы выставачны цэнтр 28 снежня, і дзякуючы выставе ў першыя дні 2025 года ММВЦ стаў адной з найбольш папулярных лакацый сталіцы. Перш за ўсё — для сем’яў з дзецьмі і моладзі: на выставе шмат інтэрактыву і ўнікальных экспанатаў. З дапамогай акуляраў дапоўненай рэальнасці і IT-тэхналогій можна «пабываць» там, куды вы яшчэ не даехалі (ці ўвогуле ніколі не патрапілі б). Тут жа размешчаны фудкорт і зона адпачынку, фотазоны і інсталяцыі «Мая Беларусь — месца сілы».

Для зручнасці наведвальнікаў велізарная экспазіцыя падзелена на тэматычныя лакацыі («Культурная спадчына», «Разумны горад», «Навука і інтэлект», «Клопат і здароўе», «Атамная энергія», «Сельская гаспадарка», «Спартыўная краіна», «На варце» і г. д.). За святочную атмасферу адказвае зона культурных праектаў, дзе кожны дзень адбываюцца відовішча — ад тэатральных і кінапаказаў да дыялогавых пляцовак. Кожны тыдзень прысвечаны пэўнаму рэгіёну: канцэрты падрыхтавала кожная вобласць. Уваход на ўсе гэтыя мерапрыемствы і на саму выставу — бясплатны. Калі вы за рулём, перад ММВЦ прадугледжана 2,2 тыс. парковачных месцаў. Трэба сказаць, 2 студзеня іх не хапіла: былі занятыя таксама ўсе навакольныя паркоўкі. Але і на грамадскім транспарце дабрацца сюды таксама не складана. Па-першае, да новага выставачнага цэнтра ўжо пушчаны аўтобус N 26д, а па-другое, на час працы выставы арганізаваны два дадатковых аўтобусных маршруты: 912э (ад станцыі метро «Акадэмія навук») і 962э (ад станцыі метро «Пушкінская»).

Але ж якія цікавыя магчымасці адкрывае выстава перад наведвальнікамі? Вось зусім няпоўны спіс — насамрэч, іх значна больш…

Пасядзець за рулём трактара і падаіць карову

У дзень новы вялізны выставачны комплекс можа прымаць каля 15 тысяч гасцей. І ў першыя студзеньскія дні людзей тут было, так бы мовіць, «на поўную загрузку». Уразіць сучаснага наведвальніка, асабліва маладога — задача не з лёгкіх. Але арганізатарам выставы «Мая Беларусь» гэта, здаецца, удалося. Шмат у чым — дзякуючы стаўцы на інтэрактыў. Прама на ўваходзе гасцей сустракае велізарны бусел з крыламі-экранамі. Лічбавы трэнажор трактара BELARUS 3522 дазваляе адчуць сябе трактарыстам у рэальнасці, на полі. Да яго прыйшлося выстаяць чаргу (сімулятар цікавіў не толькі дзятву, але і дарослых). А калі вам захацелася паспрабаваць сябе ў якасці аўтамеханіка, то з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці можна адшукаць няспраўнасць сельгасабсталявання. Сімулятар, дарэчы, не забаўка, а інавацыйны спосаб навучання студэнтаў БДТУ. 

Будучыня — за дакладным земляробствам, і лакацыя «Сельская гаспадарка» прапануе азнаёміцца, напрыклад, з працай аградронаў, якія ўжо апрабаваныя на палях вопытных гаспадарак Нацыянальнай акадэміі навук. Тут жа можна, надзеўшы VR-акуляры, «здзейсніць экскурсію» на малочна-таварны комплекс новага пакалення, або, напрыклад, азнаёміцца з працай сістэмы тэхнічнага зроку для сартавання і ўпакоўкі пладовай прадукцыі. А можна, па-старому, падаіць карову рукамі. Карова не сапраўдная, але ў натуральную велічыню, а з вымя яе цячэ сапраўднае (напэўна) малако. Да яе таксама выстраілася чарга, у асноўным мамы з дзецьмі. Біятэхналогіі, заснаваныя на размнажэнні гаспадарча каштоўных раслін in vitro («у прабірцы»), выклікалі цікавасць у падлеткаў і дарослых. Дарэчы, гэта яшчэ і спосаб аднаўлення генафонду знікаючых відаў раслін, распавялі навукоўцы.

Папрасіць сырок у робата

Учора, сёння і заўтра айчыннай лёгкай прамысловасці дэманструе стэнд канцэрна «Беллегпрам». Тут можна схадзіць на віртуальную экскурсію на знакаміты Аршанскі льнокамбінат, убачыць модныя распрацоўкі беларускіх дызайнераў, пафантазіраваць пра «калекцыі будучыні». Масток ад віртуальнай рэальнасці да «рэальнай» перакідваюць майстар-класы: ад роспісу посуду (Добрушскі фарфоравы завод) да модных спосабаў шнуроўкі абутку («Белвест»). А на стэндзе айчыннага харчпрама ўсеагульную цікавасць выклікаў робат-дэгустатар, які частаваў усіх жадаючых шакаладнымі батончыкамі і глазураванымі сыркамі. Выбіраеш варыянт на панэлі кіравання і робат беспамылкова выдае табе менавіта выбраную слодыч. З кіраваннем цуда-машыны маментальна асвоіліся нават тыя малыя, каму няма яшчэ і двух гадоў.

Даведацца аб распрацоўках генетыкаў

Стэнд «Медыцына і фармацэўтыка» таксама імкнецца ўразіць наведвальнікаў. Тут прадстаўлены распрацоўкі ў самых розных напрамках: ад стаматалогіі да рэпрадукталогіі і спартыўнай медыцыны. 

— Асабіста мяне ўражвае распрацоўка, накіраваная на вырашэнне пытання генетычнай рызыкі невыношвання цяжарнасці, — распавядае вядучы спецыяліст Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ганна Серада. — Сёння гэта не прысуд. Маючы загадзя інфармацыю (на такую генетычную рызыку ўказвае наяўнасць парадку 27 генаў), выключыўшы экспрэсію гэтых генаў, жанчына атрымлівае ўсе шанцы вынасіць дзіця. Мы праводзілі анкетаванне парадку 2 тысяч жанчын пасля мінімум двух выпадкаў невыношвання цяжарнасці. З іх больш за 80%, прайшоўшы тэставанне і атрымаўшы правільнае вядзенне цяжарнасці, станавіліся мамамі. 

Яшчэ адна інавацыйная распрацоўка, што выклікала цікавасць наведвальнікаў выставы — нарошчванне касцяной тканіны ў стаматалогіі.

Пакратаць касмічную капсулу 

Пра «зорны пыл» — гэта, вядома, метафара. Але ўбачыць і нават пакратаць капсулу, у якой вярнулася на Зямлю першая касманаўтка сувярэннай Беларусі Марына Васілеўская, ёсць магчымасць у кожнага, хто прыйшоў на выставу. Касмічная лакацыя — адна з самых папулярных у наведвальнікаў. У ліку найбольш запатрабаваных і аўтамабільная тэматыка. «Улюбёнцам публікі» стаў першы беларускі электрамабіль BelGee EX50. Мужчынская палова наведвальнікаў падрабязна распытвала пра тэхнічныя характарыстыкі машыны, дзяўчаты — прасілі пасядзець за рулём і ацаніць камфортнасць салона. Буйнагабарытная тэхніка размясцілася пад адкрытым небам, і, нягледзячы на ледзяны дожджык, тут таксама было шмат людзей. Падымацца ў кабіну БелАЗа дзятве не дазвалялася, хоць дзеці і падлеткі ўсё роўна залазілі на лесвічку, што вядзе ў кабіну велізарнай машыны, хай і не высока — дзеля выдатных фота. Зрэшты, на некаторую буйную тэхніку («ростам ніжэйшую» за БелАЗ) залазіць не забаранялася.

Прадстаўлена на выставе і вялікая лакацыя, прысвечаная культуры, гісторыі і традыцыям нашай краіны. Тут можна ўбачыць унікальныя музейныя экспанаты, падзеленыя па абласцях, што характарызуюць непаўторнасць кожнага рэгіёна. Застаецца дадаць, што сустракаюць гасцей выставы «Мая Беларусь» не толькі пачастункамі «віртуальнымі». Адна з самых прыцягальных лакацый — кірмаш, дзе можна пакаштаваць самую розную кулінарыю, ад кафетэрыя ГУМа да меню камбінатаў школьнага харчавання.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю