Цёплае надвор’е, якое ўсталявалася ў краіне, паспрыяла масаваму выезду людзей на прыроду. Хтосьці выкарыстаў сонечныя дзянькі, каб пасмажыць шашлык і весела бавіць час на свежым паветры. Іншыя вырашылі навесці парадак у двары, на прысядзібным участку, лецішчы. У шэрагу выпадкаў усё пайшло не па плане: і адпачывальнікі, і працаўнікі, як гэта часта бывае, забыліся пра элементарныя правілы бяспекі. А агонь, як вядома, памылак не даруе.
Літаральна на гэтым тыдні ледзь не згарэла вёска Колкі ў Клецкім раёне. Ад падпаленага смецця агонь перакінуўся на гаспадарчыя пабудовы, а пасля і на жылыя дамы — адзін з іх пашкоджаны, два — змаглі выратаваць пажарныя. Веснавыя палы ўжо забралі і чалавечае жыццё: пенсіянер спальваў смецце на могілках ля вёскі Галынь Навагрудскага раёна, на ім загарэлася адзенне, праз дзень ён памёр ад апёкаў у бальніцы. Шпіталізавалі з апёкамі і 68-гадовага мужчыну, які паліў смецце на дачным участку каля вёскі Меркавічы Лагойскага раёна, і 92-гадовую бабулю, якая наводзіла парадак на ўчастку ў вёсцы Шасцілы Мастоўскага раёна. З-за неасцярожнага абыходжання з агнём на іх загарэлася вопратка.
З пачатку года ў краіне адбылося звыш 1,5 тысячы пажараў у экасістэмах. Узгаранні фіксуюцца ў кожнай вобласці. Падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях аператыўна прыбываюць да месцаў выкліку, ліквідуюць узгаранні. З-за моцнага ветру агонь хутка распаўсюджваецца, імгненна перакідваецца з падпаленай травы і кустоў на жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, транспарт.
Урок на ўсё жыццё
Як паказвае практыка, менавіта бестурботнасць, а часам і наўмыснае грэбаванне правіламі бяспекі з боку людзей прыводзіць да ўзнікнення пажараў у вясновы перыяд.
Незахаванне правіл пажарнай бяспекі пры навядзенні парадку на дваровых тэрыторыях, а часам і свядомае выпальванне сухой расліннасці, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры развядзенні вогнішчаў прыводзіць да трагічных наступстваў — полымя, якое маланкава распаўсюджваецца, пагражае не толькі ўласнаму жыллю, а нават цэлай вёсцы, лясному масіву. І такіх прыкладаў нямала.
У прыватнасці, у канцы лютага мужчына вырашыў дапамагчы навесці парадак на ўчастку бабулі, ды ледзь усё не спаліў. Загаранне сухой расліннасці, якое магло прывесці да вялікай бяды, адбылося ў вёсцы Хвоева Нясвіжскага раёна. Пажылая жанчына звярнулася да знаёмага з просьбай аб дапамозе ў навядзенні парадку на сваёй прысядзібнай тэрыторыі. Мужчына пагадзіўся і ўзяўся за работу. Сабраўшы ўсё смецце на ўчастку (у асноўным галіны дрэў), ён вырашыў утылізаваць яго шляхам спальвання. Пры развядзенні вогнішча меры бяспекі праігнараваў, у выніку агонь перакінуўся на сухую расліннасць. Пасля няўдалых спроб патушыць узгаранне самастойна гаспадыня выклікала ратавальнікаў. Пасля прыбыцця падраздзяленняў Нясвіжскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях было зафіксавана гарэнне сухой травы на плошчы 40 квадратных метраў. Узгаранне было ліквідавана. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
Як пасля расказваў мужчына, ён нават падумаць не мог, што ўсё так павернецца. «Хацеў зрабіць добрую справу, ды ледзь не спаліў усё, — сказаў потым ён. — Урок вынес на ўсё жыццё. Таму раю да гэтай справы падыходзіць з розумам, не дзейнічаць бяздумна, бо найменшы ветрык — і трава гарыць, як у мяне і адбылося».
Па папярэдняй версіі, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання прывяло да ўзгарання сухой расліннасці ў Валожынскім раёне. Агнём былі знішчаны жылая хата, тры гаспадарчыя пабудовы, легкавы аўтамабіль. Пацярпелі і суседняя жылая хата, гаспадарчыя пабудовы. Такіх наступстваў магло б не быць, калі б не моцны вецер, які паспрыяў хуткаму распаўсюджванню полымя, ствараў пагрозу для найбліжэйшага ляснога масіву. Дзякуючы аператыўным дзеянням ратавальнікаў удалося прадухіліць распаўсюджванне агню і абараніць лес ад узгарання.
Выязджалі ратавальнікі і на ліквідацыю пажару ў вёсцы Крываносы Старадарожскага раёна. Агнём знішчаны два жылыя дамы і пяць гаспадарчых пабудоў. На шчасце, абышлося без пацярпелых. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай узгарання магло стаць або пакінутае без нагляду вогнішча, або непатушаная цыгарэта, кінутая ў сухую траву.
Вогнішча пад кантролем
У гэты пажаранебяспечны час ратавальнікі заклікаюць быць вельмі асцярожнымі і не грэбаваць правіламі бяспекі пры навядзенні парадку на зямлі. На прысядзібным участку дапускаецца развядзенне вогнішчаў, выкарыстанне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы (мангалаў, грыляў, барбекю і інш.), але пры гэтым выкананне правілаў бяспекі павінна быць на першым месцы.
«Разводзіць вогнішчы варта пры ўмове забеспячэння бесперапыннага візуальнага кантролю за працэсам гарэння і тлення, — звяртае ўвагу начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена Немагай. — Месцы для развядзення вогнішчаў павінны быць ачышчаны ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці, забяспечаны сродкамі тушэння. Працэс гарэння і тлення павінен ажыццяўляцца такім чынам, каб полымя і іскры не траплялі на гаручыя элементы будынкаў, гаспадарчых будынкаў і збудаванняў, дзе захоўваюцца гаручыя рэчывы і матэрыялы. Пры гэтым бяспечная адлегласць вызначаецца грамадзянінам самастойна, зыходзячы з памераў вогнішча, віду гаручых матэрыялаў і ўмоў надвор’я. Па заканчэнні працэсу гарэння рэшткі падпаленых матэрыялаў павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення».
Каб навядзенне парадку на падворку не стала трагедыяй, будзьце вельмі асцярожныя ў абыходжанні з агнём і строга выконвайце правілы бяспекі. Не дапускаецца выпальваць сухую расліннасць на пні на прысядзібнай тэрыторыі, зямельных участках, прадстаўленых для вядзення калектыўнага садоўніцтва або дачнага будаўніцтва. Нельга разводзіць вогнішчы на тарфяных грунтах, пад кронамі дрэў. Катэгарычна забаронена выкарыстоўваць для распальвання вогнішчаў лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці (за выключэннем вадкасцяў, спецыяльна прызначаных для распальвання).
За выпальванне сухой расліннасці і травы на пні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: парушальнікам пагражае штраф да 30 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.
Дарэчы
Калі вы сталі відавочцам узгарання сухой расліннасці:
- ацаніце абстаноўку;
- калі ачаг невялікі, збіце полымя звязкам прутоў або галінкамі лісцяных дрэў, закідайце пяском або заліце вадой;
- патушыце пажар, не сыходзьце да той пары, пакуль не пераканаецеся, што агонь не разгарэўся зноў;
- калі ачаг вялікі, неадкладна патэлефануйце па нумарах 101 ці 112, паспрабуйце як мага хутчэй пакінуць месца пажару.
Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС