Гэты тыдзень, мяркуючы па ўсім, увойдзе ў гісторыю як пачатак разгортвання глабальнага аўдыту агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAІD). Брудная бялізна амерыканскіх улад уразіла ўвесь свет. Таемнае стала відавочным. Канферансье гэтага маштабнага шоу выкрыццяў стаў найбагацейшы чалавек планеты мільярдэр Ілан Маск, які ў адміністрацыі Дональда Трампа кіруе Дэпартаментам эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE). «USAІD — гэта камяк чарвей. Варта проста пазбавіцца ад усяго гэтага», — заявіў Маск. Дарэчы, сам амерыканскі прэзідэнт таксама вельмі актыўна далучыўся да кампаніі, у прыватнасці, ён заўважыў, што агенцтвам кіруе «купка радыкальных вар’ятаў». І панеслася — насамрэч высветліліся проста шакавальныя падрабязнасці дзейнасці штатаўскага ведамства (аднак будзем справядлівыя: прынамсі адной з такіх «кантор»).
Брудныя шчупальцы
USAІD трэба было б назваць агенцтвам па ўмяшанні ва ўнутраныя справы дзяржаў. Аб гэтым заявіла на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава. Яна назвала жахлівай карціну, якая цяпер адкрываецца ўсяму свету ў сувязі з дзейнасцю USAІD.
«Як высветлілася, значныя сродкі амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў ішлі не на праекты ў сферы гуманітарнай дапамогі (а менавіта так заяўлялася Вашынгтонам на ўсіх узроўнях). Гэтыя грошы ішлі не толькі на ініцыятывы сумнеўнай каштоўнасці, накшталт пастаноўкі трансгендарнай оперы ў Калумбіі або перасадкі палавых органаў у людзей у іншых краінах, але і літаральна на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў фокусных дзяржавах — вось літаральна так гэта і фармулявалася. Высветлілася і стала здабыткам сусветнай грамадскасці і прадметам абмеркавання ў самых шырокіх колах у ЗША і за іх межамі, што USAІD прама спансіравала так званыя бархатныя рэвалюцыі і перавароты, а па сутнасці, змену законнай улады ў краінах постсавецкай прасторы, — адзначыла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ. — Шчупальцы гэтага агенцтва праз сістэму фондаў, грантаў, так званых няўрадавых арганізацый глыбока праніклі і аказвалі сур’ёзнае ўздзеянне на дзяржаўнае кіраванне і эканомікі многіх краін свету. Мы зыходзім з таго, што такая структура першапачаткова не павінна была стварацца ні з пункту гледжання прынцыпаў і нормаў міжнародных зносін, ні з пункту гледжання агульначалавечых уяўленняў аб маралі і маральнасці».
Марыя Захарава таксама назвала шокам для ўсіх інфармацыю аб тым, што USAІD спансіравала праз гранты СМІ, патрабуючы ад іх правядзення палітыкі стратэгічнага маўчання па тых пытаннях, якія былі нявыгадныя адміністрацыі Белага дома: «Таму нейкія тэмы літаральна навязваліся, людзей прымушалі паверыць у нешта, яны з кожнага праса ліліся на аўдыторыю, а нейкія тэмы — найбольш маштабныя і больш важныя для амерыканскага грамадства і падаткаплацельшчыкаў — наогул не падсвятляліся ў СМІ ЗША ці іншых краін».
Пачым слёзы Анджэліны Джалі?
Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці не прасоўвала дэмакратыю — яно праводзіла аперацыі па дэстабілізацыі, паведаміў партал DD Geopolіtіcs.
«Лукашэнка закрыў дзейнасць USAІD у краіне, гарантуючы, што Беларусь не стане яшчэ адной Украінай», — адзначыў рэсурс. Між тым, як стала вядома, з 2011 да 2021 года ЗША разам з «Нацыянальным фондам за дэмакратыю» накіравала на антыдзяржаўную дзейнасць супраць Беларусі больш за 200 мільёнаў долараў. Вашынгтон з рукі карміў экстрэмісцкія СМІ, а таксама фінансаваў праграмы падрыхтоўкі радыкалаў для правядзення каляровай рэвалюцыі. USAІD і NED, якімі кіравалі ЗША і якія падтрымлівалі заходнія краіны, прыкладалі ўсе намаганні для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку ў 2020 годзе, адзначыў тэлеканал «Першы інфармацыйны».
Пратэсты 2020-га, відавочна, былі спланаваны — USAІD выдаткавала 50 млн долараў. Таксама агенцтва ўдзельнічала ў кампаніях эканамічнага ціску, накіраваных на дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі, выкарыстоўваючы санкцыі, фінансаванне забастовак работнікаў і эканамічны ціск для дэстабілізацыі краіны. Уцечка дакументаў паказала, што Польшча, Літва і ЗША каардынавалі санкцыі і пратэсты.
«Калі раней той, хто шчыльна сядзеў на інфармацыйнай іголцы, прапанаванай USAІD (а з гэтай крыніцы у тым ліку спансіраваліся і ўсе нашы экстрэмісцкія інфармацыйныя рэсурсы), мог сказаць, маўляў, усё гэта выдумкі, канспіралогія, метад высмейвання і падвяргання сумневу відавочных тэзісаў, то цяпер такой магчымасці няма. Чаму? Бо фактура абнародуецца самімі ЗША. Там адбываецца сур’ёзнае перакройванне асноў знешняй і ўнутранай палітыкі, — падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры „Альфа Радыё“. — Арганізацыя захоўвае вельмі шмат брудных таямніц. Паглядзіце, чаго каштавалі ў прамым сэнсе ў доларавым выражэнні кракадзілавы слёзы, якія пралівалі галівудскія зоркі над горам „незалежнай“ Украіны.
- Па-мойму, Анджэліне Джалі кожная слёзка каштавала мільён долараў — ёй заплацілі 20 мільёнаў. Сумы астранамічныя! Вельмі шмат каштавалі праекты, звязаныя з памяншэннем дзетараджэння ў Афрыцы, спансіраванне дзяржаўных пераваротаў. Фінансавалі ўсё, што заўгодна, аж да адкрыта абсурдных і відавочна карупцыйных тэм, як, напрыклад, вывучэнне паводзін грызуноў пасля ўжывання псіхатропных рэчываў і гэтак далей».
Гнілая сістэма
Уся прыкормленая брація прыйшла ў рух. Яно і зразумела — скончылася «салодкае жыццё» за кошт грантаў за продаж сваёй краіны (менавіта на гэтым і грунтавалася сістэма). «Мы ўбачылі, што па ўсім свеце пачалі закрывацца нібыта незалежныя СМІ, у тым ліку беларускія, якія палівалі брудам уласныя краіны, але пры гэтым расказвалі, што яны незалежныя, што іх чытаюць, слухаюць, данацяць, падтрымліваюць, таму што з’яўляюцца голасам праўды, — заўважыў у эфіры „Альфа Радыё“ дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта палітолаг Аляксей Бяляеў. — Практычна ўсе гэтыя канторы перайшлі ў рэжым вельмі ўмеранай прысутнасці і фактычна цалкам знікаюць з медыяпрасторы. Аб чым гэта сведчыць? Аб тым, што гэта была сістэма, якая выбудоўвалася дзесяцігоддзямі, пры якой за замежныя грошы існавалі канторы, якія спрабавалі ўсім казаць аб сваёй незалежнасці. Але і яны раскрылі свой сапраўдны твар. Так ім і трэба».
- І яшчэ. Аўдыт высвятляе і факты прамога раскрадання сродкаў. У прыватнасці, у Мінеапалісе збеглыя «асвоілі» грошы на будаўніцтва «Беларускага цэнтра». На ўзвядзенні на рэдкасць пачварнай скрыні з металалому было скрадзена як мінімум 400 тысяч долараў. А ў Літве выявілі нейкі глабальны фонд Pyxera, адным з донараў якога якраз і была арганізацыя USAІD. У 2021 годзе яны адкрылі ў Вільнюсе філіял, які, мяркуючы па дакументах, займаўся... масавым навучаннем беларускіх праграмістаў. Дык вось, чатыры супрацоўнікі гэтай арганізацыі за год нібыта рыхтавалі па 1500 (!) такіх спецыялістаў. За што атрымлівалі штомесяц па 3900 еўра. У 2022 і 2023 гадах ім налічылі «прэміі» — кожнаму прыкладна па 220 тыс. еўра. Гэта адзін са шматлікіх прыкладаў «райскага» жыцця «чарвякоў», які яскрава адлюстроўвае ўсю гнілую сістэму.
«Мы вельмі добра ведаем, як працуе USAІD. Іх гранты не будуюць эканоміку — яны будуюць рэвалюцыі», — падкрэсліў у 2020-м Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб пратэстах у нашай краіне пры падтрымцы Захаду. Прэзідэнт Беларусі, як заўсёды, меў рацыю — гэта яскрава пацвярджаюць цяперашнія падзеі вакол USAІD.