Апошнім часам мы часта чуем пра рэдказямельныя металы. Кантэкст практычна заўсёды знаходзіцца ў палітычнай плоскасці, тады як пра эканамічны і тэхналагічны складнік кажуць няшмат. Пры гэтым у наш час рэдказямельныя металы, яны ж рэдказямельныя хімічныя элементы, знаходзяць самае шырокае ўжыванне ў энергетыцы, атамнай, машынабудаўнічай, металургічнай, хімічнай, нафтахімічнай, шкляной і абароннай прамысловасці. За апошнія 30 гадоў у свеце адбыўся выбухападобны рост попыту на рэдказямельныя металы, і сёння няма такой галіны, дзе яны б не выкарыстоўваліся. Пра сферу прымянення гэтых рэчываў, традыцыйныя і альтэрнатыўныя спосабы атрымання размаўляем з навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.
— Чаму некаторыя металы называюць рэдкімі?
— Рэдказямельныя металы насуперак назве распаўсюджаны досыць шырока. Сваё найменне яны атрымалі з-за вельмі нізкай канцэнтрацыі — элементы вельмі моцна рассеяны, ні адзін з іх не сустракаецца ў чыстым выглядзе ў вялікай колькасці, таму здабыча складаная і дарагая.
Рэдкіх металаў дастаткова шмат. Адзін з іх — 51-ы элемент табліцы Мендзялеева, сурма. Гэта металоід, ён займае прамежкавае месца паміж металамі і неметаламі. Рэчыва з’яўляецца атрутным: пры ўдыханні элемент пашкоджвае лёгкія, а таксама ён таксічны для скуры. Першае згадванне пра сурму адносіцца да 3100 года да н. э. У старажытным Егіпце жанчыны для прыгажосці мазалі ёй павекі, а з часам гублялі зрок: тады пра атрутныя ўласцівасці сурмы не ведалі. У той час урачы прызначалі яе як супрацьпаразітарныя лекі, што дапамагала, але адначасова выклікала атручванне ўсяго арганізма. Старажытныя грэкі мазалі рэчывам скуру як ласьён і атрымлівалі атручванне. Такім чынам, шмат людзей пацярпела, перш чым былі высветлены таксічныя ўласцівасці сурмы.
— Дзе ж гэты матэрыял сёння выкарыстоўваецца?
— Рэдказямельныя металы знаходзяць прымяненне ў мностве сфер — ад электронікі да энергетыкі.
Цяпер, напрыклад, вядома, што сурма забівае не толькі паразітаў, але і ракавыя клеткі, і навукоўцы працуюць над тым, каб нейтралізаваць атрутныя ўласцівасці і элемент можна было выкарыстоўваць у медыцыне як супрацьракавы прэпарат.
Рэдкія металы здольныя змяняць уласцівасці іншых рэчываў. Напрыклад, калі ў пластык дадаць сурму, ён становіцца вогнетрывалым. Рэчыва дадаюць у паўправаднікі, такім чынам камп’ютары могуць працаваць лепш і хутчэй. Яго выкарыстоўваюць пры вырабе шчолачных батарэй: дадаюць у свінец, дзякуючы чаму акумулятары даўжэй служаць. У валокны супрацьпажарных касцюмаў, якія выкарыстоўваюць ратавальнікі, гоншчыкі «Формулы-1», таксама дадаецца сурма для павялічэння трываласці і абароны ад апёкаў. У ваеннай прамысловасці рэчыва злучаюць са свінцом, паляпшаючы ўласцівасці апошняга: куля менш дэфармуецца і лепш паражае цэль. Трэба сказаць, што сёння каля 90 % сурмы, якая выкарыстоўваецца ва ўсім свеце, вырабляецца ў Кітаі, Расія здабывае 3-4 %.
Рэдказямельныя металы адыгрываюць стратэгічную ролю ў стварэнні высокатэхналагічных прадуктаў. Напрыклад, неадзім выкарыстоўваецца пры вытворчасці электрамабіляў. Ёсць нават паняцце «неадзімавыя магніты», якія дзякуючы сваім уласцівасцям дазваляюць ствараць больш кампактныя і лёгкія электрарухавікі з высокай прадукцыйнасцю. Таксама яны забяспечваюць хуткае паскарэнне і лепшую энергаэфектыўнасць. Акрамя таго, неадзім выкарыстоўваецца ў лазерных тэхналогіях, электроніцы, у вытворчасці розных відаў шкла, жорсткіх дыскаў, у медыцыне, сельскай гаспадарцы.
— Цяпер зразумела, чаму краіны, дзе ёсць рэдкія металы, становяцца ўсё больш прывабнымі для многіх гульцоў сусветнага бізнесу...
— Большасць рэдказямельных металаў засяроджана ў Кітаі. Многія рэдкія элементы ёсць, напрыклад, ва Украіне, хоць у цэлым на еўрапейскім кантыненце іх параўнальна няшмат. Беларусь недалёка ад Украіны, магчыма, яны ёсць і ў нас, але пакуль маштабных пошукаў не праводзілася. У цяперашні час з дапамогай спадарожнікавых і касмічных тэхналогій можна знайсці карысныя элементы нават на іншай планеце, не кажучы пра нашу. І для дзяржаў, якія маюць касмічныя тэхналогіі, гэта не складана.
Трэба сказаць, што за рэдказямельныя металы неабавязкова ваяваць. Ёсць іншыя методыкі здабычы. Напрыклад, да 1860 года ў ЗША былі жорсткія войны за вельмі маленькія астравы, хоць яны не мелі ніякага ваеннага і іншага стратэгічнага значэння. На іх дзесяцігоддзямі збіраўся памёт чаек, а гэта азотнае ўгнаенне, без чаго немагчыма сельскагаспадарчая вытворчасць. У той час 4 кг азоту каштавалі як 1 кг золата. Пры гэтым на Усходзе для атрымання азотнага ўгнаення ладзілі вялікія галубятні, і там не было войнаў за азот.
Цяпер рэдкія металы ў многіх краінах атрымліваюць з другаснай сыравіны, напрыклад, са смецця. Швейцарыя штогод каля 50 кг золата і 3 т срэбра здабывае толькі з каналізацыі і такім чынам перакрывае расход на ачышчэнне сцёкавых вод. Вучоныя ў сучасным свеце адкрываюць усё новыя эканамічна выгадныя методыкі, і з кожным годам такія спосабы ўсё больш пашыраюцца. Некаторыя краіны не толькі перапрацоўваюць свае адходы, але і імпартуюць другасную сыравіну і на гэтым зарабляюць. Прычым тэхналогію не трэба вынаходзіць, яна даўно прыдумана і ўдасканальваецца, таму для краін, якія развіваюцца, дастаткова яе набыць. Напрыклад, калі разумна ўтылізаваць электрамабілі і здабываць адтуль неадзім, не патрэбна і шахта.
Алена КРАВЕЦ