Руслан Кот з Дубровеншчыны — асоба ў сельскагаспадарчых колах Віцебшчыны вядомая. Трэці год мужчына працуе на малочнатаварнай ферме «Старая Буда» СГФ імя Ю. Смірнова ААТ «Аршанскі КХП», амаль столькі ж ён выходзіць пераможцам абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака сярод маладых аператараў машыннага даення па выніках квартала і года. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, у чым сакрэт яго высокіх надояў.
Руслану 33 гады, прыкладна дзесяць з іх ён звязаны з вытворчасцю малака. Мужчына пераехаў на Дубровеншчыну з Гомельскай вобласці. На старым месцы жыхарства пачынаў жывёлаводам, потым займаўся раздоем маладых каровак. Не толькі раздаіць, але і ўзяць рагуль пад поўную апеку яму прапанавалі некалькі гадоў таму на МТФ «Старая Буда».
Згодна са стэрэатыпам, аператар машыннага даення — прафесія жаночая, але Руслан Іванавіч сваім прыкладам з дня ў дзень даказвае, што мужчынскія рукі не менш спрытныя. Сельскай гаспадарцы ён не вучыўся, у дыпломе значыцца спецыяльнасць «Ляснік-егер-вадзіцель».
Адпрацаваўшы па спецыяльнасці некалькі гадоў, мужчына вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай справе. Аб сваім рашэнні не шкадуе.
На ферме ён знаходзіцца амаль без выхадных, бо сумяшчае прафесіі аператара машыннага даення і жывёлавода: сам корміць, поіць, прыбірае за 139 жывёламі — гэта пакуль увесь статак, што знаходзіцца на ўтрыманні. А ў асабістай групе Руслана Ката 67 кароў. Пра кожную з іх мужчына можа расказваць асобна, адзначаючы рысы характару. Напрыклад, падапечную з мянушкай Вугольчык характарызуе як самую паслухмяную і спакойную.
«Каровы для мяне нібы дзеці. Сачу за кожнай, заўважаю змены ў настроі і апетыце, ведаю, хто як сябе адчувае. На ацёле прысутнічаю сам, і калі ўсё ідзе добра, самастойна прымаю цяля. Мне вельмі шкада, калі жывёліне нешта баліць, бо яна не можа сабе дапамагчы», — дзеліцца Руслан.
За ранішнюю і вячэрнюю дойкі праз рукі аператара «Старой Буды» праходзіць як мінімум 2,2 тоны малака. А свае асабістыя рэкорды мужчына не запамінае, проста імкнецца працаваць выдатна. І гэта ў яго атрымліваецца: доказам служаць штоквартальныя і гадавыя перамогі ў абласным спаборніцтве па вытворчасці малака сярод маладых аператараў. «Гэта не выпадковыя вынікі — гэта мая мэта, да якой іду штодня. Прыемна быць найлепшым, прыемна весці наперад сваю ферму. Сакрэт поспеху — рабі шчыра, своечасова, будзь уважлівым да тых, за каго адказваеш», — расказвае герой.
За высокімі вынікамі стаіць вялікая праца. Раніцай прыйсці да рагатых трэба а чацвёртай гадзіне: пачысціць, накарміць, абнавіць ваду. Пасля падключыць апараты, зноў кармленне, падсыпка. Вячэрні клопат Руслана заканчваецца а дванаццатай гадзіне ночы. І такі кругаварот штодзень. Жывёлавод прызнаецца, што стамляецца, але будзе лета — будзе лягчэй, хоць і пасвіць сваю групу кароў Руслан Кот таксама плануе сам.
У вольны час, якога зусім няшмат, мужчына любіць спяваць у караоке і выдатна гуляе ў шахматы. Каб лягчэй і хутчэй дабірацца да фермы, нядаўна набыў скутар. Гаворачы аб тым, ці варта выбіраць такую нялёгкую прафесію, Руслан адказвае: «Гэта цяжкая праца, у першую чаргу фізічна. Каб прыручыць да сябе кароў, трэба літаральна не спаць суткамі. Калі чалавек любіць жывёл і не баіцца такога рэжыму, то ўсё атрымаецца», — заключыў герой.
Фота з архіва героя