Top.Mail.Ru

Што застаецца за кадрам?

Сапраўдны фурор у аматараў фотамастацтва выклікала персанальная выстаўка Віктара Бутры «Эфект назіральніка» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Чорна-белая панарама жыцця ў аб’ектыве беларускага фатографа па-асабліваму ўздзейнічае на гледача, адкрываючы новыя грані знаёмага свету.


Хоць Віктар Бутра авалодаў тэхнікай фатаграфіі самастойна, яго стыль займае асаблівае месца ў класічным беларускім фотамастацтве. Першыя фотаздымкі пабачылі свет у 1957 годзе, і з таго часу творчасць майстра не перастае здзіўляць звычайных гледачоў і прафесійных крытыкаў глыбокім псіхалагізмам, індывідуальным падыходам і лірычнасцю сюжэта.

Сам Віктар Бутра пазбягае гучнага азначэння — фатограф, майстру больш падабаецца фармулёўка «практык з запалам да даследаванняў». Мастак знакаміты імкненнем здымаць інакш, перадаваць праз фота пачуцці і стан як герояў работы, так і свае. Фотаздымкі Віктара Бутры прымушаюць пражыць адлюстраваныя падзеі, перанесціся на некалькі дзесяцігоддзяў назад і прайсці тымі ж сцежкамі, па якіх блукаў у пошуках незвычайнага мастак.

«Я хачу дайсці да сутнасці... І з дапамогай фатаграфіі збіраю і перадаю матэрыял тым, хто можа яго даследаваць... Тое, што вы бачыце, знаходзіць водгук унутры і прымушае вас націснуць на кнопку спуску затвора...» — піша Віктар Бутра.

Персанальныя выстаўкі фатографа праходзяць рэдка, таму праект «Эфект назіральніка» ў НЦСМ — добрая магчымасць пазнаёміцца з сапраўдным фотамастацтвам, паглыбіцца ў кантэкст і адчуць перамены ўнутры. 

У экспазіцыі прадстаўлена каля 120 фотаздымкаў, створаных у перыяд з канца 1950-х да 2015 года. 

— Для мяне вельмі важна тое, што застаецца па-за кадрам. Усе кажуць пра вядомыя фатаграфіі, пра работы, якія ўжо сталі культавымі. Аднак за гэтым яшчэ хаваецца працэс, не заўважаны гледачамі: як ствараліся гэтыя здымкі, пошук натхнення... У вас ёсць магчымасць убачыць не толькі вынік работы, але і працэс адбору, пробныя варыянты і кантрольны друк. Думаю, асабліва для пачаткоўцаў будзе карысным убачыць, што нават вядомы прадстаўнік беларускай класічнай фатаграфіі не проста націскае на кнопку і атрымлівае шэдэўр, што ёсць моманты пошуку і сумненняў, — расказала на адкрыцці выстаўкі куратар праекта Дзіна Даніловіч.

Афармленне выставачнай прасторы стварае ўражанне, што гэта невялікая карта свету, карта жыцця ў аб’ектыве майстра... Фотаздымкі размешчаны хаатычна, паўтараючы рух жыцця, у якім няма паўз, які б’е і абрынаецца на чалавека вялікаю сілаю пачуццяў. Супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў ператварылі знаёмства з работамі Віктара Бутры ў цікавы працэс, дзе важны не толькі эстэтычны погляд, але і фізічная сіла.

На выстаўцы можна ўбачыць і класічныя аналагавыя фотаздымкі, і сучасную лічбавую фатаграфію. Сам мастак аддае перавагу аналагаваму фота, бо «выява на здымку, зробленым без выкарыстання зуму з убудаваным маторам, больш адпавядае ўспрыманню рэчаіснасці вокам, у той час як многія з лічбавых фота выглядаюць як аплікацыя».

Сюжэты аўтара здзіўляюць гледачоў разнастайнасцю. У аб’ектыў Віктара Бутры трапіла ціхае жыццё вёскі (цыкл «Вёска вачыма гараджаніна»), насычаныя будні студэнтаў (серыя «Сесія»), гарадскія пейзажы (серыя «Дзень горада»), замілавальныя моманты сяброўства, якое пачынаецца з маленства, першае каханне, што перарасце ў шчаслівы шлюб, карацей, усё, чым насычана наша жыццё ад нараджэння да смерці... Фатограф працуе ў рэпартажным стылі, прыкмячаючы неадчувальныя моманты, з якіх складаецца рэчаіснасць. Чорна-белая палітра не перашкаджае мастаку ў адлюстраванні чалавечых эмоцый, нездарма яго творчы кірунак называюць псіхалагічнай фатаграфіяй. 

Аматарам творчасці Віктара Бутры будзе цікава паглядзець відэаролік з майстрам у галоўнай ролі. Фатограф дзеліцца сакрэтамі творчасці, расказвае пра шлях да фотамастацтва.

Ініцыятарам выставачнага праекта выступае Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў. Выстаўка працуе да 23 сакавіка. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю